Аэробіка спартыўная (аэробная гімнастыка) – від спорту, у якім гімнасты выконваюць пад музыку комплекс практыкаванняў з элементамі акрабатыкі, спартыўнай і мастацкай гімнастыкі. Медалі разыгрываюцца ў індывідуальным першынстве (мужчыны і жанчыны), змешаных парах, трыа і групах.

Гісторыя ўзнікнення і развіццё ў свеце

Аэробіка атрымала сваю назву ад грэчаскага слова ευάερο, што перакладаецца як “напоўнены паветрам”, “паветраны”. Вытокі класічнай (аздараўленчай) аэробікі ляжаць у далёкім мінулым. Старажытныя грэкі лічылі, што самае прыемнае відовішча, якое радуе багоў, – гэта цудоўнае квітнеючае цела, поўнае сіл і здароўя. Новы віток цікавасці і павышанай увагі да гімнастыкі пачаўся ў Еўропе ў часы Рэнесансу. Выдатныя дзеячы Адраджэння называлі гімнастыку выдатным сродкам для ўмацавання здароўя, духу і гарманічнага развіцця чалавека.

Стваральнікам аўтарскай сістэмы выразнасці рухаў, што выконваюцца пад музычнае суправаджэнне, стаў французскі спявак, педагог і тэарэтык сцэнічнага мастацтва Франсуа Дэльсарт.

Франсуа Дэльсарт. Крыніца: http://www.delsarteproject.com Франсуа Дэльсарт. Крыніца: http://www.delsarteproject.com

На мяжы ХІХ–ХХ стст. узнікаюць і развіваюцца гімнастычныя сістэмы: “нямецкая” Фрыдрыха Яна, “шведская” Пера і Ялмара Лінгаў, “снарадная” гімнастыка Адольфа Шпіса, “сакольская” гімнастыка Міраслава Тырша, “дыхальная” гімнастыка Іагана Мюлера, “гантэльная” гімнастыка Яўгена Сандава і інш. Аднак гэтыя сістэмы фізічнага выхавання не ўлічвалі фізіялагічныя і псіхалагічныя адрозненні жаночага і мужчынскага арганізмаў.

Толькі ў другой палове ХІХ ст. французскі фізіёлаг і педагог Жорж Дэмені стварыў асаблівую сістэму гімнастычных практыкаванняў, розных для юнакоў і дзяўчат. Паслядоўніца яго вучэння ўрач-гінеколаг з ЗША Бэс Менсендык стала аўтарам “жаночай функцыянальнай гімнастыкі”.

Бэс Менсендык. Крыніца: https://www.movementhealth.com.au
Бэс Менсендык. Крыніца: https://www.movementhealth.com.au

Вокладка кнігі Бэс Менсендык (Мюнхен, 1930). Крыніца: https://www.abebooks.co.uk
Вокладка кнігі Бэс Менсендык (Мюнхен, 1930). Крыніца: https://www.abebooks.co.uk

Вялікім прыхільнікам сістэмы Менсендык быў прафесар Жэнеўскай кансерваторыі Эміль Жак-Далькроз. У пачатку ХХ ст. ён напісаў кнігу пра ўплыў рытму на выхаванне і развіццё чалавека, адкрыў Інстытут рытму недалёка ад Дрэздэна.

Значны ўплыў на фарміраванне рытмапластычнага напрамку ў харэаграфіі аказала знакамітая амерыканская танцоўшчыца пачатку ХХ ст. Айседора Дункан.

“Жыццё як маятнік: чым мацней ты пакутуеш, тым больш незвычайным будзе шчасце; чым глыбейшы смутак, тым больш яркай будзе радасць”. Айседора Дункан. Крыніца: кніга “Айседора Дункан: модерн на босу ногу”
“Жыццё як маятнік: чым мацней ты пакутуеш, тым больш незвычайным будзе шчасце; чым глыбейшы смутак, тым больш яркай будзе радасць”. Айседора Дункан. Крыніца: кніга “Айседора Дункан: модерн на босу ногу”

“Што ёсць цела для танцора? Гэта праяўленне ўсёй яго душы”. Айседора Дункан. Крыніца: кніга “Айседора Дункан: модерн на босу ногу” “Што ёсць цела для танцора? Гэта праяўленне ўсёй яго душы”. Айседора Дункан. Крыніца: кніга “Айседора Дункан: модерн на босу ногу”


