ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Зачараваныя мастацтвам
Навуковыя мерапрыемствы ў межах выставачнага праекта “Беларусь і Біблія”

Зінаіда Дудзюк: мая асноўная задача, як у пчалы, насіць пылок у соты

Зінаіда Дудзюк: мая асноўная задача, як у пчалы, насіць пылок у соты
Іншыя навіны

Сёлета на атрыманне Нацыянальнай літаратурнай прэміі за лепшы публіцыстычны твор спаборнічала кола аўтараў з адметнымі і вартымі ўвагі выданнямі. Перамагла паэтэса, празаік, драматург, публіцыст Зінаіда Дудзюк.

Яе кніга “Пара высокага сонца” напоўнена адчуваннем значнасці таго, што робіць для развіцця нацыянальнай літаратуры сапраўдны пісьменнік. Выданне прысвечана славутым асобам Брэстчыны і складаецца з успамінаў, нарысаў і эсэ пра Уладзіміра Калесніка, Яўгенію Янішчыц, Ніну Мацяш, Святлану Курылёву, Анатоля Кудзіненку і іншых, з кім аўтар сябравала і вяла ліставанне, што стала вялікай дапамогай пры стварэнні твора. Героі кнігі – і асобы мінулага, звязаныя з гісторыяй Брэста: Марцін Матушэвіч, Андрэй Цыпрынскі, Яўген Ігнут ды іншыя, пра якіх пісьменніца мела патрэбу расказаць і зрабіла гэта цікава, займальна, пазнавальна. Зінаіда Дудзюк падзялілася разважаннямі пра сучасную літаратуру і працу пісьменніка.

Зінаіда Дудзюк

– Твор, за які вы атрымалі Нацыянальную літаратурную прэмію, – своеасаблівы эксклюзіў у свеце беларускай літаратуры. Такая публіцыстыка прыцягвае ўвагу чытача, які цікавіцца жыццём пісьменнікаў. Ці была неабходнасць апусціць акалічнасці, дэталі ці таямніцы асабістага жыцця некаторых асоб у кнізе “Пара высокага сонца”?

– Калі нейкія асаблівыя таямніцы ў жыцці тых пісьменнікаў, з якімі я ліставалася, былі, дык яны мне пра гэта не пісалі. Я раблю самыя характэрныя вытрымкі з тэкстаў лістоў пра творчасць, пра быт, пра адносіны з іншымі.

– Ці ёсць месца “непараднасці” ў творах такога кшталту?

– Пісьменнікі жывуць у тых жа ўмовах, што і астатнія людзі, толькі ў іх своеасаблівае светаўспрыманне ды інакшы характар працы, якую яны робяць па закліку душы. Думаю, неяк прыхарошваць іх няма патрэбы. Іншая справа – калі аўтар выказвае сваё захапленне тою ці іншаю асобаю, дык, безумоўна, гэтага ніхто яму забараніць не можа.

– З якімі сумненнямі і цяжкасцямі можна сустрэцца пры стварэнні ці апісанні вобразаў у мастацкіх творах і публіцыстыцы?

– Самае цяжкае – адносіны з персанажам. Трэба зразумець, што ён думае, адчувае, якія мае намеры. Калі аўтар гэтага спасцігнуць не здолее, твор не атрымаецца. Што датычыцца публіцыстыкі, тут трэба асэнсаваць час і тыя зрухі, якія адбываюцца ў грамадстве, каб паспець папярэдзіць пра небяспеку.

– Нон-фікшн – адзін з найпапулярнейшых жанраў у свеце. Якія ёсць магчымасці для беларускіх пісьменнікаў у гэтым кірунку?

– Нон-фікшн – літаратура, якая моцна прывязана да канкрэтных і рэальных фактаў жыцця, для якой характэрная шматпланавасць. У яе ўваходзяць навукова-папулярная літаратура, дакументальныя хронікі, мемуары, публіцыстыка і шмат іншага. У беларускіх пісьменнікаў існуе мноства магчымасцяў, каб працаваць у гэтым жанры, бо наша гісторыя мае шмат славутых асоб у далёкім і бліжнім мінулым, вартых таго, каб пра іх ствараліся змястоўныя творы. Ды і гісторыя нашай краіны вельмі цікавая і складаная, пра яе трэба шмат расказваць не толькі суайчыннікам, але і прадстаўнікам іншых народаў. І рабіць гэта трэба праз захапляльныя мастацкія творы. Хто ж гэтым будзе займацца, калі не пісьменнікі? Але, безумоўна, не выключаю і працу навукоўцаў.

– Што вы маглі б прапанаваць?

– У мяне таксама ёсць шэраг кніг, напісаных у гэтым літаратурным жанры, напрыклад, гістарычны нарыс “Леў”, аповесць-хранограф “Славянскія князі”, навукова-папулярнае выданне “Вяртанне забытага міфа”, кніга ўспамінаў дзяцей вайны “Выжыць на дарозе смерці”, эсэ “Шляхамі адвечнага слова” і іншыя.

– Шмат сіл вы аддалі Брэстчыне і яе выхадцам. Ці адчуваеце сябе часткай таго значнага, пра што пішаце?

– На сёння мая асноўная задача, як у рабочай пчалы, насіць пылок у соты. А пра тое, што я паспею зрабіць, ці была мая праца карысная і патрэбная, будуць меркаваць прадстаўнікі наступных пакаленняў. Я, мабыць, пра гэта не даведаюся.

– На вашу думку, з чаго складаецца сучасны беларускі літаратурны кантэкст?

