З 15 чэрвеня па 31 ліпеня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205) праходзіць юбілейная выстаўка “Нястомны руплівец літаратуразнаўства”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння М.А. Лазарука.
Беларускі літаратуразнавец, педагог, акадэмік НАН Беларусі, вучоны шырокага дыяпазону інтарэсаў, Міхаіл Арсеньевіч Лазарук (1926 –2000) зрабіў вялікі ўклад у даследаванне найважнейшых праблем літаратуразнаўства, тэорыі і методыкі выкладання літаратуры. Яму належыць звыш 220 навуковых прац, сярод якіх манаграфіі, літаратурна-крытычныя артыкулы, падручнікі, навуковыя дапаможнікі.
М. Лазарук – аўтар манаграфій па гісторыі развіцця беларускай літаратуры “Станаўленне беларускай паэмы” (1968), “Беларуская паэма ў другой палове ХІХ – пач. ХХ ст.” (1970), у якіх упершыню даследуецца больш чым стагадовы перыяд развіцця беларускага паэтычнага эпасу.
На выстаўцы можна пазнаёміцца са шматлікімі навуковымі працамі М. Лазарука: “Пімен Панчанка” (1959), “Тэорыя літаратуры ў школе” (1967), “Часу непадуладнае” (1981), “Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў” (1983; у суаўтарстве з А. Ленсу) і інш., у тым ліку – з апошняй кнігай “Навучанне і выхаванне творчасцю” (1994), якая па-новаму асвятляе праблемы школьнай літаратурнай адукацыі, павышае цікавасць да новага ў выкладанні літаратуры.Пад кіраўніцтвам М. Лазарука была распрацавана канцэпцыя рэфармавання літаратурнай адукацыі, на аснове якой створаны новыя праграмы і падручнікі па беларускай літаратуры для школы з 12-гадовым навучаннем. У экспазіцыі прадстаўлены вучэбныя выданні, падрыхтаваныя М. Лазаруком, а таксама ў суаўтарстве з Т.У. Логінавай, В.У. Івашыным, П.І. Лявонавай, І.М. Слесаравай.
Асобны раздзел выстаўкі прысвечаны рэдактарскай рабоце, якая займала значнае месца ў дзейнасці М. Лазарука.
Апошняя частка экспазіцыі знаёміць з публікацыямі, змешчанымі ў энцыклапедычных выданнях, зборніках крытыкі і часопісах, што раскрываюць жыццё і творчасць літаратуразнаўца і педагога. Цікавымі для наведвальнікаў будуць і матэрыялы рэспубліканскіх мемарыяльных навуковых чытанняў “Акадэмік М.А. Лазарук і праблемы літаратурнай адукацыі ў Беларусі” (2003).
Кантактны тэлефон: (8 017) 293 27 16.