Па адукацыі я – філолаг. З грэчаскай мовы – “той, хто любіць слова”. І я сапраўды люблю слова: і гучанне яго ў мове, і адчуванне (як прысмак) на вуснах. І энергію ў звонкіх рыфмах, і пругкія хвалі прозы.
Найболей люблю, калі слова набывае рэчыўнасць. Застывае на паперы кучаравымі рукапіснымі росчыркамі, рассыпаецца друкаванымі літаркамі.
А квінтэсенцыя рэчыўнасці слоўнай – кнігі.
Таму я люблю кнігі.
І таму хачу пра кнігі расказваць. Бо філолагі, з відавочных прычын (праца ёсць праца), чытачы прафесіянальныя. Чытаць яны мусяць шмат і паступова, volens nolens, вучацца (калі гэта добрыя філолагі) чытанне – любіць.
Не любячы ўвогуле – нельга. Ні чытаць, ні гаварыць, ні жыць. Бо чалавек толькі тады чалавек, калі любіць. Сям’ю сваю, сваю справу, сваю Радзіму.
Таму тут мне хацелася б дзяліцца драбочкамі сваёй любові да кніг і аўтараў – і дзяліцца меркаваннем. Расказваць пра цікавосткі кніжнага свету – і расказваць пра людзей, якія гэты свет ствараюць: пісьменнікаў і чытачоў.
Бо адны без другіх не існуюць.
Бо і кніжны свет без тых і другіх існаваць не можа.
Чакайце абнаўленні блога прафесійнага чытача: водгукі на творы сучаснай і класічнай беларускай літаратуры, тэматычныя чытацкія падборкі ды іншыя матэрыялы.
Чытайма разам!
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.