З 16 сакавіка па 15 красавіка ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстаўка "Надвор’е, клімат і вада ў інфармацыйную эру".
Выстаўка прысвечана Сусветнаму метэаралагічнаму дню і 60-годдзю Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі.
Па ініцыятыве Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі (СМА) Сусветны метэаралагічны дзень святкуецца штогод 23 сакавіка (пачынальна з 1961 г.) як прафесійнае свята метэаролагаў усёй планеты. У гэты дзень адзначаецца ўступленне ў сілу ў 1950 г. Канвенцыі СМА, у адпаведнасці з якой была створана арганізацыя.
Сусветная метэаралагічная арганізацыя з’яўляецца спецыялізаванай установай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і аўтарытэтнай крыніцай інфармацыі сістэмы ААН па пытаннях стану і паводзін атмасферы Зямлі, яе ўзаемадзеяння з акіянамі, утварэння клімату і размеркавання водных рэсурсаў. Членскі склад арганізацыі налічвае 189 краін-членаў і тэрыторый (па стане на 4 снежня 2009 г.). СМА бярэ пачатак ад Міжнароднай метэаралагічнай арганізацыі (ММА), якая была заснавана ў 1873 г.
З часу заснавання СМА адыгрывае велізарную ролю ў садзейнічанні бяспецы і дабрабыту чалавецтва. СМА падтрымлівае міжнароднае супрацоўніцтва па стварэнні сетак для ажыццяўлення метэаралагічных, кліматалагічных, гідралагічных і геафізічных назіранняў, а таксама для абмену адпаведнымі данымі і для іх апрацоўкі і стандартызацыі. Яна таксама ўмацоўвае ўзаемадзеянне паміж нацыянальнымі метэаралагічнымі і гідралагічнымі службамі і спрыяе ўжыванню даследаванняў метэаралогіі ў дзяржаўных метэаралагічных службах, сельскай гаспадарцы, авіяцыі, суднаходстве, навакольным асяроддзі і для змякчэння наступстваў стыхійных бедстваў.
СМА адыгрывае вядучую ролю ў міжнароднай дзейнасці па маніторынгу і ахове навакольнага асяроддзя. У супрацоўніцтве з іншымі ўстановамі сістэмы ААН і нацыянальнымі метэаралагічнымі і гідралагічнымі службамі СМА падтрымлівае ажыццяўленне шэрагу канвенцый па навакольным асяроддзі і іграе важную ролю, даючы кансультацыі і ацэнкі для ўрадаў па адпаведных пытаннях. Надвор’е, клімат і водны цыкл не маюць дзяржаўных межаў, міжнароднае супрацоўніцтва ў глабальным маштабе з’яўляецца надзвычай важным для развіцця метэаралогіі і аператыўнай гідралогіі. Усе краіны зацікаўлены ў атрыманні інфармацыі аб метэаралагічных параметрах, таму што для дакладнага прагнозу надвор’я ў асобнай краіне неабходна інфармацыя з усяго зямнога шара. Агульнай задачай СМА з’яўляецца забеспячэнне доступу кожнай дзяржавы, якім бы ні быў узровень яе эканамічнага развіцця, да наяўных прагнозаў і інфармацыі, а таксама іх адаптацыі для сваіх нацыянальных патрэб.
Інфармацыя аб надвор’і, клімаце і вадзе з’яўляецца жыццёва важнай для сацыяльна-эканамічнай дзейнасці чалавецтва. Метэаралагічныя і гідралагічныя прагнозы выкарыстоўваюцца для павелічэння вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, кіравання воднымі рэсурсамі, для барацьбы з апустыньваннем, забеспячэння бяспекі і эфектыўнасці перавозак, кантролю над забруджваннямі, для аператыўнага планавання вытворчасці і размеркавання электраэнергіі. Ад кампетэнтнай і суладнай працы метэаролагаў у многім залежыць стабільнае функцыянаванне цэлых галін эканомікі і прамысловасці, а таксама прадухіленне небяспекі стыхійных бедстваў і своечасовая абарона насельніцтва ад іх наступстваў, паколькі больш за 80 % усіх стыхійных бедстваў звязаныя з надвор’ем.
У арсенале сучасных метэаролагаў знаходзіцца магутнае абсталяванне і камп’ютэры, здольныя здзяйсняць матэматычныя разлікі з хуткасцю да 3–6 трыльёнаў аперацый у секунду, вырасла колькасць дыстанцыйных метадаў даследавання. На сённяшні дзень СМА каардынуе працэс назіранняў з выкарыстаннем як традыцыйных, так і сучасных сістэм маніторынгу, уключаючы аўтаматычныя метэаралагічныя станцыі і метэаралагічныя радыёлакатары, а таксама як аператыўныя, так і эксперыментальныя метэаралагічныя спадарожнікі на арбіце нашай планеты.
На выстаўцы прадстаўлена больш за 60 дакументаў на рускай і англійскай мовах: кнігі, брашуры, мімеаграфаваныя матэрыялы, перыядычныя выданні.
Экспазіцыя складаецца з наступных тэматычных раздзелаў:
- Метэаралогія – навука пра атмасферу Зямлі;
- Сучасныя сістэмы назіранняў за надвор’ем;
- СМА – 60 год службы ў інтарэсах бяспекі і дабрабыту;
- Міжнародныя намаганні па маніторынгу і ахове навакольнага асяроддзя;
- Змена клімату і кіраванне воднымі рэсурсамі.
Выстаўка прызначана для спецыялістаў у галіне метэаралогіі, гідралогіі, экалогіі, геафізічных навук, студэнтаў і выкладчыкаў, навуковых работнікаў, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца пытаннямі змены клімату і аховы навакольнага асяроддзя.
Карысныя спасылкі
- Сусветны метэаралагічны дзень
- Вэб-сайты нацыянальных метэаралагічных або гідраметэаралагічных службаў краін – членаў СМА
Навукова-тэхнічныя праграмы СМА
- Сусветная кліматычная праграма (СКП)
- Праграма па атмасферных даследаваннях і навакольным асяроддзі (ПАДНА)
- Праграма па ўжыванні метэаралогіі (ПУМ)
- Праграма па гідралогіі і водных рэсурсах (ПГВР)
- Праграма па адукацыі і падрыхтоўцы кадраў (ПАПК)
- Праграма па тэхнічным супрацоўніцтве (ПТС)
- Рэгіянальная праграма (РП)
- Касмічная праграма (КП)
- Праграма па памяншэнні небяспекі бедстваў (ППНБ)
- Праграма Сусветнай службы надвор’я (ССН)