ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
3 сакавіка 1945 года. 67 дзён да Перамогі
Адкрыта рэгістрацыя на кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”

Мастак Кахабер Гагохія: “Я прызнаю геній Рафаэля, але больш люблю работы Язэпа Драздовіча і Алены Кіш”

Мастак Кахабер Гагохія: “Я прызнаю геній Рафаэля, але больш люблю работы Язэпа Драздовіча і Алены Кіш”
Іншыя навіны

Мы пазнаёміліся з грузінскім мастаком і скульптарам Кахаберам Гагохія напярэдадні новага года, 19 снежня, калі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адзначалася 25-годдзе Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. Кахабер стаў адным з удзельнікаў сустрэчы.

Немагчыма было прайсці міма яго скульптур, прадстаўленых у фотаздымках. Плаўныя лініі фігур, нібы застылых у танцы. Выразныя, пластычныя, упісаныя ў дасканалы авал, яны быццам гучаць, па музыкальнасці нагадваючы візантыйскія іконы.

kahaber_1.jpg

Серыя работ прысвечана грузінскаму алфавіту. Лініі грузінскай каліграфіі падобныя на гнуткія і плаўныя рухі жаночага цела, лічыць скульптар. Пластыку літар ён трансфармуе ў пластыку чалавечых цел.

kahaber_2.jpg

Такія скульптуры маглі б стаць упрыгожаннем любога інтэр’еру. На жаль, большасць з іх зараз разбураецца, бо выканана з недаўгавечнага матэрыялу – пластыліну.

kahaber_3.jpg

Нацыянальная бібліятэка – ідэальнае месца для самаадукацыі

У Нацыянальнай бібліятэцы Кахабер Гагохія не ўпершыню, ён тут – часты госць, калісьці яго майстэрня знаходзілася ва Уруччы. Мастак лічыць, што для яго прафесійнага станаўлення вельмі важным аказалася самаадукацыя і бібліятэка ідэальна адпавядала гэтай мэце.

– У вас вельмі многа выданняў для вывучэння сусветнай мастацкай спадчыны, – прызнае ён. – Я мог днямі прападаць у зале дакументаў па мастацтве, разглядаючы альбомы з рэпрадукцыямі карцін, чытаючы даследаванні мастацтвазнаўцаў. Да таго ж у бібліятэцы шмат выставачных пляцовак, дзе рэгулярна мяняюцца экспазіцыі. Да гэтага часу ў памяці цікавыя мастацкія праекты, якія арганізоўваў Фёдар Ястраб.

Спадабаўся мне і ваш віртуальны праект “Дзівосны свет Язэпа Драздовіча”, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння любімага мною мастака. Добра, што ў адным месцы ўдалося сабраць усе вядомыя яго творы – жывапіс, графіку і акварэль, разьбу па дрэве, маляваныя дываны, а таксама яго асабістыя фатаграфіі, літаратуру і фільмы пра яго творчасць.

“Пра большасць папулярных сёння мастакоў забудуць, а Драздовіч застанецца ў вяках”

– Прагучыць парадаксальна, – гаворыць Кахабер Гагохія, – але, прызнаючы геній сусветна вядомых майстроў, я пры гэтым больш люблю работы мастакоў-прымітывістаў. Лічу, што Драздовіч заслугоўвае асобнага музея ў Мінску. Тое, што сёння прадстаўлена ў НММ і Заслаўі, не дае магчымасці зразумець глыбіню яго таленту. А якія цудоўныя і самабытныя маляваныя дываны Алены Кіш! Пірасмані ведае ўвесь свет, шкада, што пра астатніх, роўных яму, вядома нямногім. Лічу, што пра большасць папулярных сёння мастакоў забудуць, а Драздовіч застанецца ў вяках.

У мастацтве, – працягвае Кахабер, – я цаню сінтэз рэалістычнага з духам, элемент рэлігійнага экстазу. Люблю старажытную іканаграфію, фрэскі, творы Джота, Мазача, леанардаўскую Джаконду, мадонн Рафаэля. З сучасных мастакоў – творчасць Гагена, Сезана, Мадыльяні, Мунка, Шагала. Захапляюся малюнкамі дзяцей, іх інтуітыўным пачуццём колеру, кампазіцыі. Сам цяпер стараюся ў працэсе працы адыходзіць ад прафесійных навыкаў, імкнуся да мінімалізму.

kahaber_4.jpg

Пабла Пікасо: “Мастак малюе не тое, што бачыць, а тое, што адчувае”

З 8 лютага па 4 сакавіка 2020 года выстава работ Кахабера Гагохія “Ад вытокаў” прайшла ў Нотна-музычнай бібліятэцы (НМБ).

