ГалоўнаяМерапрыемствыУзоры мудрасці: арнаменты народаў свету
Сацыяльна-прававыя меры па пераадоленні п’янства і алкагалізму ў Рэспубліцы Беларусь
Горад мой, якім зачараваны

Узоры мудрасці: арнаменты народаў свету

Узоры мудрасці: арнаменты народаў свету
Іншыя Мерапрыемствы
24 жніўня – 22 верасня
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 306
Месца правядзення

Кніжна-ілюстрацыйная выстава выяўленчых выданняў “Узоры мудрасці: арнаменты народаў свету” праходзіць з 24 жніўня па 22 верасня ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306).

Арнамент – нязменны ўдзельнік нашага паўсядзённага жыцця: штодня мы сутыкаемся з узорамі на дыване і абрусе, шпалерах і шторах, посудзе і абіўцы мэблі, узорамі, якія ўпрыгожваюць наша адзенне. Невыпадкова адной з функцый арнаменту з’яўляецца ўпрыгожванне навакольных прадметаў, бо слова “арнамент” паходзіць ад лацінскага дзеяслова “ornare” – “упрыгожваць”. У той жа час арнамент – гэта адна з самых складаных для разумення мастацкіх з’яў, паўнавартасная галіна мастацкай творчасці, від мастацтва, які ўводзіць нас у глыбіні светаўспрымання старажытных народаў і дазваляе спазнаць мудрасць нашых продкаў, зразумець іх жаданні і трывогі, засцярогі і просьбы, мары і надзеі. Спрадвеку людзі верылі, што схаваныя ва ўзорах сімвалы здольныя зберагчы ад зла, прынесці поспех, прымножыць багацце, захаваць здароўе. Ведаючы сімволіку арнаменту, мы можам расшыфраваць яго сэнс, і, тым самым, адчуць рытмы, атрымаць асалоду ад фарбаў, перажыць тыя пачуцці, якія былі блізкія людзям розных эпох, культур і народаў. Паэт Восіп Мандэльштам пісаў:

Арнамент тым і добры, што захоўвае сляды свайго паходжання, як разыграны кавалак прыроды, жывёльны, раслінны, стэпавы, скіфскі, егіпецкі – які заўгодна, нацыянальны або варварскі, – ён заўсёды гаворыць, бачыць, дзейнічае.

На выставе прадстаўлены кнігі і альбомы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, якія пазнаёмяць з арнаментамі розных краін і народаў, эпох і стыляў. Перад наведвальнікамі паўстае арнаментальная разнастайнасць егіпецкіх, антычных, раманскіх і гатычных узораў, арнаментаў Рэнесансу, барока і ракако, класіцызму і ампіру, ар дэко. Захапляюць узоры, вышытыя на тканінах і драпіроўках, дыванах і шпалерах, узоры, якія ўпрыгожваюць посуд і прадметы інтэр’еру, фрэскі і эмалі, старонкі і вокладкі кніг, скульптуру і архітэктурныя збудаванні. Экспазіцыя дазваляе ўбачыць выявы арнаментаў старажытнай Амерыкі, Персіі, Індыі, Кітая, Японіі. Прыцягваюць увагу ўнікальныя кельцкія арнаменты, якія вабяць погляд спалучэннем плаўных ліній і геаметрычных форм, выявамі багоў і людзей, міфалагічных сфінксаў і грыфонаў, а таксама рэальных жывёл: сабак, авечак, коней, дзікоў. Выклічуць цікавасць і арнаменты старажытных вікінгаў, якія прадстаўляюць багоў скандынаўскай міфалогіі, намаляваных на ювелірных упрыгожаннях, конскай збруі, караблях.

Экспазіцыя знаёміць з альбомамі, прысвечанымі арнаментыцы славян. Наведвальнікі пазнаёмяцца са старажытнарускімі арнаментамі і іх ужываннем у манументальным жывапісе канца ХІІІ – пачатку ХVI стагоддзя, змогуць атрымаць асалоду ад арнаментальных рытмаў украінскай народнай вышыўкі, адкрыюць сакрэты арнаментаў балгарскіх рукапісаў ХV стагоддзя. Не менш пазнавальныя будуць нацыянальныя ўзоры Літвы, Латвіі, Грузіі, Эстоніі, Малдовы, Арменіі і іншых краін.

Асаблівай увагі заслугоўваюць беларускія арнаменты, у якіх сканцэнтравана мудрасць пакаленняў, закладзены глыбокі сэнс. Дзякуючы шматгадовым фундаментальным даследаванням мастацтвазнаўца Міхаіла Кацара наведвальнікі змогуць расшыфраваць значэнне арнаментаў, сярод якіх – сімвалы жыцця, маці, зямлі, хлеба, працы, сям’і, кахання, сонца і г.д. Не пакінуць абыякавымі альбомы, прысвечаныя беларускай народнай вышыўцы і ткацтву, беларускім ручнікам, традыцыйным касцюмам, а таксама сусветна прызнанаму дасягненню беларусаў – знакамітым слуцкім паясам. Больш падрабязна з беларускімі арнаментамі, іх сімволікай, літаратурай пра іх можна пазнаёміцца на віртуальнай выставе “Узоры беларускай душы: арнаменты роднага краю”.

Дапаўняюць экспазіцыю кнігі па гісторыі і тэорыі арнаменту, выданні, прысвечаныя арнаментальным матывам, законам сіметрыі арнаментаў, а таксама іх прымяненню ў сучаснай мастацкай творчасці. З дапамогай прадстаўленай літаратуры наведвальнікі змогуць самі навучыцца “чытаць” сімволіку арнаментаў і разгадаць пасланні, пакінутыя нам продкамі


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 53.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання спецыялізаванымі фондамі.

Мерапрыемствы

Вялікія бітвы Вялікай Айчыннай

03.06.2024

З 3 чэрвеня па 26 жніўня ў зале прававой інфармацыі (пам. 207b) адкрыта тэматычная выстава “Вялікія бітвы Вялікай Айчыннай”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі і пачатку стратэгічнай аперацыі “Баграціён” супраць фашысцкіх захопнікаў.

Беларусь няскораная

03.06.2024

З 6 мая па 5 ліпеня ў зале даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання (пам. 257) праходзіць кніжная выстава “Беларусь няскораная”, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Шчасце бачыць

30.05.2024

Фотавыстаўка “Шчасце бачыць” арганізавана сумесна з Беларускім дзіцячым фондам і прымеркавана да Міжнароднага дня аховы дзяцей.

Здароўе або цыгарэта – вам выбіраць!

30.05.2024

З 30 мая па 30 чэрвеня ў зале дакументаў міжнародных арганізацый (пам. 207g) адкрыта тэматычная кніжная выстава “Здароўе або цыгарэта – вам выбіраць!”, прысвечаная Сусветнаму дню без тытуню.



Бібліятэкарам