ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Праверце сваю эрудыцыю!
Дзень беларускага пісьменства разам з Нацыянальнай бібліятэкай

Віншуем з 80-годдзем Галіну Антонаўну Злотнікаву!

Віншуем з 80-годдзем Галіну Антонаўну Злотнікаву!
Іншыя навіны

Галіна Антонаўна нарадзілася ў сяле Шуваева Емяльянаўскага раёна Краснаярскага краю ў самы разгар страшных ваенных падзей Вялікай Айчыннай вайны. Дзяўчынцы рана давялося пасталець: бацька пайшоў на фронт адразу пасля яе нараджэння, і, паколькі маме трэба было працаваць, яна з аднагадовага ўзросту заставалася ў доме адна. Гэтая “вымушаная самастойнасць”, як кажа Галіна Антонаўна, ледзь не каштавала ёй жыцця.

Скончыўшы ў 1960 годзе школу, дзяўчына паступіла ў Канскі бібліятэчны тэхнікум (цяпер – Канскі бібліятэчны каледж). З вялікай павагай і дрыжаннем у голасе ўспамінае Г.А. Злотнікава аднаго са сваіх выкладчыкаў – Юрыя Рафаілавіча Кісялёва, які адкрыў для яе чароўны свет бібліяграфіі, навучыў методыцы і логіцы бібліяграфічнага пошуку.

Пасля заканчэння навучання ў ССНУ, Галіна атрымала дыплом бібліятэкара сярэдняй кваліфікацыі і паехала ўслед за мужам у Беларусь, у горад Гомель. Тут яна паступіла на завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і паралельна з вучобай працавала ў Гомельскім абласным бібліятэчным калектары.

У 1968 годзе, яшчэ будучы студэнткай, Г.А. Злотнікава пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Мінск. Спачатку працавала ў бібліятэцы Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі), потым – бібліёграфам у Мінскім абласным бібліятэчным калектары, а таксама загадчыцай бібліятэкі Белдзяржпраекта.

Прафесійная кар’ера Галіны Антонаўны ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі) пачалася ў жніўні 1973 года з пасады старшага рэдактара навукова-метадычнага аддзела.

У студзені 1974 года быў створаны навукова-даследчы аддзел і Г.А. Злотнікава перайшла ў гэта структурнае падраздзяленне. Яна вывучала розныя аспекты дзейнасці бібліятэчных устаноў краіны, напрыклад, пытанні цэнтралізацыі сеткі публічных бібліятэк, праблемы і асаблівасці фарміравання ядра кніжных фондаў сельскіх філіялаў раённых цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм і іншае, аказвала метадычную дапамогу калегам галіны, ахвотна дзялілася сваім вопытам і ведамі на семінарах рознага ўзроўню.

Zlotnikava-2.jpgУ снежні 1975 года Галіна Антонаўна па асабістых абставінах звольнілася з бібліятэкі і ў свой родны аддзел вярнулася праз 6 гадоў на пасаду загадчыцы сектара. Займалася папулярызацыяй тэхнічнай і сельскагаспадарчай літаратуры, арганізацыяй прафесійных тэматычных мерапрыемстваў, у тым ліку ў рэгіёнах краіны.

Будучы чалавекам неабыякавым і захопленым любімай справай, шмат часу і ўвагі надавала Г.А. Злотнікава метадычнай рабоце. Паводле яе ўспамінаў, колькасць службовых камандзіровак у год магла дасягаць ад 8 да 13, таму была дасведчаная пра асаблівасці і праблемы бібліятэчных сістэм усіх раёнаў краіны. Характэрна, што за ўвесь час сваёй працы ў бібліятэцы Галіна Антонаўна не была з прафесійным візітам толькі ў двух раёнах рэспублікі.

У складзе турыстычнай групы Міністэрства культуры БССР Г.А. Злотнікава ездзіла і ў замежныя камандзіроўкі, дзе дзялілася сваімі прафесійнымі напрацоўкамі і пераймала перадавы вопыт бібліятэк іншых краін.

Галіна Антонаўна – складальніца шматлікіх метадычных і методыка-бібліяграфічных матэрыялаў: “Методическая, библиографическая и краеведческая работа областных библиотек БССР в 1973 году: (анализ состояния и методические рекомендации)” (1974), “Централизация сети государственных массовых библиотек Белоруссии” (1975), “Библиографическая работа сельской библиотеки” (1988), “Съезд стратегических решений” (1986), “Архітэктурная спадчына Баларусі” (1991), “Маладыя галасы беларускай літаратуры” (1995) і інш.

Zlotnikava-3.jpg

З верасня 1986 года Г.А. Злотнікава перайшла ў даведачна-інфармацыйны аддзел на пасаду загадчыцы сектара, але ўжо ў 1990 годзе вярнулася да метадычнай працы ў ранейшае структурнае падраздзяленне (з 1991 года – аддзел бібліятэказнаўства), дзе прапрацавала да самага выхаду на пенсію ў 1998 годзе.

Нельга не згадаць яшчэ адзін напрамак дзейнасці Галіны Антонаўны – арганізацыя і правядзенне экскурсій. З 1977 года яна стала пазаштатным экскурсаводам Мінскага бюро падарожжаў і экскурсій, пазней супрацоўнічала і з іншымі турыстычнымі фірмамі.

Zlotnikava-4.jpg
Галіна Антонаўна ў цэнтры

Да распрацоўкі маршруту, падрыхтоўцы зместу экскурсій Г.А. Злотнікава заўсёды падыходзіла творча і з душой, старалася дадаць тыя лакацыі, куды туры яшчэ не арганізоўваліся, часцяком самастойна вывучала славутасці “на месцы”. Яе крэатыўны падыход да гэтай працы высока шанаваўся на працягу многіх гадоў не толькі сярод калег.

Zlotnikava-5.jpg
Сустрэча ветэранаў на 95-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, 2017 г. Галіна Антонаўна крайняя справа

Галіне Антонаўне ад усяго калектыву Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – самыя шчырыя віншаванні з гэтай цудоўнай юбілейнай датай! Моцнага здароўя, светлага шчасця, невычэрпнай энергіі і сіл, любві і ўвагі родных і блізкіх людзей. Няхай кожны дзень будзе напоўнены мірам і радасцю, гармоніяй і спакоем!

Матэрыял падрыхтаваны Ірынай Кукета, галоўным бібліятэкарам навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства.

Пра ветэранаў і супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.

Навіны

Піянерскі злёт “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”

16 Май 2024

16 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі напярэдадні Дня піянерскай дружбы адбылося святочнае адкрыццё Рэспубліканскага піянерскага злёту “БРПА – тэрыторыя магчымасцей”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Вадзім Гігін узяў удзел у “Central Asia – 2024”

16 Май 2024

16 мая ў горадзе Джызак (Рэспубліка Узбекістан) пачала сваю працу XVII Міжнародная канферэнцыя “Central Asia – 2024: інтэрнэт і інфармацыйна-бібліятэчныя рэсурсы ў навуцы, адукацыі, культуры і бізнесе”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Самаркандзе адбылася міжнародная канферэнцыя бібліятэкараў СНД

15 Май 2024

15 мая генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін узяў удзел у міжнароднай канферэнцыі бібліятэкараў СНД “Бібліятэчная Садружнасць: партнёрства і інавацыі”, якая прайшла ў рамках міждзяржаўнай праграмы “Самарканд – культурная сталіца СНД – 2024”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам