ГалоўнаяМерапрыемствыЛясныя рэсурсы планеты
Амаль забытае рамяство: у бібліятэцы пройдзе майстар-клас па набойцы
Нацыянальная бібліятэка Беларусі і РУП “Белфармацыя” прэзентуюць выставу пра шэсць стагоддзяў гісторыі медыцыны і фармацыі

Лясныя рэсурсы планеты

Лясныя рэсурсы планеты
Іншыя мерапрыемствы
16 сакавіка – 19 красавіка
Дата правядзення
10.00–21.00
Час правядзення
пам. 207
Месца правядзення

З 16 сакавіка па 19 красавіка ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная выстава “Лясныя рэсурсы планеты”, прысвечаная Міжнароднаму дню лясоў.

Гэты Дзень быў абвешчаны на 67-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН 21 снежня 2012 года (рэзалюцыя A/RES/67/200) і штогод пачынаючы з 2013-га адзначаецца 21 сакавіка.

Асноўная задача Міжнароднага дня лясоў – павысіць дасведчанасць жыхароў планеты пра значнасць лясных экасістэм, іх сапраўдны стан, асноўныя меры іх аховы, узнаўлення і аднаўлення.

Лясы жыццёва важныя для дабрабыту нашай планеты і чалавецтва. Яны ўяўляюць сабой фільтр для паветра, якім мы дыхаем, і для вады, якую мы п’ём. Яны рэгулююць наш клімат, паглынаючы трэць гадавых выкідаў парніковых газаў на планеце. Лясы з’яўляюцца асяроддзем пражывання для 80 працэнтаў усіх вядомых наземных відаў, многія з якіх знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Сёння пад гэтай пагрозай знаходзіцца звыш 1 мільёна з 8 мільёнаў відаў раслін і жывёл, якія існуюць на планеце. Ад лясоў – у плане харчавання, жылля, энергіі, лекаў і даходаў – напрамую залежыць прыблізна 1,6 мільярда чалавек.

Аднак нягледзячы на ўсё тое, што даюць нам лясы, іх плошча працягвае скарачацца трывожнымі тэмпамі. З 1990 года свет страціў 420 мільёнаў гектараў лясоў – плошчу, якая перавышае плошчу Індыі. Абязлесенне ідзе з тэмпамі амаль 10 мільёнаў гектараў за год – у асноўным праз пашырэнне сельскай гаспадаркі.

Устойлівае кіраванне лясамі можа дапамагчы скараціць абязлесенне і дэградацыю, аднавіць ландшафты, якія дэградзіравалі, а таксама забяспечыць людзей працай і аднаўляльнымі матэрыяламі.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый працуе над садзейнічаннем рацыянальнаму выкарыстанню, захаванню і ўстойліваму развіццю ўсіх відаў лясоў. У кастрычніку 2000 года быў заснаваны міжурадавы орган высокага ўзроўню – Форум ААН па лясах. Яго функцыямі з’яўляюцца садзейнічанне кіраванню, захаванню і ўстойліваму развіццю лясоў, а таксама ўмацаванне адпаведных доўгатэрміновых палітычных абавязацельстваў.

Кожны год для Міжнароднага дня лясоў выбіраецца пэўная тэма. Тэма 2022 года – “Лясы і ўстойлівая вытворчасць і спажыванне”.

У Беларусі лясы з’яўляюцца адным з асноўных аднаўляльных прыродных рэсурсаў і найважнейшых нацыянальных багаццяў. Лясы і лясныя рэсурсы маюць вялікае значэнне для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, забеспячэння яе эканамічнай, энергетычнай, экалагічнай і харчовай бяспекі.

На выставе прадстаўлена каля 80 дакументаў на рускай і англійскай мовах. Вялікую частку экспазіцыі складаюць дакументы міжнародных арганізацый: кнігі, брашуры, мімеаграфаваныя матэрыялы ААН, перыядычныя выданні.

Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Лясныя рэсурсы планеты
  • Лес і ўстойлівае развіццё
  • Лясное права і лясная палітыка
  • Захаванне і рацыянальнае выкарыстанне лясных рэсурсаў
  • Лесазнаўства і лесаводства
  • Лясы і іх ахова ў Рэспубліцы Беларусь

Выстава будзе цікавая спецыялістам у галіне лясной гаспадаркі, прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя, навуковым работнікам, аспірантам, студэнтам, а таксама ўсім, хто цікавіцца праблемай захавання лясоў і біялагічнай разнастайнасці нашай планеты.


Час работы выстаўкі адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Уваход – па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Карысныя спасылкі

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 34.

Матэрыял пададзены аддзелам абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.

Мерапрыемствы

Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны

03.05.2024

9 мая наша краіна адзначае Дзень Перамогі. Асаблівую значнасць гэтая падзея набывае ў год 80-годдзя з часу вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Вызваленне Беларусі на старонках перыядычнага друку

02.05.2024

З 2 мая па 12 ліпеня ў чытальнай зале міжбібліятэчнага і індывідуальнага абанемента (пам. 164) будзе экспанавацца выстава “Вызваленне Беларусі на старонках перыядычнага друку”, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Спявак бясконцай любві

25.04.2024

Юбілейная выстава “Спявак бясконцай любві”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Шарля Азнавура (1924–2018), праходзіць з 25 красавіка па 18 чэрвеня ў зале нотных і аўдыявізуальных дакументаў (пам. 305).

Пранікаючы ў тайны творчасці

25.04.2024

Юбілейная кніжная выстаўка “Пранікаючы ў тайны творчасці”, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння літаратуразнаўца, крытыка, акадэміка НАН Беларусі Васіля Васільевіча Барысенкі (1904–1984), праходзіць з 25 красавіка па 23 чэрвеня ў зале беларускай літаратуры (пам. 205).



Бібліятэкарам