ГалоўнаяПаслугiВіртуальныя сервісыВіртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацыйКніжныя выстаўкіВіртуальныя выстаўкі і праектыНашы акіяны – наша будучыня

Нашы акіяны – наша будучыня

З 8 чэрвеня Віртуальны цэнтр па дзейнасці міжнародных арганізацый прадстаўляе на партале НББ віртуальную кніжную выстаўку “Нашы акіяны – наша будучыня”, прымеркаваную да Сусветнага дня акіянаў.

Гэты Дзень быў абвешчаны Генеральнай асамблеяй ААН 5 снежня 2008 года (рэзалюцыя A/RES/63/111) і штогод адзначаецца 8 чэрвеня пачынаючы з 2009 года.

Мэта гэтага свята – звярнуць увагу на праблемы Сусветнага акіяна, падкрэсліць яго ключавую ролю ў развіцці чалавецтва, інфармаваць грамадскасць пра ўдзеянне чалавека на Сусветны акіян, павысіць узровень дасведчанасці насельніцтва аб патэнцыяле, багацці і прыгажосці падводнага свету.

Акіяны займаюць тры чвэрці паверхні Зямлі, змяшчаюць 97 працэнтаў водных запасаў і займаюць па аб’ёме 99 працэнтаў усёй плошчы планеты. Сусветныя акіяны – іх тэмпература, хімічныя працэсы, плыні і жыццё – вызначаюць дзеянне глабальных сістэм, якія робяць Зямлю прыдатнай для жыцця чалавецтва. Дажджавая і пітная вада, надвор’е, клімат, берагавыя лініі, большая частка нашай ежы і нават кісларод у паветры, якім мы дыхаем, – усё ў выніку забяспечваецца і рэгулюецца Сусветным акіянам. На працягу ўсёй гісторыі акіяны і моры былі жыццёва важнымі гандлёвымі і грузавымі шляхамі. Рацыянальнае выкарыстанне гэтага найважнейшага глабальнага рэсурсу – залог ўстойлівай будучыні.

Ад стану Сусветнага акіяна залежыць здароўе планеты. Чалавецтва не зможа дамагчыся выкаранення галечы, дасягнуць глабальнай харчовай бяспекі і эканамічнага прагрэсу, калі не спыніць працэс дэградацыі і забруджвання мораў і акіянаў. За апошнія чатыры дзесяцігоддзі маштабы пластыкавага забруджвання акіянаў ўзраслі ў дзесяць разоў. Імкліва множацца і пашыраюцца мёртвыя зоны – падводныя пустыні, дзе жыццё немагчыма праз адсутнасць кіслароду. Празмерна эксплуатуецца сёння траціна ўсіх рыбных запасаў. Прыбярэжныя асяродкі пражывання падвяргаюцца празмернаму ўздзеянню, каля дваццаці працэнтаў сусветных каралавых рыфаў страчаны. Толькі праз забруджванне пластмасавымі адходамі штогод гінуць каля мільёна марскіх птушак, сотні тысяч марскіх млекакормячых і незлічоная колькасць рыбы.

Выказваючы сур’ёзную занепакоенасць сітуацыяй, ААН прадпрымае велізарныя намаганні для вырашэння праблем, звязаных з Сусветным акіянам.

У верасні 2015 года быў прыняты новы Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. У яго склад увайшлі 17 галоўных Мэт устойлівага развіцця (МУР). Задачы захавання і рацыянальнага выкарыстання акіянаў, мораў і марскіх рэсурсаў у інтарэсах устойлівага развіцця былі ўключаны ў мэту 14. У чэрвені 2017 года ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку прайшла Канферэнцыя па акіяне на тэму “Нашы акіяны – наша будучыня” ў падтрымку мэты 14 у галіне ўстойлівага развіцця. На ёй была прынята ўзгодненая на міжурадавым узроўні дэкларацыя ў форме “Закліку да дзеянняў” па аказанні садзейнічання дасягненню гэтай мэты, а таксама пералік абавязацельстваў дзяржаў па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні рэсурсаў Сусветнага акіяна. 5 снежня 2017 года Генеральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю (A/RES/72/73), у якой абвясціла 2021–2030 гады Дзесяцігоддзем ААН, прысвечаным навуцы аб акіяне ў інтарэсах устойлівага развіцця.

Прапанаваная віртуальная выстаўка пазнаёміць карыстальнікаў з дакументамі аб Сусветным акіяне, сярод якіх міжнародныя прававыя акты па марскім праве, энцыклапедыі і даведнікі пра акіян і яго насельнікаў, матэрыялы даследаванняў, манаграфіі, у якіх прадастаўлена інфармацыя пра вывучэнне і засваенне марскіх глыбінь, навукова-папулярная літаратура пра марскія падарожжы, падручнікі па гісторыі і геаграфіі мораў і акіянаў.

Гэтыя дакументы раскажуць пра працэсы, якія адбываюцца ў Сусветным акіяне, а таксама пазнаёмяць чытача з міжнароднай сістэмай мер і правіл, накіраваных на забеспячэнне бяспекі марскога суднаходства і ахову марскога асяроддзя і яго насельнікаў. Яны дапамогуць прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці да сусветнай праблемы захавання рэсурсаў Сусветнага акіяна, паглыбіць разуменне пытанняў яго вывучэння і выкарыстання, а таксама павысіць дасведчанасць аб экалагічнай абстаноўцы на нашай планеце.

На віртуальнай выстаўцы прадстаўлена 50 дакументаў з фондаў бібліятэкі на рускай і англійскай мовах: кнігі, брашуры, буклеты. Для кожнага дакумента даецца бібліяграфічнае апісанне, анатацыя і pdf-файл са зместам. Частка дакументаў мае гіперспасылкі на іх поўныя тэксты ў базе даных UNESDOC (лічбавая бібліятэка дакументаў і публікацый ЮНЕСКА).

Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:

  • Вялікі і таямнічы акіян
  • Вывучэнне і засваенне Сусветнага акіяна. Акіяналогія
  • Геаграфія, фізіка, хімія і геалогія Сусветнага акіяна
  • Марское права. Дзейнасць Міжнароднай марской арганізацыі (IMO)
  • Сістэма “акіян – атмасфера”. Сусветны акіян і змены клімату. Устойлівае развіццё акіянаў і мораў

Выстаўка будзе цікавая студэнтам і аспірантам экалагічных, біялагічных і геаграфічных спецыяльнасцей, навуковым работнікам, акіянолагам, маракам, біёлагам, спецыялістам у галіне марскога права, прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама ўсім, хто цікавіцца даследаваннямі марскіх глыбінь і праблемамі акіянаў і мораў.

Для атрымання лічбавых копій фрагментаў дакументаў, прадстаўленых на віртуальнай выстаўцы, прапануем карыстацца паслугамі Службы электроннай дастаўкі дакументаў.

Тэлефон для даведак: (8 017) 293 27 34.

Віртуальная выстаўка падрыхтавана супрацоўнікамі аддзела абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі.

Бібліятэкарам
111