ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Гатовыя да любых пагодных умоў – аб унікальнай інжынернай сістэме ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1”
Дыялогавая пляцоўка, прысвечаная Дню беларускай навукі

Выдатны майстар гарадской скульптуры

 Выдатны майстар гарадской скульптуры
Іншыя навіны

26 студзеня спаўняецца 70 гадоў вядомаму скульптару Уладзіміру Іванавічу Жбанаву (1954–2012), які пакінуў яркі след у беларускім мастацтве. Яго бронзавыя скульптуры ўпрыгожваюць вуліцы і плошчы Мінска і іншых гарадоў, ствараюць атмасферу дабраты і высокай эстэтыкі.

Уладзімір Жбанаў нарадзіўся ў вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і ваеннага. Ужо ў раннім дзяцінстве ў яго праявілася цікавасць да скульптуры. Хлопчык шмат ляпіў з пластыліну, уражваючы дарослых сваімі вырабамі.

“Апантанасць ствараць маленькіх чалавечкаў ніколі не пакідала мяне адзінокім. У гэтым свеце казак я адчуваў сябе самым шчаслівым з дзяцей”, – адзначаў пазней скульптар у размовах аб сваёй творчасці.

Яркі талент прывёў юнака ў Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава, якое ён скончыў у 1973 г. Пазней паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на аддзяленне скульптуры. Яго выкладчыкамі былі знакамітыя мастакі нашай краіны – З. Азгур, А. Анікейчык, Г. Мурамцаў. У час вучобы У. Жбанаў захапіўся жанравай скульптурай.

Пасля заканчэння інстытута яго прызвалі ў армію. Служыць давялося ў паветрана-дэсантнай дывізіі, у складзе якой малады творца апынуўся ў Афганістане. Гэты адрэзак часу паўплываў на яго творчасць. Скульптар стаў аўтарам помніка Герою Савецкага Саюза А. Міраненку (Віцебск), воінам-інтэрнацыяналістам (Светлагорск, Глыбокае), загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны жыхарам вёскі Урыцкае Гомельскай вобласці. Сярод асноўных твораў гэтага перыяду – манументальныя і станковыя скульптуры, дробная пластыка – “Вяснянка”, “Партрэт брата”, “Ясенін” і інш.

Сапраўдны поспех У. Жбанаву прынёс удзел у Міжнароднай выстаўцы “Тыдзень высокіх тэхналогій” (Санкт-Пецярбург, 2001) – у конкурсе “Свет металу ў мастацтве” яго кампазіцыя “Дама на лаўцы” атрымала прэмію ў намінацыі “Авангарднае рашэнне”. Яна прызнана таксама самай эмацыянальна-эфектнай скульптурай. Гэта работа майстра, устаноўленая ў Міхайлаўскім скверы Мінска каля вакзала ў 1998 г., стала першай у сталіцы скульптурай так званага “паркавага жанру”. Праз год там жа, побач з тралейбусным прыпынкам, уладкаваўся бронзавы малады чалавек з хітрай усмешкай, які просіць прыкурыць. У 2000 г. кампазіцыю Міхайлаўскага сквера папоўніла яшчэ адна работа У. Жбанава – “Дзяўчынка з парасонам”.

Zbanau2.jpg
zbanau3-4.jpg

Скульптурамі У. Жбанава ўпрыгожана таксама плошча перад Камароўскім рынкам – “Фатограф”, “Дама з сабачкам”, “Конь” (усе – 2001 г.).

Zbanau5-6.jpg
Zbanau7.jpg

У 2007 г. на плошчы Свабоды з’явілася кампазіцыя “Экіпаж”, прысвечаная мінскаму губернатару З.Я. Карнееву, які шмат зрабіў для развіцця Мінска. Работы майстра ўпрыгожваюць не толькі Мінск, але і іншыя гарады Беларусі і замежжа: Бабруйск, Ліду, Магілёў, Віцебск, Гомель, Маладзечна, нямецкі горад Дзюсельдорф і інш.

Zbanau8.jpg
Астролаг (Магілёў)

Zbanau9.jpg
Папараць-кветка (Маладзечна)

Ёсць нешта жывое ў дзіўных, застылых у бронзе, жбанаўскіх скульптурах. Яны даюць магчымасць сутыкнуцца з прыгажосцю, апынуцца ў атмасферы радасці і свята.

Уладзімір Іванавіч марыў аб новых праектах, з хваляваннем распавядаў пра сваіх будучых герояў, але, на жаль, заўчасна пайшоў з жыцця ў студзені 2012 года. Выдатнага творцы, нястомнага працаўніка не стала, аднак засталіся яго цудоўныя скульптуры, якія радуюць, хвалююць, здзіўляюць, уздзейнічаюць на нас.

Інфармацыю пра Уладзіміра Жбанава, бібліяграфічныя звесткі аб дакументах, прысвечаных яго жыццю і дзейнасці, можна знайсці ў электронным каталогу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”. Таленавітаму майстру прысвечаны адзін з выпускаў аўтарскай праграмы А. Дамарацкага “Святло далёкай зоркі. Скульптар Уладзімір Жбанаў”.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Аб ролі СМІ ў папулярызацыі культурных каштоўнасцей – адкрыты дыялог з міністрам культуры

6 Май 2024

6 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася традыцыйная сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатоля Маркевіча з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, прысвечаная Дню друку і Дню работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Бібліятэкарам