ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2015 годаВыстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2015" Дантэ Аліг\'еры

Дантэ Аліг\'еры

Італьянскі паэт Дантэ Аліг’еры займае асаблівае месца ў шэрагу вялікіх мысліцеляў мінулага. Паэт, філосаф, грамадзянін, адзін з заснавальнікаў італьянскай літаратурнай мовы – Дантэ адкрыў новую старонку культурнай гісторыі Еўропы, той гісторыі, якая пішацца дагэтуль. Яго любоўная і філасофская лірыка, яго вялікая паэма “Боская камедыя” даўно сталі састаўной часткай сусветнай духоўнай культуры, блізкімі і сугучнымі людзям XXI стагоддзя.

Юбілейная экспазіцыя “Найвялікшы паэт Сярэдневякоўя” налічвае каля 70 выданняў, сярод якіх зборнікі санетаў, канцонаў паэта, раман, паэма, трактаты, пісьмы, літаратура пра жыццё і творчасць Дантэ Аліг’еры.

Яго ўнікальны паэтычны твор “Боская камедыя” прадстаўлены на выстаўцы выданнямі розных гадоў, таксама сярод экспануемых кніг – аўтабіяграфічны і адзіны ў паэта раман “Новая жизнь” (2005); зборнік Дантэ Аліг’еры, Франчэска Петраркі, Джавані Бакачыа “Сонеты” (2012), ілюстраваны творамі вялікіх майстроў эпох і Сярэдневякоўя і Адраджэння. У кнізе «Дантэ Аліг’еры. Новае жыццё. Франчэска Петрарка. Кніга песень” (2011) у перакладзе на беларускую мову вядомага беларускага паэта У. Скарынкіна апублікаваны творы двух геніяльных паэтаў. Прадстаўлена выданне “И чувство давнее, как прежде, ново…” (2000) з вершамі, санетамі, канцонамі Дантэ, у асобным раздзеле якога змешчаны вершы рускіх паэтаў, натхнёных вобразам вялікага фларэнтыйца і яго паэзіяй.

Значную цікавасць выклікаюць выданні, якія распавядаюць пра творчасць, светапогляд і жыццё Дантэ.

Зборнік Ігара Бэлзы “Данте и славяне” (1965) – першая спроба распрацоўкі гэтай тэмы. Асвятляюцца праблемы сувязей рускай культуры з найвялікшым паэтам Захаду. Паказваецца велізарная роля яго творчасці ў развіцці культуры славянскіх народаў.

У кнізе У.І. Чароты “Дантэ Аліг’еры і беларуская літаратура XX стагоддзя” (2009) упершыню комплексна даследуецца прысутнасць спадчыны паэта ў беларускай літаратуры. Творчасць услаўленага італьянскага пісьменніка Сярэдневякоўя разглядаецца як запатрабаваная і ўспрынятая беларускай нацыянальнай культурай новага часу.

Чытачу будзе цікавая кніга нямецкага гісторыка Франца Вегеле “Данте Алигьери: его жизнь, сочинения и политическая теория” (2012). Аўтар дае нарыс біяграфіі вялікага італьянца, аналізуе яго асноўныя творы, даследуе палітычную тэорыю паэта, разглядае значэнне знакамітай паэмы “Боская камедыя” ў гісторыі сусветнай літаратуры.

Выстаўка будзе цікавай шырокаму кругу чытачоў.

Экспазіцыя размяшчаецца на 3-м паверсе кальцавога калідора і будзе дэманстравацца з 3 красавіка па 30 чэрвеня 2015 г.

Бібліятэкарам