З 22 красавіка па 16 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (2-гі паверх, кальцавы калідор) арганізавана тэматычная кніжная выстаўка да Дня Вялікай Перамогі “И помнит мир спасенный…”.
Пра бессмяротны подзвіг народа напісана шмат навуковых прац і артыкулаў, успамінаў і мастацкіх твораў, зняты кінафільмы і пастаўлены спектаклі. У апошні час даследчыкам сталі даступны шматлікія архівы. Новыя дакументы пашыраюць уяўленне пра вядомыя факты і падзеі ваенных гадоў.
Вялікай Перамозе Нацыянальная бібліятэка Беларусі прысвячае тэматычную кніжную выстаўку “И помнит мир спасенный…”. У экспазіцыі прадстаўлена каля 200 кніг, выдадзеных за апошнія гады, што расказваюць пра гераізм, мужнасць і стойкасць савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. У экспазіцыю ўваходзяць матэрыялы, у якіх знайшлі адлюстраванне ключавыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пачынаючы з трагічнага 1941-га і заканчваючы пераможным 1945-м.
Класіка ваеннай прозы прадстаўлена на выстаўцы серыяй “Вялікая Айчынная” маскоўскага выдавецтва “Терра – Книжный клуб”. Серыя расказвае пра ўнікальныя чалавечыя лёсы, невядомыя або малавядомыя ваенныя падзеі, інтэрнацыянальны характар подзвігаў, якія здзяйсняліся ў імя Перамогі. Галоўны сэнс твораў – святая памяць пра тых, хто заваяваў права на неўміручасць самай дарагой цаной – цаной жыцця.
Кантактны тэлефон: (8 017) 293 79 80.