У пачатку ХХ ст. Расія апынулася ў эпіцэнтры пошуку шляхоў прымянення фізічнай культуры для развіцця і ўдасканалення чалавека. У 1913 г. у Санкт-Пецярбургу на Вышэйшых курсах П.Ф. Лесгафта адкрылася Вышэйшая школа мастацкага руху. Першымі яе педагогамі сталі Роза Варшаўская і Анастасія Нявінская (супрацоўніцы Петраградскага інстытута рытму), Алена Горлава і Аляксандра Сямёнава-Найпак (кіраўнікі пластычных студый).

Моніка Бэкман (2018). Крыніца: https://www.nvp.se Моніка Бэкман (2018). Крыніца: https://www.nvp.se

Другая сусветная вайна прыпыніла развіццё рытмічнай гімнастыкі. Новы віток наступіў толькі ў 1970-х гг. пасля выдання кнігі Монікі Бэкман “Джаз-гімнастыка”.

З развіццём джаз-гімнастыкі ўзніклі і сталі папулярнымі новыя напрамкі гімнастыкі – аэробныя танцы, аэробная гімнастыка і гімнастычная аэробіка. Тэрмін “аэробіка” быў прапанаваны амерыканскім урачом Кенетам Куперам. Доктар Купер выявіў ўзаемасувязь рухальнай актыўнасці, вагі і рацыянальнага харчавання са здаровым ладам жыцця. Вынікі сваіх даследаванняў ён апублікаваў у кнігах “Аэробіка” і “Новая аэробіка”.

Доктар Кенет Купер. Крыніца: http://fb.ru Доктар Кенет Купер. Крыніца: http://fb.ru

Вялікі ўплыў на рост папулярнасці аэробікі і ўвасабленне ў жыццё ідэй Кенета Купера аказала амерыканская кіназорка і тэлевядучая Джэйн Фонда. Тэлепраграмы і відэакасеты з запісам комплексаў практыкаванняў ад Джэйн Фонды, што выконваліся ў энергічнай танцавальнай манеры, давалі ўсім жадаючым магчымасць умацаваць сваё здароўе.

Джэйн Фонда. Крыніца: кніга «Jane Fonda's new workout & weight-loss programme»
Джэйн Фонда. Крыніца: кніга «Jane Fonda's new workout & weight-loss programme»

Джэйн Фонда з вучаніцамі. Крыніца: кніга «Jane Fonda's new workout & weight-loss programme» Джэйн Фонда з вучаніцамі. Крыніца: кніга «Jane Fonda's new workout & weight-loss programme»


Аэробіка стала спортам пасля правядзення ў 1990 г. у ЗША першага неафіцыйнага чэмпіянату свету Міжнароднай федэрацыяй спаборніцкай аэробікі (International Competitive Aerobics Federation, ICAF). У гэтым жа годзе быў створаны Еўрапейскі саюз аэробікі. З часам аэробіка як від гімнастыкі была выдзелена ў асобны від спорту – спартыўную аэробіку. У 1995 г. Міжнародная федэрацыя гімнастыкі (Federation Internationale de Gymnastique, FIG) прызнала спартыўную аэробіку адным з відаў гімнастыкі. У 2005 г. спартыўная аэробіка стала аэробнай гімнастыкай.

Развіццё спартыўнай аэробікі на тэрыторыі Беларусі

Да пачатку 1980-х гг. заняткі рытмічнай гімнастыкай набылі фенаменальную папулярнасць у Беларусі. Групы і гурткі для заняткаў аэробікай ствараліся пры фізкультурна-аздараўленчых камбінатах, дамах культуры, на прадпрыемствах, у навучальных установах. У 1985 г. урокі з элементамі рытмічнай гімнастыкі былі ўключаны ў школьную праграму па фізкультуры, па радыё і тэлебачанні трансліраваліся перадачы з урокамі рытмікі для ўсіх.

У 1990-я гг. у сувязі са з'яўленнем фітнес-клубаў цікавасць жыхароў Беларусі да заняткаў аэробікай значна ўзрасла. Вялікі ўклад у папулярызацыю аздараўленчай аэробікі ўнесла майстар спорту СССР па спартыўнай гімнастыцы Наталля Наважылава. Яе тэлевізійныя ўрокі, якія выходзілі ў эфір з 1995 да 2001 г., дазволілі ўсім жадаючым далучыцца да заняткаў аэробнай гімнастыкай.

Наталля Наважылава падчас урока аэробікі (1990-я) Крыніца: https://www.kp.by Наталля Наважылава падчас урока аэробікі (1990-я) Крыніца: https://www.kp.by

На сённяшні момант у нашай краіне створана цэлая сетка фітнес-клубаў, дзе развіваюцца танцавальная аэробіка (лаціна, хіп-хоп, фанк, сіці-джэм і інш.); стэп-аэробіка (з выкарыстаннем спецыяльных платформаў); слайд-аэробіка (з выкарыстаннем спецыяльных слізгальных дарожак); фітбол-аэробіка (з выкарыстаннем спецыяльных вялікіх мячоў); гідрааэробіка, калі заняткі праводзяцца ў басейне; ёга-аэробіка і многія іншыя.

Падрыхтоўкай спартсменаў для нацыянальнай і маладзёжнай зборных займаюцца спартыўны клуб Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па гімнастычных відах спорту. Юных спартсменаў – пераможцаў і прызёраў рэспубліканскіх і міжнародных турніраў па спартыўнай аэробіцы – рыхтуюць у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Магілёўскай абласной дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе прафсаюзаў “Грацыя”, Гомельскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе першаснай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі, Гомельскім дзяржаўным абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі.

Сёння беларускія спартсмены годна прадстаўляюць нашу краіну на міжнародным узроўні, прымаюць удзел у чэмпіянатах Еўропы і Сусветных гульнях.

Лагатып Беларускай асацыяцыі гімнастыкі. Крыніца: http://www.bga.by Лагатып Беларускай асацыяцыі гімнастыкі. Крыніца: http://www.bga.by

Папулярызацыяй і развіццём спартыўнай аэробікі ў Рэспубліцы Беларусь, падрыхтоўкай спартсменаў, арганізацыяй і правядзеннем рознага роду спаборніцтваў займаецца грамадская арганізацыя “Беларуская асацыяцыя гімнастыкі” (ГА “БАГ”). Беларуская асацыяцыя гімнастыкі аб'ядноўвае спартсменаў, трэнераў, суддзяў і спецыялістаў па гімнастычных відах спорту: спартыўнай гімнастыцы, мастацкай гімнастыцы, акрабатыцы, спартыўнай аэробіцы, скачках на батуце і аздараўленчай гімнастыцы. Афіцыйны сайт: http://www.bga.by

Крыніцы, выкарыстаныя ў праекце

Літаратура:

  1. Здоровьесберегающие технологии. Оздоровительная аэробика : пособие для студентов и слушателей учреждений высшего образования специальностей 1-й ступени высшего образования: 1-26 01 02 «Государственное управление и право», 1-26 01 03 «Государственное управление и экономика», 1-26 03 01 «Управление информационными ресурсами», 1-26 05 01 «Государственное строительство» / Институт управленческих кадров, Кафедра физической культуры ; [Е. А. Бессмертная и др.]. – Минск : Академия управления при Президенте Республики Беларусь, 2016. – С. 5–18.
  2. Теория и методика избранного вида спорта (спортивная аэробика) : краткий курс лекций / Министерство образования Республики Беларусь, Учреждение образования «Витебский государственный университет им. П. М. Машерова» ; [автор-составитель Ж. А. Скнар]. – Витебск : Издательство ВГУ, 2007. – С. 11–16.
  3. Аэробика: методика и содержание оздоровительных занятий : учебно-методическое пособие для преподавателей физической культуры, инструкторов по оздоровительным видам фитнеса и аэробики / Белкоопсоюз, Учреждение образования «Белорусский торгово-экономический университет потребительской кооперации», Кафедра физического воспитания и спорта ; [авторы-составители: Н. А. Сергейчик, А. А. Жуковец]. – Гомель : Белорусский торгово-экономический университет потребительской кооперации, 2015. – С. 10–11.

Інфармацыйныя рэсурсы:


Бібліятэкарам