ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2015 годаВыстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2015" Сяргей Ясенін

Сяргей Ясенін

Вялікага паэта Расіі ХХ стагоддзя, тонкага лірыка і знаўца народнай душы ведаюць і любяць у нашай краіне. Паэтыка і меладычнасць твораў песняра рускай прыроды аказала моцны ўплыў на творчасць многіх беларускіх літаратараў.

Першай кнігай паэта, пачаткам яго неўміручай славы стаў зборнік вершаў “Радуница”, выпушчаны ў 1916 годзе. Кніга прывабіла ўвагу чытачоў, крытыкаў і прызнаных літаратурных мэтраў. “Усе ў адзін голас гаварылі, што я талент, – заўважыў Ясенін у «Аўтабіяграфіі» (1923). – Я ведаў гэта лепш за іншых” (“Все в один голос говорили, что я талант. Я знал это лучше других”). Рэпрынтнае выданне “Радуницы” (1990) наведвальнікі змогуць убачыць на выстаўцы.

У аснову Поўнага збору твораў Сяргея Ясеніна ў сямі тамах (2004) пакладзены трохтомны “Збор вершаў”, падрыхтаваны самім аўтарам, у якім ён свядома адмаўляецца ад фармальнай храналогіі на карысць кампазіцыйных рашэнняў. У дадатковых чатырох тамах змяшчаюцца пісьмы, аўтабіяграфіі, дароўныя надпісы, фальклорныя запісы, літаратурныя маніфесты, а таксама храналагічная канва жыцця і творчасці Ясеніна, даведачныя матэрыялы. Усе тэксты даюцца цалкам, без якія-небудзь пропускаў, адноўлены выключаныя цэнзурай асобныя строфы і радкі. Укладальнікі збору паспрабавалі пазбегнуць ацэначных меркаванняў, здагадак і тлумачэнняў, каб забяспечыць навуковую аб’ектыўнасць выдання.

Вельмі разнастайна і рознабакова прадстаўлена ў экспазіцыі творчая біяграфія паэта, яго кароткі, але вельмі яркі жыццёвы шлях. Пра Ясеніна пісалі і працягваюць пісаць шмат. Такая літаратура па-ранейшаму запатрабаваная, але не ўсякай версіі жыцця паэта можна давяраць. Успамінаюцца словы, саркастычна сказаныя Ясеніным: “Пра мяне напішуць, напі-і-шуць! Шмат напі-ішуць!” (“Обо мне напишут, напи-и-шут! Много напи-ишут!”). Сярод шматлікіх работ не выклікае сумнення ў аўтарытэтнасці аўтараў біяграфічнае выданне серыі “ЖЗЛ” Станіслава і Сяргея Куняевых (2007), а таксама шматтомная праца рэдакцыі Інстытута сусветнай літаратуры імя М. Горкага Расійскай акадэміі навук “Летопись жизни и творчества С.А. Есенина” (2003–2005).

У экспазіцыі прадстаўлены раман Віталя Бязрукава “История одного убийства”, у якім паказаны эмацыянальна-душэўны свет паэта. Па гэтай кнізе быў зняты серыял, дзе галоўную ролю сыграў сын аўтара, акцёр Сяргей Бязрукаў.

Сваё стаўленне да вялікага рускага паэта, пачуцці, выкліканыя ім, выказалі ў зборніку “О Есенине” (1990) яго сучаснікі – Горкі, Маякоўскі, Цвятаева, Клюеў, Гіпіус, Гарадзецкі і іншыя пісьменнікі.

Кантактны тэлефон: (8 017) 293 29 80.

Бібліятэкарам