З 12 верасня па 14 кастрычніка ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) праходзіць выстаўка “Мір. Бяспека. Развіццё”, прысвечаная Міжнароднаму дню міру.
Гэты Дзень быў заснаваны Генеральнай Асамблеяй ААН (рэзалюцыя A/RES/36/67) у 1981 годзе і штогод адзначаўся ў трэці аўторак верасня – дзень адкрыцця чарговых сесій Асамблеі. Праз дваццаць гадоў, у 2001 годзе, Генеральная Асамблея аднагалосна прыняла рэзалюцыю A/RES/55/282, у якой пастанавіла, што з 2002 года Міжнародны дзень міру будзе адзначацца штогод 21 верасня.
Заснаваўшы гэты Дзень, Генеральная Асамблея прысвяціла яго папулярызацыі і ўмацаванню ідэалаў міру як унутры дзяржаў і народаў, так і паміж імі. Асамблея заявіла, што Міжнародны дзень міру будзе адзначацца як дзень глабальнага спынення агню і адказу ад прымянення сілы і прапанавала ўсім дзяржавам і народам выконваць спыненне ваенных дзеянняў на працягу гэтага дня.
У 2013 годзе гэты Дзень праводзіцца пад дэвізам “Адукацыя ў духу міру” і галоўнай яго мэтай з’яўляецца раскрыццё і вывучэнне той ролі, якую адукацыя можа адыгрываць у выхаванні ў маладога пакалення культуры міру. Не дастаткова навучыць дзяцей чытаць, пісаць і лічыць. Адукацыя павінна фарміраваць у пакалення, якое падрастае, пазітыўную сацыяльную самасвядомасць і сацыяльны вопыт, адаптаваць будучых грамадзян да дзеючай сістэмы грамадскіх адносін, да лепшых традыцый гуманізму, дэмакратыі і сацыяльнай свабоды. Пры гэтым адукацыя ў духу міру павінна быць накіравана і на забеспячэнне ў маладога пакалення адказнасці за ўсё, што адбываецца вакол, што з’яўляецца ўмовай дынамічнага руху наперад чалавечай цывілізацыі.
Генеральная Асамблея заклікала ўрады краін, няўрадавыя арганізацыі, рэлігійныя ўстановы, грамадскіх лідэраў, сродкі масавай інфармацыі і групы грамадскай супольнасці ажыццявіць сваю ролю ў правядзенні Міжнароднага дня міру – падтрымаць праграмы выхавання ў духу міру, дапамагчы ў аднаўленні разбураных вайной школ і забяспечыць доступ дзяцей і моладзі да якаснай адукацыі, якае ўключае вывучэнне таго, як уладжваюцца і прадухіляюцца канфлікты.
Падзеі мінулага года – войны, тэрарызм, ваенныя страты, глыбокія супярэчнасці, якія раздзяляюць народы і асобных людзей ва ўсім свеце, абумовілі беспрэцэдэнтную актуальнасць Міжнароднага дня міру і сёлета.
Прапанаваная чытачам выстаўка налічвае больш за 100 дакументаў, якія раскрываюць работу міжнародных арганізацый, урадавых і няўрадавых устаноў і груп у сферы падтрымання міру і бяспекі. Вялікую частку экспазіцыі складаюць дакументы міжнародных арганізацый (ААН, ЮНЕСКА, Еўрапейскага саюза, Савета Еўропы і інш.) на рускай і англійскай мовах: кнігі, перыядычныя выданні, мімеаграфаваныя матэрыялы ААН.
Выстаўка ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:
- Міжнародныя дагаворы і міжнародна-прававыя дакументы па падтрыманні міру і бяспекі.
- Раззбраенне, ядзернае раззбраенне.
- Аперацыі па падтрыманні міру.
- Міратворчасць і мірабудаўніцтва.
- Змаганне з тэрарызмам і ядзерным тэрарызмам.
- Правы чалавека і падтрыманне міру.
- Адукацыя ў духу міру, культура міру.
Выстаўка будзе цікавая спецыялістам у сферы сусветнай палітыкі, дыпламатыі, міжнародных адносін, міжнароднага права, канфлікталогіі, а таксама студэнтам, магістрантам, палітычным і грамадскім дзеячам і ўсім, каго хвалюе пытанне міру на Зямлі.
Карысныя спасылкі
- Аб Міжнародным дні міру
- Мір і бяспека
- ААН і пытанні раззбраення
- Аперацыі ААН па падтрыманні міру
- Місіі ААН па мірабудаўніцтве
- Камісія ААН па мірабудаўніцтве
- Пасланцы міру
- Дыялог паміж цывілізацыямі і культура міру
- Альянс цывілізацый
- Міжнародны дзень дзеянняў супраць ядзерных выпрабаванняў (29 жніўня)
- Тыдзень раззбраення (24–30 кастрычніка 2010 г.)
- Дзеці і ўзброеныя канфлікты
- Грамадзянін – пасол ААН
- Арганізацыі сістэмы ААН, якія займаюцца пытаннямі раззбраення
- ЮНЕСКА: глабальная ініцыятыва “Адукацыя ў першую чаргу”
- Ініцыятыва “Культура міру”
Дaкументы
- Рэзалюцыя аб заснаванні Міжнароднага дня міру [A/RES/36/67]
- Рэзалюцыя аб святкаванні Міжнароднага дня міру 21 верасня [A/RES/55/282]
- Дэкларацыя аб праве народаў на мір
- Дэкларацыя аб культуры міру
- Канвенцыі і дэкларацыі па пытаннях раззбраення