ГалоўнаяНавіныПартрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах
Рэдкія прыжыццёвыя выданні Цёткі ўпершыню дэманструюцца ў Шчучыне – на роднай зямлі знакамітай паэтэсы
Людзі не тавар!

Да 75-годдзя з дня нараджэння Клаўдзіі Уладзіміраўны Прэнц

Да 75-годдзя з дня нараджэння Клаўдзіі Уладзіміраўны Прэнц
Іншыя навіны

Клаўдзія Уладзіміраўна нарадзілася 14 ліпеня 1946 года ў вёсцы Грабёнка Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. Скончыўшы ў 1961 годзе восем класаў, яна паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С. Пушкіна.

Атрымаўшы сярэднюю спецыяльную адукацыю, дзяўчына не спынілася на дасягнутым і падоўжыла навучанне ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя М. Горкага (сёння – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка) па спецыяльнасці “бібліятэказнаўства і бібліяграфія”. У чэрвені 1968-га яна скончыла вучобу і другую палову года адпрацавала ў Гомельскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна.

У пачатку 1969 года К.У. Прэнц была прынята на часовую пасаду бібліятэкара ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У.І. Леніна (сёння – Нацыянальная бібліятэка Беларусі), якой, у выніку, аддала амаль паўстагоддзя свайго прафесійнага жыцця.

2_Prenz.jpg

Першыя два з паловай гады Клаўдзія Уладзіміраўна працавала ў патэнтным аддзеле, а потым была пераведзена на пасаду бібліёграфа аддзела мастацтва. У 1975 годзе пры гэтым аддзеле была арганізавана інфармацыйная група па праблемах культуры і мастацтва ў складзе трох чалавек. К.У. Прэнц была прызначаная старшым рэдактарам гэтай групы.

Загадам Міністэрства культуры БССР ад 27 жніўня 1976 года група была пераўтворана ў аддзел навуковай інфармацыі па праблемах культуры і мастацтва, функцыі якога ўключалі забеспячэнне апарату Міністэрства культуры БССР, вучоных і спецыялістаў рэспубліканскіх устаноў і вышэйшых навучальных устаноў культуры і мастацтва галіновай інфармацыяй. Клаўдзія Уладзіміраўна працавала галоўным бібліятэкарам аддзела, а з кастрычніка 1979 года ўзначаліла ў ім сектар навуковай апрацоўкі нацыянальных матэрыялаў.

К.У. Прэнц была вельмі працавітым, руплівым і кампетэнтным супрацоўнікам.

3_Prenz.jpg

З’яўляючыся спецыялістам высокай кваліфікацыі ў галіне бібліяграфічнай работы, яна займалася інфармацыйнай дзейнасцю па абслугоўванні спецыялістаў сферы музеязнаўства, аховы помнікаў гісторыі і культуры, выяўленчага мастацтва: рыхтавала аналітычныя матэрыялы для навукова-інфармацыйных зборнікаў “Аператыўная інфармацыя па праблемах культуры і мастацтва”, “Актуальныя праблемы культуры і мастацтва” (звыш 120 публікацый), выконвала аналітычныя і бібліяграфічныя даведкі для спецыялістаў сферы культуры, супрацоўнікаў апарату Міністэрства культуры і інш.

Паспяхова працавала Клаўдзія Уладзіміраўна над складаннем рэкамендацыйнага паказальніка “Літаратура і мастацтва БССР”, бібліяграфічнага агляду “Беларускае кіно сёння” (у якасці дадатку да выдання “Новыя кнігі БССР”), займалася арганізацыяй і рэарганізацыяй сістэматычнага каталога нот.

Добрае веданне замежных моў дазваляла ёй на падставе часопісных публікацый замежных і савецкіх выданняў складаць картатэку “Сучасная мастацка-матэрыяльная культура”.

4_Prenz.jpg

Аператыўна і якасна К.У. Прэнц рыхтавала да друку штомесячны бібліяграфічны паказальнік “Новая літаратура па культуры і мастацтву БССР”, бібліяграфічную інфармацыю пра беларускія крыніцы для выданняў Усесаюзнага інфармацыйнага цэнтра.

Пераезд у новы будынак адкрыў для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі новыя кірункі работы. Новы імпульс атрымала дзейнасць па стварэнні выдавецкіх і віртуальных праектаў, накіраваных на папулярызацыю нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны. Клаўдзія Уладзіміраўна прымала актыўны ўдзел і ў гэтай працы. Пабачылі свет такія праекты, як “Паэт красы і гармоніі: да 120-годдзя з дня нараджэння М. Багдановіча”, “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай…: да 170-годдзя з дня нараджэння Ф. Багушэвіча”, “Жыве паміж намі дудар наш…: да 200-годдзя з дня нараджэння В. Дуніна-Марцінкевіча”, “Верай і праўдай прайшоў праз эпоху: да 120-годдзя з дня нараджэння К. Крапівы” і інш.

5_Prenz.jpg

Працоўная біяграфія К.У. Прэнц цесна звязана з грамадскім жыццём бібліятэкі і краіны ў цэлым: яна была прафоргам свайго аддзела, членам групы народнага кантролю, старшынёй таварыства па ахове помнікаў гісторыі і культуры.

За гады працы Клаўдзія Уладзіміраўна атрымала шэраг падзяк і ўзнагарод, сярод якіх Ганаровы нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2001). У 2015 годзе была ўганаравана званнем “Лепшы па прафесіі” ў намінацыі “За ўклад у развіццё бібліятэчнай справы”.

6_Prenz.jpg

К.У. Прэнц пайшла на заслужаны адпачынак 11 лістапада 2016 года. На жаль, неўзабаве пасля гэтага, у 2017 годзе, яе не стала.

Клаўдзія Уладзіміраўна назаўсёды застанецца ў памяці калег як высокапрафесійны спецыяліст, а таксама надзейны сябар і прыгожая жанчына.

У публікацыі выкарыстаны фотаздымкі з уласнага архіва Святланы Базылевай-Ланько.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліятэказнаўства.

Аб ветэранах і супрацоўніках Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі чытайце ў рубрыцы навін “Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах”.

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў СШ № 62 г. Мінска ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам