ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Запрашаем на выставу “Шрыфт: litera in primo” (+ відэа)
Пад высокай зоркай паэзіі

12 лістапада – 100 гадоў з дня нараджэння Андрэя Макаёнка

12 лістапада – 100 гадоў з дня нараджэння Андрэя Макаёнка
Іншыя навіны

Творчасць Андрэя Ягоравіча Макаёнка (1920–1982) – драматурга, сцэнарыста, перакладчыка, грамадскага дзеяча – адна з самых яркіх старонак у гісторыі беларускай літаратуры. Яго п’есы, дынамічныя, вострасюжэтныя, насычаныя сакавітым гумарам, заўсёды выклікалі павышаную цікавасць тэатральных калектываў і гледачоў, праўдзіва і ярка адлюстроўвалі жыццё народа.

Нарадзіўся Андрэй Макаёнак у вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Журавіцкай школе (цяпер Рагачоўскі раён), быў адным з лепшых вучняў. Менавіта у школьныя гады праявілася цікавасць юнака да будучай справы жыцця, яскрава раскрыліся артыстычныя здольнасці. Ён з задавальненнем дэкламаваў на школьнай сцэне гумарыстычныя вершы і байкі, удзельнічаў у шматлікіх сцэнках. Пасля школы ён нават зрабіў спробу паступіць у Маскоўскі інстытут кінематаграфіі, але не прайшоў па конкурсе.

Makajonak-1.jpg

Восенню 1939 г. быў прызваны на ваенную службу. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у савецка-англійскай аперацыі ў Іране, баях на Паўночным Каўказе і на Крымскім фронце. У красавіку 1942 г. атрымаў цяжкае раненне, у выніку яму пагражала ампутацыя абедзвюх ног, якой ледзьве ўдалося пазбегнуць. Пасля дэмабілізацыі некаторы час працаваў настаўнікам у адной з грузінскіх школ. Зімой 1943 г. вярнуўся на радзіму. Працаваў сакратаром Журавіцкага райкама камсамола, Гродзенскага гаркама камсамола (1945), загадчыкам партыйнага кабінета Магілёўскага чыгуначнага вузла, памочнікам сакратара Журавіцкага райкама партыі. Скончыўшы ў 1949 г. Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ, А. Макаёнак пачаў працаваць загадчыкам аддзела прозы часопіса “Вожык”. У гэтым жа годзе стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. У 1966–1977 гг. быў галоўным рэдактарам часопіса “Нёман”. З 1970-х гг. выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага савета БССР. У 1965 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у сесіі Генеральнай асамблеі ААН.

Больш падрабязную біяграфічную інфармацыю можна знайсці ў анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях”. Фактаграфічныя звесткі пра драматурга ёсць таксама ў Нацыянальнай базе даных аўтарытэтных/нарматыўных запісаў.

Актыўная літаратурная творчасць Андрэя Макаёнка пачалася з ваенных дзённікаў, замалёвак, псіхалагічных абразкоў і эцюдаў, сцэнак і нататак, а таксама з гумарэсак і фельетонаў для часопіса “Вожык”. Упершыню выступіў у друку ў 1946 г. з аднаактовай п’есай “Добра, калі добра канчаецца”. Твор быў адзначаны дыпломам і прэміяй на рэспубліканскім конкурсе. Першай сур’ёзнай спробай А. Макаёнка ў драматургіі з’явілася п’еса “На досвітку” (1951), спектакль па якой быў пастаўлены ў тэатры імя Я. Купалы. У 1953 г. была напісана вострая, выкрывальная сатырычная камедыя “Выбачайце, калі ласка!”. П’еса была пастаўлена беларускімі тэатрамі імя Я. Коласа (1953) і імя Я. Купалы (1954), а таксама больш як 200 тэатрамі па-за межамі Беларусі.

У сатырычных камедыях “Каб людзі не журыліся” (1958) і “Лявоніха на арбіце” (1961, Літаратурная прэмія імя Я. Купалы) драматург раскрываў праблемы вясковай рэчаіснасці, паказваў людзей з абывацельскай псіхалогіяй. Амаль дзесяць гадоў А. Макаёнак не прапаноўваў тэатрам новых п’ес, шукаў новыя сродкі сцэнічнай выразнасці. У выніку напружаных пошукаў узніклі трагікамедыі “Зацюканы апостал” (1969), “Трыбунал” (1970), “Пагарэльцы” (1980). Спектаклі доўгі час з поспехам ставіліся на сцэнах айчынных і замежных тэатраў. У 1974 г. А. Макаёнак за п’есы “Трыбунал” і “Таблетку пад язык” быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Я. Коласа, а ў 1977 г. – удастоены звання народнага пісьменніка. Усе п’есы драматурга вызначаюцца арыгінальнасцю формы і зместу, у іх узнімаюцца балючыя сацыяльна-маральныя праблемы жыцця, якія і па сённяшні дзень гучаць актуальна. Пяру А. Макаёнка належаць пераклады многіх п’ес: “Дабракі” Л. Зорына, “Блакада” У. Іванова, “Чацвёрты” К. Сіманава і інш. Па яго сцэнарыях пастаўлены фільмы “У адзінай сям’і”, “Шчасце трэба берагчы”, “Кандрат Крапіва”, “Пасля кірмашу” і інш.

У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі захоўваюцца шматлікія выданні і перавыданні твораў пісьменніка (на беларускай мове і ў перакладах), публікацыі пра яго жыццё і творчасць, фотаздымкі, плакаты, афішы тэатральных пастановак, аўдыявізуальныя дакументы, у т.л. гуказапіс гераічнай музыкальнай камедыі Г. Суруса “Судны час” (па п’есе А. Макаёнка “Трыбунал”). Даведацца пра гэтыя дакументы можна праз электронны каталог НББ, а таксама наведаўшы ў бібліятэцы юбілейную кніжную выставу.

Андрэй Макаёнак быў мастаком яркага, непаўторнага таленту. Ён творча развіў многія жанравыя традыцыі беларускай драматургіі, узняў узровень айчыннай камедыяграфіі да лепшых сусветных узораў. Імем драматурга названы Гродзенская цэнтральная гарадская бібліятэка, сярэдняя школа ў Журавічах, дзе створаны літаратурны музей, Журавіцкая сельская бібліятэка, вуліцы ў Гомелі і Мінску.

У Гомельскай вобласці да 100-гадовага юбілею знакамітага земляка прымеркаваны цэлы шэраг імпрэз: выставы, канцэрты, канферэнцыі, экскурсіі, літаратурныя конкурсы, інтэрнэт-праекты, віктарыны і г.д. Падрабязны план мерапрыемстваў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна ёсць на сайце ўстановы. Там жа можна пазнаёміцца з новым цікавым віртуальным рэсурсам “Андрэй Макаёнак – чалавек, драматург, майстра”.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам