ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
“Свята земляробскай Беларусі”
Далёкі блізкі космас Янкі Маўра

180 гадоў назад адкрылася Горы-Горацкая земляробчая школа

180 гадоў назад адкрылася Горы-Горацкая земляробчая школа
Іншыя навіны

15 жніўня 1840 г. у маёнтку Горы-Горкі Магілёўскай губерні была ўрачыста адкрыта земляробчая школа, пазней ператвораная ў земляробчы інстытут – папярэднік сучаснай Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

BDCHA-1.jpg

Гэта адукацыйная ўстанова была першай у сваім родзе на тэрыторыі Беларусі, а на працягу некаторага часу і адзінай вышэйшай навучальнай установай на беларускіх землях. Праіснаваў Горы-Горацкі земляробчы інстытут да 1863 г. Пасля яго закрыцця ў Горках засталося некалькі сярэдніх сельскагаспадарчых навучальных устаноў: земляробчае вучылішча, землямерна-таксатарскія класы, рамеснае і сельскагаспадарчае вучылішчы і інш. Інстытут быў адноўлены ў 1919 г., пазней неаднаразова праходзілі рэарганізацыі вучэбнай установы, змяняліся яе структура і назва. Сёння Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (БДСГА) з’яўляецца адной з вядучых вышэйшых навучальных устаноў у нацыянальнай сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэта горад у горадзе, у якім 16 навучальных карпусоў, 13 студэнцкіх інтэрнатаў, жылыя будынкі, Палац культуры, спартыўны комплекс, батанічны сад, бібліятэка з кніжным фондам больш за 1 млн экзэмпляраў.

Гісторыя БДСГА вельмі цікавая і багатая на асобы і падзеі. Навучальная ўстанова падрыхтавала не адно пакаленне высокакваліфікаваных спецыялістаў, заўсёды з’яўлялася цэнтрам аграрнай навукі і адукацыі. У яе карпусах перадавалі свае веды і праводзілі навуковыя даследаванні вядомыя вучоныя: А.В. Саветаў, І.А. Сцебут, А.М. Бажанаў, М.В. Рытаў, А.П. Людагоўскі, К.Д. Шміт, С.С. Касовіч, Э.Ф. Рэго, Я.М. Афанасьеў, А.Д. Дубах, А.І. Кайгародаў, А.К. Кедраў-Зіхман, С.П. Мельнік, В.М. Лубяка, Ц.М. Годнеў і многія іншыя. Акадэмія неаднаразова была ў эпіцэнтры розных гістарычных падзей – ваенных, грамадска-палітычных, рэвалюцыйных, стала асяроддзем культурнага і літаратурнага жыцця, актыўнага краязнаўчага руху. Па меркаваннях некаторых даследчыкаў, тут была напісана знакамітая паэма “Тарас на Парнасе”. Сувязі з вучэбнай установай мелі Іван Тургенеў і Тарас Шаўчэнка, Якуб Колас і Янка Купала, Максім Гарэцкі і Паўліна Мядзёлка.

У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваецца шмат каштоўных дакументаў, якія маюць дачыненне да акадэміі. Гэта навуковыя працы (пачынаючы з “Записок Горы-Горецкого земледельческого института”), тэматычныя зборнікі, матэрыялы доследных станцый і навуковых таварыстваў, якія дзейнічалі пры вучэбнай установе, кнігі і артыкулы, прысвечаныя гісторыі акадэміі ў розныя перыяды яе існавання. Бібліяграфічную інфармацыю можна атрымаць праз электронны каталог і зводны ЭІР "Нацыянальная бібліяграфія Беларусі". Лічбавыя копіі выданняў акадэміі за адпаведны перыяд прадстаўлены ў віртуальным рэсурсе “Беларуская літаратурная спадчына. Часопісы 1919–1939 гг.”. Фактаграфічныя звесткі змешчаны у базе даных “Беларусь у асобах і падзеях”.

Гісторыя навучальнай установы, розныя аспекты яе дзейнасці ўсебакова адлюстраваны ў мультымедыйным выданні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “100 год з гісторыі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі: дакументы і матэрыялы 1840–1940 гг.” (Мінск, 2015).

BDCHA-2.jpg

У электронным выданні змешчаны грунтоўны бібліяграфічны паказальнік; вялікая колькасць лічбавых копій дакументаў; навуковыя артыкулы і нарысы, якія асвятляюць асноўныя этапы ў гісторыі БДСГА; наглядныя схемы, у якіх паказаны ведамасная падпарадкаванасць навучальнай установы, яе структура, рэарганізацыі і перанайменні ў розныя перыяды; ілюстрацыйны блок (фотаздымкі, карты, планы і г.д.); біяграфічныя матэрыялы, прысвечаныя прафесарска-выкладчыцкаму складу і іншым вядомым асобам у гісторыі акадэміі. Работа над выданнем вялася ў супрацоўніцтве з Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкай імя І.С. Лупіновіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кафедрай крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, бібліятэкай і музеем Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў рамках навукова-даследчай работы “Віртуальная рэканструкцыя дакументаў і матэрыялаў па рэгіянальнай гісторыі Беларусі”.

Матэрыял падрыхтаваны навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

25 Вер 2020

На гэтым тыдні споўнілася сто гадоў з дня заснавання дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку. Аб тым, чаму гэтая сядзіба можа прэтэндаваць на званне найстарэйшай культурнай установы ў Беларусі, і чым сёння жыве колішняя калыска класіка, распавядае “Культура”.

Навіны бібліятэк

Беларускія кнігі перададзены ў Эстонію

24 Вер 2020

У рамках дабрачыннай акцыі “Пра Беларусь – беларусам замежжа” пры дапамозе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Эстонія нацыянальна-культурным аб’яднанням гэтай краіны перададзена ў дар больш за 150 асобнікаў беларускіх выданняў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Размова з адвакатам аб ільготах і дапамозе маладым і шматдзетным сем’ям

23 Вер 2020

20 верасня Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў у рамках мерапрыемстваў па інфармацыйна-прававой асвеце грамадзян была арганізавана і праведзена штомесячная тэматычная сустрэча з адвакатам “Маладыя і шматдзетныя сем’і: ільготы і дапамога”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

24 верасня – 205 гадоў з дня нараджэння Габрыелі Пузыны, пісьменніцы, мемуарысткі, аўтара зборнікаў вершаў, апавяданняў, драм, камедый, успамінаў

24 Вер 2020

Постаць Альбіны Габрыелі Пузыны (1815–1869), адметная яркай творчай індывідуальнасцю, своеасаблівым мастацкім бачаннем свету, вылучаецца на фоне літаратурнага працэсу сярэдзіны XIX ст., робіць яго больш багатым, цікавым і разнастайным.

Па старонках беларускага календара

Новае краязнаўчае электроннае выданне бібліятэкі

22 Вер 2020

Выйшаў у свет чарговы кампакт-дыск з шэрагу электронных выданняў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія знаёмяць з інфармацыйнай спадчынай розных мясцін Беларусі, іх гісторыяй і культурнымі здабыткамі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

24 Вер 2020

У многіх аўтараў час ад часу запытваюцца пра тое, якім быў іх першы верш, як яны яго пісалі і чаму ўвогуле вырашылі напісаць. Можна лічыць, што момант, калі паэзія ўваходзіць у жыццё чалавека, становіцца вызначальным для далейшага шляху, у пэўным сэнсе прадказвае творчы лёс. Але, здаецца, далёка не для ўсіх момант напісання першага верша варта лічыць нечым значным.

Навіны бібліятэк

111