З 7 жніўня па 10 верасня ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) ладзіцца выстаўка “Карэнныя народы ў XXI стагоддзі”, прымеркаваная да Міжнароднага дня карэнных народаў свету.
Гэты Дзень быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН 23 снежня 1994 г. (рэзалюцыя 49/214) і штогод адзначаецца 9 жніўня. Гэта дата з’яўляецца першым днём пасяджэння Рабочай групы ААН па карэнным насельніцтве Падкамісіі па падтрымцы і абароне праў чалавека.
Мэта абвешчанага ААН Дня карэнных народаў свету заключаецца ва ўмацаванні міжнароднага супрацоўніцтва для рашэння праблем, якія стаяць перад карэннымі народамі у такіх галінах, як правы чалавека, навакольнае асяроддзе, развіццё, адукацыя і ахова здароўя.
Рашэнне пра абвяшчэнне 9 жніўня Міжнародным днём карэнных народаў свету стала адной з першых сімвалічных акцый пачатага 10 снежня 1994 года Міжнароднага дзесяцігоддзя карэнных народаў свету (1994–2004). Першае Міжнароднае дзесяцігоддзе дапамагло больш выразна пачуць голас карэнных народаў ва ўсім свеце і павысіць увагу да іх праблем.
28 ліпеня 2000 года Эканамічным і сацыяльным саветам (ЭКАСАС) быў створаны Пастаянны форум па праблемах карэнных народаў, які ўпершыню даў ім права сустракацца ў рамках ААН.
Карэнныя народы адрозніваюцца выключнай разнастайнасцю – прыкладна ў 90 краінахналічваецца 5 000 розных груп карэннага насельніцтва. Карэнныя народы, а гэта каля 370 мільёнаў чалавек, складаюць звыш 5 працэнтаў насельніцтва планеты. Усе разам яны з’яўляюцца захавальнікамі каштоўнай культурнай спадчыны, якая можа хутка знікнуць. Карэнныя народы сутыкаюцца са шматлікімі праблемамі, спрабуючы захаваць сваю самабытнасць, свае традыцыі і звычаі, таму ААН заклікае актыўней змагацца за прызнанне і ўмацаванне іх права распараджацца сваёй інтэлектуальнай уласнасцю і дапамагаць ім абараняць і развіваць сваю культурную спадчыну і традыцыйныя веды, а таксама атрымліваць справядлівую ўзнагароду за іх выкарыстанне.
У 2004 годзе ЭКАСАС прыняў рашэнне аб абвяшчэнні другога Міжнароднага дзесяцігоддзя на 2005–2014 гады, тэмай якога з’яўляецца “Партнёрства ў імя дзеянняў і годнасці”.
Мэтай другога Дзесяцігоддзя з’яўляецца далейшае ўмацаванне міжнароднага супрацоўніцтва ў рашэнні праблем, якія стаяць перад карэннымі народамі ў такіх галінах, як культура, адукацыя, ахова здароўя, правы чалавека, навакольнае асяроддзе, сацыяльнае і эканамічнае развіццё, з дапамогай арыентаваных на практычныя дзеянні праграм і канкрэтных праектаў і павелічэння тэхнічнай дапамогі.
Важнай і доўгачаканай перамогай аб’яднаных намаганняў карэнных народаў свету з’яўляецца прыняцце Генеральнай Асамблеяй ААН Дэкларацыі аб правах карэнных народаў свету – найважнейшага для карэнных народаў дакумента ў якасці агульнапрызнанай нормы міжнароднага права. 13 верасня 2007 года быў завершаны больш як 24-гадовы перыяд работы над Дэкларацыяй. Яна надае асаблівае значэнне правам карэнных народаў падтрымліваць і ўмацоўваць свае супольніцтвы, культуры і традыцыі, а таксама доўжыць іх развіццё згодна з іх уласнымі запатрабаваннямі і памкненнямі. Дэкларацыя забараняе дыскрымінацыю ў адносінах да карэнных народаў і падтрымлівае іх поўны і эфектыўны ўдзел ва ўсіх пытаннях, якія іх датычацца, таксама як і іх права жыць адасоблена і эканамічна і сацыяльна развівацца па сваім меркаванні.
Прапанаваная чытачам выстаўка налічвае каля 60 дакументаў, вялікую частку якіх складаюць дакументы міжнародных арганізацый (ААН, ЮНЕСКА, Сусветнага банка і інш.) на рускай і англійскай мовах: кнігі, перыядычныя выданні, мімеаграфаваныя матэрыялы ААН.
Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:
- Міжнародныя стандарты і нацыянальныя заканадаўствы ў галіне абароны і падтрымкі праў чалавека ў карэнных народаў.
- Карэнныя народы – захавальнікі культурнай разнастайнасці, біяразнастайнасці і нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
- Навакольнае асяроддзе, сацыяльнае і эканамічнае развіццё карэнных народаў.
- Асноўныя адукацыйныя праграмы і шляхі рашэння праблем, якія стаяць перад карэннымі народамі ў галіне аховы здароўя.
Выстаўка прызначана для шырокага круга чытачоў, якія цікавяцца пытаннямі этнаграфіі, культуры, дэмаграфіі.
Карысныя спасылкі
- Пастаянны форум па пытаннях карэнных народаў
- Міжнародны дзень карэнных народаў свету
- Першае Міжнароднае дзесяцігоддзе карэнных народаў свету (1995–2004)
- Другое Міжнароднае дзесяцігоддзе карэнных народаў свету (2005–2014)
- Карэнныя народы і правы чалавека
- Дзеці – прадстаўнікі карэнных народаў у Аўстраліі
- Карэнныя народы жывуць у добраахвотнай ізаляцыі
- Правы меншасцей
- Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне праў чалавека і асноўных свабод карэнных народаў*
- Рабочая група па карэнных народах*
- Рабочая група для распрацоўкі праекта дэкларацыі аб правах карэнных народаў*
- Фонд добраахвотных узносаў ААН для карэннага насельніцтва*
- Экспертны механізм па правах карэнных народаў*
Дакументы і публікацыі
- Дэкларацыя ААН аб правах карэнных народаў (гл. таксама Пытанні, якія часта задаюць)
- Рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі
- Рэзалюцыі Эканамічнага і сацыяльнага савета
- Рэзалюцыі Савета па правах чалавека (A/HRC/RES/6/36 | A/HRC/RES/6/16 | A/HRC/RES/6/12)
- Даклады Генеральнага сакратара
- Парадак дня на XXI стагоддзе – Прызнанне і ўмацаванне ролі карэнных народаў і мясцовых абшчын(Раздзел III. Глава 26)
- Дапаможнік ААН для карэнных народаў
- Дапаможнік для ўдзельнікаў Пастаяннага форума ААН па пытаннях карэнных народаў