– Кожны мастак бачыць і адлюстроўвае свет па-свойму, – адзначае арганізатар мастацкіх выстаў НМБ Сяргей Дзюрычка. – Адны імкнуцца да фатаграфічнасці, абсалютнага падабенства з арыгіналам, іншыя... Да гэтых іншых і адносіцца Кахабер Гагохія. Яго работы не дакладная копія рэальнасці, гэта яго фантазіі, сны, асацыяцыі, звязаныя з ёй.

kahaber_5.jpg

Вытокі яго карцін – у народнай культуры, – лічыць Сяргей Канстанцінавіч, – у традыцыйным грузінскім жывапісе з яго цёмнымі тонамі фону, на якім мастак дадае яркія ўсплёскі фарбаў, характэрныя для экспрэсіяністаў. Пра яго работы можна гаварыць у кантэксце творчасці такіх майстроў, як Эдвард Мунк, Марк Шагал, Язэп Драздовіч, Мікалоюс Чурлёніс. Яго творы блізкія таксама да мадэрну. Лірыка-філасофскія па стылі выявы, па змесце яны адсылаюць нас да такіх чалавечых архетыпаў, як жыццё, смерць, любоў, сям’я, радзіма...

kahaber_6.jpg

Ад вытокаў

Выстава невыпадкова называецца “Ад вытокаў”. Гаворачы пра свае карані, Кахабер Гагохія ўспамінае, што яго дзяцінства прайшло ў вельмі прыгожай мясцовасці, сярод маляўнічых гор. Брат дзеда быў вядомым на ўсю акругу апавядальнікам, яго сястра пісала вершы. Бацька будучага мастака, інжынер па прафесіі, стаў лепшым у горадзе тамадой. Многія мужчыны ў сям’і валодалі рамёствамі, узводзілі дамы, адораныя прыродным густам, рабілі найпрыгажэйшыя рэчы. Браты Кахабера добра малююць, хоць прафесійна гэтаму не вучыліся. Мастак лічыць вельмі важным для сябе захоўваць традыцыі самабытнай народнай культуры.

kahaber_7.jpg

Цёплыя словы пра творчасць Кахабера Гагохія сказалі падчас вернісажу загадчыца НМБ Таццяна Маткоўская, архітэктар, аўтар кнігі вершаў “Архитектуру музыкой застывшею зовут...” Станіслаў Федчанка, а таксама суайчыннікі мастака – журналіст і выкладчык, аўтар падручнікаў грузінскай мовы Мзія Акобія і гісторык Малхаз Парулава. Упрыгожыла імпрэзу фартэпіянная і скрыпічная музыка ў выкананні выкладчыка МДМК імя М. Глінкі Алены Балабанавай і яе вучняў. Прагучалі творы Гіі Канчэлі, беларускіх і замежных кампазітараў.

На памяць аб сустрэчы мастак падарыў Нотна-музычнай бібліятэцы сваю карціну “Грузінскія музыкі”.

kahaber_8.jpg

Кахабер Велодзіевіч Гагохія нарадзіўся ў 1971 годзе ў горадзе Ткварчэлі (Абхазія), вучыўся ў Сухумскім мастацкім вучылішчы і Беларускай акадэміі мастацтваў. Жыве ў Мінску з 1994 года. Працуе ў станковым жывапісе, скульптуры і графіцы. Удзельнік рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, персанальныя выставы прайшлі ў 2009, 2016 і 2020 гадах у Мінску. Творы знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой.

Аўтар публікацыі: Алена Якавенка.
Фота аўтара. Копіі работ – з асабістага архіва К. Гагохія.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Апублікавана праграма Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў

20 Кра 2021

22–23 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбудуцца XVІІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні. За дзесяцігоддзі правядзення навуковы форум стаў сапраўдным брэндам, пазнавальным сярод даследчыкаў і спецыялістаў розных краін. Штогод у праграме чытанняў – сустрэчы даследчыкаў, навуковыя дыскусіі і абмеркаванні, выставы і прэзентацыі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Унікальная магчымасць публікацыі ў часопісах адкрытага доступу для аўтараў навуковых прац з Беларусі

20 Кра 2021

19 красавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пры падтрымцы Міжнароднага кансорцыума бібліятэк EIFL і выдавецтва Wiley адбыўся вэбінар, прысвечаны публікацыі навуковых артыкулаў у міжнародных часопісах у рэжыме адкрытага доступу (Open Access).

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Да 125-годдзя з дня нараджэння вядомага беларускага бібліёграфа Адама Антонавіча Сакольчыка

19 Кра 2021

У гісторыі станаўлення і развіцця Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі шмат асоб, чый прафесійны ўнёсак у развіццё бібліятэчнай галіны складана пераацаніць. Сярод іх – Адам Антонавіч Сакольчык – спецыяліст з вялікай літары, таленавіты педагог і вядомы беларускі бібліёграф, чалавек з вельмі няпростым і цікавым лёсам.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

“Цікава пачытаць”: кніга “Фінансавыя казкі для дзяцей”

19 Кра 2021

17 красавіка ў дзіцячым пакоі на занятках з серыі “Цікава пачытаць” наведвальнікі разам з персанажамі кнігі Я. Фраловай “Фінансавыя казкі для дзяцей” займальна навучаліся фінансавай грамаце.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Заняткі ў межах конкурсу “Малады беларускі экслібрыс”

19 Кра 2021

17 красавіка адбыліся першыя заняткі ў межах конкурсу “Малады беларускі экслібрыс” з мэтай падрыхтоўкі юных мастакоў да стварэння кніжных знакаў, прысвечаных 100-годдзю Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і 15-годдзю музея кнігі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам
111