– Бадай, гэтае пытанне лепш было б адрасаваць літаратуразнаўцу, але паспрабую адказаць на яго зыходзячы з уласнага разумення. Усялякі літаратурны твор судакранаецца з пазатэкставай рэчаіснасцю – кантэкстам, пад якім трэба разумець усю сукупнасць з’яў, звязаных з часам і прастораю. Літаратурны кантэкст можа быць гістарычны (сацыяльна-палітычная сітуацыя ў эпоху стварэння твора) ці біяграфічна-бытавы (факты біяграфіі пісьменніка, рэаліі бытавога ўкладу эпохі, гісторыя стварэння тэксту). Іншы раз, каб зразумець твор, трэба абавязкова знаёміцца з гісторыяй таго часу, у які жыў аўтар, але найчасцей сам тэкст утрымлівае ў сабе кірунак, да якога кантэксту варта звяртацца для яго правільнага разумення. Праўда, кантэкст можа з часам мяняцца ў працэсе ўспрымання літаратурнага твора ў наступныя эпохі, бо тады страчваецца ўяўленне пра рэаліі, звычаі, устойлівыя моўныя формулы, якія былі звыклыя для людзей той эпохі, але незнаёмыя для наступных пакаленняў. Напрыклад, калі наш сучаснік возьмецца чытаць “Дыярыуш” Афанасія Філіповіча, дык яму абавязкова трэба будзе разабрацца з гістарычнымі акалічнасцямі таго часу, з тымі мітрэнгамі лёсу, якія давялося перажыць аўтару. Паколькі сёння беларускія пісьменнікі пішуць у самых розных жанрах, магу адказаць на пытанне адным сказам: асновай фарміравання і развіцця беларускага кантэксту з’яўляецца сфера міжлітаратурных узаемасувязяў. Беларуская літаратура не стваралася ў вакууме, а грунтавалася на фальклоры і творах папярэднікаў, а заадно ўбірала ў сябе ўсё лепшае з літаратур народаў свету.

– Як уплывае адчуванне хуткай зменлівасці часу на напісанне кніг?

– Час прымушае пісьменніка выпісваць падзеі з найвялікшай праўдзівасцю, збліжаючы сваё ўяўленне з рэальнасцю, суадносіць мінулае, сучаснасць і будучыню. Час можа выступаць у шматлікіх вобразах як біяграфічны, гістарычны, каляндарны, касмічны. Ён абумоўлены жанравай спецыфікай твора, мастацкім метадам, аўтарскім спасціжэннем, а таксама тым, у якім рэчышчы літаратурнай плыні гэты твор напісаны.

– Якімі вы бачыце задачы сучаснай літаратуры? Ці змяняюцца яны на працягу стагоддзяў?

– Задачы літаратуры, на маю думку, застаюцца нязменныя: несці гармонію ў свет, далучаць людзей да хараства, выхоўваць, абуджаць у душах самыя светлыя пачуцці, вучыць любові да сваёй радзімы і мовы, прывіваць цікавасць да гісторыі і мастацтва.

– Ці згодны вы з меркаваннем, што ёсць сярод беларусаў нейкая нецікавасць да роднай літаратуры?

– Ведаю, што існуе пэўная колькасць тых, хто наогул нічога не чытае, нават газет, бо няма часу ці жадання. Ім дастаткова інфармацыі, якую дае тэлебачанне.

– Чаму так адбываецца?

– Безумоўна, ёсць у нашым грамадстве такія, хто цікавіцца беларускай літаратурай, набывае кнігі, прыходзіць на сустрэчы з пісьменнікамі, бярэ аўтографы. Але даволі вялікая частка нашага грамадства не ведае, не разумее і не жадае ведаць беларускую мову, а таму не здатная чытаць беларускія кнігі. У гэтую кагорту ўваходзяць не толькі жыхары краіны іншых нацыянальнасцяў, але і карэннае насельніцтва, выхаванае на рускіх каштоўнасцях (скончылі рускую школу і ВНУ), што вельмі крыўдна.

– Выхад – у як мага раннім вывучэнні беларускага слова?

– Так, бо для таго, каб нам займець новых чытачоў, трэба з маленства навучыць іх беларускай мове, раскрыць духоўнае багацце народа, расказаць праўдзівую гісторыю краіны, далучыць да скарбаў нашага мастацтва. На жаль, пакуль мы можам толькі марыць пра беларускія дзіцячыя садкі, беларускія школы і вышэйшыя навучальныя ўстановы ў гарадах.

– Ці ёсць у гэтым віна пісьменніка?

– Пісьменнікі робяць сваю справу – пішуць кнігі, і, думаю, няма іхняй віны ў тым, што закрываюцца бібліятэкі, што тыражы беларускіх кніжак мізэрныя, што нашы крытыкі не паспяваюць адсочваць лепшыя творы і адзначаць іх у друку. Цяпер выдатнаму твору лёгка згубіцца ў літаратурным моры, дзе пераважаюць рускамоўныя дэтэктывы, зробленыя кідка ў адносінах паліграфіі, але пустыя па змесце. Яны, упэўнена, нічога не даюць душы чытача, хіба толькі забіраюць час, а яшчэ горш, калі абуджаюць агрэсію і нянавісць. Але адметная ўласцівасць сапраўдных твораў у тым, што яны здатныя доўга жыць і радаваць чытача незалежна ад таго, які б лёс ім ні выпаў.

Аўтар публікацыі: Яўгенія Шыцька.

Крыніца: Звязда


Навіны

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам