ГалоўнаяНавіныПа старонках беларускага календара
Бібліятэка як феномен культуры: выніковы дакумент кангрэса
Наш Караткевіч: 90 хвілін з жыцця творцы

110 гадоў з дня нараджэння Змітрака Астапенкі, беларускага паэта, празаіка і перакладчыка

110 гадоў з дня нараджэння Змітрака Астапенкі, беларускага паэта, празаіка і перакладчыка
Іншыя навіны

Самабытны пісьменнік пакінуў нашчадкам значную творчую спадчыну. Лепшыя яго творы ўвайшлі ў скарбніцу беларускай літаратуры.

Хай верш мой раскажа пра воплеск і звень,
Пра байкі адважных, пра сённяшні дзень,
Пра наша натхненне вячыстых будоў
Суровым гарэннем растопленых слоў.

Змітрок (Дзмітрый Емяльянавіч) Астапенка нарадзіўся 23 (10) лістапада 1910 г. у сяле Калеснікі Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Хіславіцкі раён Смаленскай вобласці) у сям’і настаўніка (па іншых звестках – у в. Сяргееўка Рослаўльскага павета Смаленскай губерні). Юнак вырашыў пайсці бацькавай дарогай і ў пятнаццацігадовым узросце паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. Тут упершыню пачаў пісаць вершы. Лірычны талент маладога паэта развіваўся імкліва, ярка, арыгінальна. Яго першыя творы з’явіліся ў перыядычным друку ўжо ў 1926 г. У навучальнай установе склалася творчае кола аднадумцаў (сярод іх А. Куляшоў і Ю. Таўбін), якія стварылі літаратурную групу “Мсціслаўцы”.

Mscislaucy.jpg

Пасля заканчэння тэхнікума ў 1929 г. Змітрок Астапенка пераехаў у Мінск, працягнуў вучобу на літаратурным аддзяленні педагагічнага інстытута (па іншых звестках – у БДУ). Прымаў актыўны ўдзел у літаратурным жыцці, публікаваўся ў газетах і часопісах (“Світанне”, “Беларускі піянер”, “Іскры Ільіча”, “Маладняк”, “Узвышша” і інш.). У 1931 г. выйшлі зборнікі яго вершаў: “На ўсход сонца” і “Краіне”, паэма “Два таварышы”, у 1932 г. пабачыў свет новы паэтычны зборнік “Абураныя”. Паэт уваходзіў у склад літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, пазней – Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў.

Заслугоўвае ўвагі перакладчыцкая дзейнасць З. Астапенкі. Ён пераклаў на беларускую мову раманы “Мать” М. Горкага (1932), адну з частак рамана “Приключения бравого солдата Швейка” Я. Гашэка і К. Ванека (1932, сумесна з Т. Кляшторным), аповесці “Буран” П. Голубева (1930), “Ударный отряд” А. Дончанкі (1932) і інш.

Змітрок Астапенка пісаў таксама празаічныя творы, у асноўным апавяданні, спрабаваў сябе ў жанры навуковай фантастыкі. Ён з’яўляецца аўтарам аднаго з першых беларускіх навукова-фантастычных раманаў “Вызваленне сіл” аб працы вучоных у галіне дзялення атама. Першая частка рамана друкавалася ў часопісе “Маладняк” у 1932 г. (№№ 7, 8). На жаль, раман застаўся незавершаным: у 1933 г. Змітрок Астапенка быў арыштаваны па так званай справе “Беларускай народнай грамады” і атрымаў тры гады папраўчых работ. Пасля вызвалення некаторы час жыў у Маскве, працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры. У 1936 г. паэт быў арыштаваны паўторна і прысуджаны да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Быў рэабілітаваны Вярхоўным судом СССР: па першай справе – у 1956 г., па другой – у 1954 г.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён быў вызвалены альбо (па іншых сведчаннях) сам уцёк з лагера. Ваенную старонку творчасці З. Астапенкі адкрывае верш “На белым узгорку”. Падчас вайны былі створаны самыя значныя работы – цыкл вершаў “Спаленыя вёскі” і паэма “Эдэм”. У сваіх творах паэт праслаўляе вышыню чалавечага духу ў суровых выпрабаваннях, патрыятызм, адвагу і ўпартасць у барацьбе з ворагам. Сёння крытыка ставіць паэму “Эдэм” у адзін шэраг з лепшымі творамі ваенных гадоў.

Восенню 1944 г. Змітрок Астапенка ў складзе групы разведчыкаў трапіў у Чэхаславакію. Прынята лічыць, што ён загінуў у Карпатах падчас аднаго з баёў, хоць у некаторых публікацыях прыводзяцца і іншыя версіі.

Творы паэта, а таксама літаратуру пра яго жыццё і творчасць можна знайсці праз электронны каталог бібліятэкі, біяграфічныя матэрыялы – у анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах і падзеях” і Нацыянальнай базе даных аўтарытэтных/нарматыўных запісаў, лічбавыя копіі прыжыццёвых публікацый – у інтэрнэт-рэсурсе “Беларуская літаратурная спадчына. Часопісы 1919–1939 гг.”.

Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам бібліяграфіі.

Навіны

29–30 красавіка – 1–5 мая 1944 года. 18 тыдняў да Вызвалення

30 Кра 2024

Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца новы праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штотыдзень са студзеня па жнівень 2024 года на партале Нацыянальнай бібліятэкі публікуюцца матэрыялы з газет Савецкай Беларусі 1944 года, якія адлюстроўваюць хроніку навін і падзей таго часу.

Праект “Газетныя радкі чытаючы сэрцам. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

Мінскае замчышча: раскопкі 2022–2023 гадоў

3 Май 2024

У 2021-м Савет Міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2021–2025 гады, якая, між іншага, прадугледжвае даследаванне найбольш значных помнікаў гісторыі, у тым ліку мінскае замчышча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ВПК “Гонар” вывучаў дзейнасць НКУС, міліцыі і піянерыі ў 1941–1945 гг.

25 Кра 2024

22 красавіка для навучэнцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Гонар” ДУА “Сярэдняя школа № 24 г. Мінска” адбыўся новы бібліяграфічны ўрок “Роля НКУС, міліцыі і піянерыі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” з цыкла заняткаў “Пастараемся ж і мы быць годнымі іх Вялікай Перамогі”, што рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі г. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам