ГалоўнаяПаслугiСацыякультурныя паслугіВыстаўкіКніжныя выстаўкіВыстаўкі 2011 года Выстаўкі "Пісьменнікі – юбіляры 2011"Восіп Мандэльштам

Восіп Мандэльштам

15 студзеня – 120 гадоў з дня нараджэння Восіпа Мандэльштама (1891–1938), рускага паэта

Восіп Эмільевіч Мандэльштам – паэт ХХ стагоддзя, шануемы ва ўсім свеце. Яго жыццё яркае, кароткае і трагічнае, яно працягвае хваляваць кожнае новае пакаленне. Пра яго да нас дайшлі самыя супярэчлівыя водгукі і меркаванні. Адны з сучаснікаў заўважалі ў ім несупадзенне вонкавага і ўнутранага аблічча, чалавека і паэта. Другія бачылі яго ўдумлівым і ўсебакова адукаваным мысліцелем.

Восіп Мандэльштам нарадзіўся 15 студзеня 1891 г. у Варшаве ў сям’і рамесніка-гарбара, які пазней стаў купцом. У 1894 г. яго сям’я пераязджае ў Паўлаўск, а затым – у Пецярбург. У 1899–1907 гг. Мандэльштам вучыцца ў пецярбургскім камерцыйным Ценішэўскім вучылішчы. Пасля яго заканчэння едзе ў Парыж вучыцца ў Сарбоне. У 1909 г. слухае курс лекцый па вершаскладанні ў “Акадэміі верша” у Пецярбургу ў Вячаслава Іванова. Увосень таго ж года пасяляецца ў Гейдэльбергу і паступае ў Гейдэльбергскі ўніверсітэт на рамана-германскае аддзяленне філасофскага факультэта, дзе вывучае старафранцузскую мову.

Літаратурны дэбют паэта адбыўся ў 1910 годзе ў пецярбургскім часопісе “Аполлон”.

У 1911 г. Мандэльштам паступае на гісторыка-філалагічнае аддзяленне Пецярбургскага ўніверсітэта. У гэты час ён блізка сходзіцца з групай паэтаў-акмеістаў, сярод якіх былі Г. Ахматава і М. Гумілёў.

У 1913 г. выйшаў першы зборнік вершаў Восіпа Мандэльштама – “Камень”. У наступным годзе ім будзе напісана серыя вершаў пра Першую сусветную вайну. Падчас Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый паэт займаецца літаратурна-асветніцкай дзейнасцю.

У 1922 г. выйшаў другі зборнік “TRISTIA”, які аб’яднаў вершы 1916–1920 гг. У 1923 г. – зборнік “Другая кніга”. Яго вершы і артыкулы друкуюцца ў Петраградзе, Маскве, Берліне. У гэты час Мандэльштам піша шэраг артыкулаў па найважнейшых праблемах гісторыі, культуры і гуманізму: “Слова і культура”, “Аб прыродзе слова”, “Пшаніца чалавечая” і інш.

У 1928 г. выдадзены зборнік “Вершы”, у які ўвайшлі вершы 1908–1925 гадоў. Літаратурная дзейнасць паэта характарызуецца глыбінёй філасофскага асэнсавання духоўнага свету чалавека. Паэт выказваў асаблівую цікавасць да гісторыі, імкнуўся выявіць сувязь рускай і антычнай культур. Яго вершы, кароткія, музычныя, выразныя, працятыя гістарычнымі асацыяцыямі, вылучаюцца разнастайнай рытмікай. Ён таксама пісаў вершы для дзяцей, прозу і крытычныя артыкулы.

У сярэдзіне мая 1934 г. паэт быў арыштаваны і асуджаны на тры гады за верш “Мы живем, под собою не чуя страны…”. Прысуд – ссылка ў Чардынь, затым у Варонеж. “Тут, у Варонежы, я жыву як у лесе. Што людзі, што дрэвы – адзін толк. Я літаральна фізічна гіну”, – пісаў паэт.

16 мая 1937 г., у апошні дзень ссылкі, Мандэльштам атрымлівае дазвол выехаць з Варонежа. Вяртаецца ў Маскву і праз некаторы час даведваецца пра забарону пражываць у сталіцы. З гэтага часу кідаецца паміж далёкім і блізкім Падмаскоўем, Ленінградам і Масквой. Узімку з жонкай пераязджае жыць у Калінін. Частыя допыты, пераезды моцна падарвалі фізічнае і псіхічнае здароўе паэта.

У 1938 г. Восіпа Мандэльштама зноў арыштоўваюць і прысуджаюць да пяці гадоў лагераў за контррэвалюцыйную дзейнасць. 27 снежня паэт памірае ў перасылачным лагеры “Другая рэчка” пад Уладзівастокам. Месца знаходжання магілы Мандэльштама дагэтуль невядома.

Восіпу Мандэльштаму ўстаноўлены помнікі ва Уладзівастоку, Варонежы і Маскве.

Бібліятэкарам