ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Вэбінар “Аператыўны рамонт папяровых лістоў сучасных дакументаў: змацаванне разрываў па тэксце”
У Нацыянальнай бібліятэцы прайшоў суботнік

Летапісец горада Гродна

Летапісец горада Гродна
Іншыя навіны

26 красавіка спаўняецца 160 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Філарэтавіча Арлоўскага (1863–1913), вучонага-гісторыка, педагога, даследчыка, краязнаўца.

У гісторыі Гродзеншчыны ёсць шмат славутых дзеячаў, якія займаліся даследаваннем і вывучэннем гісторыі і этнаграфіі краю. Адным з іх быў Яўстафій Арлоўскі.

Нарадзіўся будучы педагог, даследчык і краязнавец у 1863 г. у шматдзетнай сям’і праваслаўнага святара ў вёсцы Славенск Ашмянскага павета Віленскай губерні (цяпер вёска ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці). Першымі навуковымі ўстановамі, у якіх яму давялося вучыцца, былі Віленскае духоўнае вучылішча і Літоўская духоўная семінарыя. У 18 гадоў накіраваўся ў Санкт-Пецярбург, дзе паступіў у Імператарскі гісторыка-філалагічны інстытут на гістарычнае аддзяленне. У гэтай установе выкладаў лацінскую мову яго старэйшы брат – Сцяпан Філарэтавіч.

Пасля заканчэння вучобы ў 1885 г. Я. Арлоўскі працаваў ў гімназіях Гродна, выкладаў рускую і ўсеагульную гісторыю, геаграфію, грэчаскую і лацінскую мовы. Больш за дваццаць гадоў жыцця прысвяціў Гродзенскай мужчынскай гімназіі. У 1898 г. яму было прысвоена званне заслужанага настаўніка. Яўстафій Арлоўскі быў не толькі выкладчыкам установы, але і супрацоўнікам бібліятэкі, узначальваў аддзел “Вучэбныя дапаможнікі па геаграфіі і гісторыі”, складаў каталогі, бібліяграфічныя спісы, сачыў за папаўненнем фондаў. Асабліва клапаціўся аб набыцці старадрукаваных кніг, найбольш каштоўныя экзэмпляры прызначаліся менавіта для гімназічнай бібліятэкі (многія з іх знаходзяцца ў фондзе Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея). Пры бібліятэцы мужчынскай гімназіі Яўстафій Філарэтавіч заснаваў у канцы 1896 г. краязнаўчы аддзел, які быў адзіны на ўсю Гродзенскую губерню.

1-Arlouski.jpg

Вынікам грунтоўнага вывучэння мінулага краю стаў выхад публікацый Я. Арлоўскага “Очерк истории города Гродно, составленный на основании печатных источников Е. Орловским, учителем Гродненской гимназии” (1889), “Симеоновская церковь в городе Гродно” (1891), “О начале города Гродно” (1893), “Жировицы. Краткое историческое описание” (1894), “Основание г. Гродно и его история до 1241 г. ” (1897). Ён таксама аўтар прац “К истории народного образования в Гродненской губернии” (1899), “Исторический очерк Гродненской гимназии, составленный преподавателем Е. Орловским” (1901), вучэбных дапаможнікаў, якія неаднаразова перавыдаваліся, – “Учебное описание Гродненской губернии” (1902) і “Учебное описание Виленской губернии” (1904). Самай грунтоўнай з яго работ лічыцца манаграфія “Гродненская старина” (1910), у якой Я. Арлоўскі прасачыў развіццё горада ад дагістарычных часоў да пачатку ХХ ст.

2-Arlouski.jpg

Гіпотэзы Я. Арлоўскага адносна гісторыі горада Гродна знайшлі прадаўжэнне ў працах Ю. Ядкоўскага (быў вучнем даследчыка) і М. Вароніна, якія займаліся археалагічнымі раскопкамі на тэрыторыі краю, у выніку чаго ўдалося ўзнавіць культурнае жыццё горада ў старажытнарускі і літоўскі перыяды.

Яўстафій Арлоўскі праяўляў вялікую актыўнасць у грамадскай дзейнасці: з’яўляўся членам Паўночна-Заходняга аддзела Імператарскага рускага геаграфічнага таварыства, Гродзенскага царкоўна-археалагічнага камітэта, сябрам суполкі драматычных пісьменнікаў, ганаровым сябрам Свята-Сафійскага праваслаўнага брацтва і інш. Быў членам праўлення Гродзенскай публічнай бібліятэкі ў 1891–1913 гг. У газеце “Гродзенскія губернскія ведамасці» вёў рубрыку крытыкі і бібліяграфіі па гісторыі Заходняй Русі.

Быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава ІІІ ступені, ордэнам Святога Уладзіміра IV ступені, срэбраным медалём у памяць царавання Аляксандра ІІІ, бронзавым медалём у гонар 100-годззя Айчыннай вайны (за працу “Гродненская губерния в 1812 году: исторический очерк”, 1912) і інш.

Вядомы даследчык і краязнавец Я. Арлоўскі напісаў больш за 20 навуковых прац, прысвечаных гісторыі роднага краю. Яшчэ пры жыцці аўтара яны атрымалі высокае прызнанне.

Памёр Яўстафій Арлоўскі 15 снежня 1913 г. У дзень яго пахавання папячыцель вучэбнай акругі даў распараджэнне аб вызваленні вучэбных устаноў ад заняткаў. Замест драўлянага крыжа на магіле навукоўца планавалася ўсталяваць помнік, але гэта не было здзейснена. Рашэннем Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў у 2008 г. адной з вуліц было прысвоена яго імя.

3-Arlouski.jpg

Інфармацыю аб Я.Ф. Арлоўскім можна знайсці ў анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”, бібліяграфічныя звесткі на публікацыі ўтрымлівае электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Звесткі аб жыцці і дзейнасці выдатнага краязнаўца змешчаны таксама на сайце Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага ў базе даных “Легенды Гродзеншчыны: галерэя знакамітых асоб”.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам