ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Канферэнцыя “Бібліотека. Наука. Комунікація. Від управління ресурсами – до управління знаннями”
Настаўнік, перад імем тваім…

Жоўтае полымя, шэрая нуда… Восень у творах класікаў

Жоўтае полымя, шэрая нуда… Восень у творах класікаў
Іншыя навіны

Воплескі даланёю
адною:
лунае
кляновы ліст над зямлёй.

Так убачыў выдатны паэт Алесь Разанаў, які нядаўна сышоў ад нас, восеньскую пару...

Vosen-1.jpg

Здавалася б, час, калі ўсё сцішваецца ды вяне... А нахтненне паэтаў ды пісьменнікаў якраз квітнее.

Вядомы даследчык Алесь Бельскі падлічыў пры складанні частотнага паказальніка асноўных пейзажных тэм, вобразаў і матываў беларускай літаратуры, што ў 10 320 творах 150 паэтаў вясна згадваецца 978, восень – 908, зіма – 615, лета – 313 разоў.

Як бачыце, восень амаль даганяе вясну па запатрабаванасці ў літаратараў... Хоць бачаць яе па-рознаму. Алесь Адамовіч пісаў сябру Янку Брылю ў 1957 годзе на Нарач: «У нас тут ні то восень, ні то атамная радыяцыя – поскудзь, а не пагода. Можа, у вас там каля вялікай вады тое, што з неба льецца, не так ужо перашкаджае жыць».

І каб пейзажы за вокнамі гэтай парой не наганялі нуду, як на аўтара вышэй працытаванага ліста, давайце падсвецім іх фантазіяй класікаў.

Восень натхняльная

Дарэчы, чаму для літаратараў восень – пара плённая, даў адказ Уладзімір Караткевіч у рамане «Нельга забыць». Аднакурснік галоўнага героя, паэта Андрэя Грынкевіча, па Літаратурным інстытуце, латыш Яніс, мае рэальны правобраз – гэта паэт Еранім Стулпан, які сябраваў з Караткевічам падчас вучобы на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. Пра яго гаворыцца наступнае:

«Яніса амаль цэлы месяц не было ў Маскве. Быў у Рызе. Сам зняволіў сябе ў Доме творчасці і пісаў там новую паэму. Яму лепей за ўсё пісалася позняй восенню, у лістападзе, калі над зямлёю нізкае шэрае неба, туман ляжыць на верхавінах дрэў і нават апалая лістота паспела згубіць свой залаты колер і стаць грыфельна-шэрай.

Ён проста быў моцны і жыццярадасны чалавек. А такія любяць восень. І любяць працаваць увосень, таму што ў астатнія поры года жыць хочацца больш, чым пісаць».

Зрэшты, у гэтым рамане шмат восеньскіх пейзажаў, якія робяцца фонам для развіцця нялёгкай любоўнай гісторыі:

Дзень выдаўся ясны і празрысты для сярэдзіны лістапада. Сквер, пабіты ранішнікамі, толькі сям-там трапятаў паасобнымі, счарнелымі ўжо, лісцямі. І ўмыта, прасветлена-сумна ляжала над белымі лужынкамі, над пацямнелымі з сонечнага боку храпамі шэрай мёрзлай зямлі, над нежывымі дрэвамі халоднае блакітнае неба.

У Андрэя было нялёгка на душы. Нялёгкай была нядаўняя гісторыя з Ірынай, шкада было Ганны.

Восень гаротная

Калі вясна для многіх беларускіх паэтаў – сімвал адраджэння, то восень служыла найлепшым фонам для плачу аб гаротным жыцці мужыка. У паэме Янкі Купалы «Адвечная песня», дзе сімвалічна апісаны год таго беларускага мужыка, раздзел «Восень» пачынаецца так:

«Досвітак. Ток. Бледна курыцца на сцяне газоўка. Мужык малоціць. Цэп гудзе. Яму, глуха заводзячы, падцінае вецер. Дзверы адчыняюцца, уваходзіць Восень. У адной руцэ трымае пук усялякіх павялых зёлак, у другой – пусты мех».

Мужык давай, як яму належыць, скардзіцца:

Восень, ясная пані,
Глянь! я лгаць не хачу –
Да паўзімкі не стане,
Як лічу, не лічу.
Няма штосьці ўмалоту,
Ды і што малаціць?
Копкі дзве акалоту,
Грэчкі з возік ляжыць.

А паколькі ў сям'і сямёра дзетак, будзе зіма галоднай... І восень «выходзіць. На дварэ вецер вые штораз мацней. Каплі сцюдзёнага дажджу шлёпаюць аб гнілыя сцены. Мужык набірае ў рэзгіны вязку саломы і ідзе даваць скаціне. Дзверы са скрыпам зачыняюцца».

Восень, якая дае надзею

Затое ў паэтэсы Канстанцыі Буйло восень – сімвал жыццёвых выпрабаванняў, якія не зламаюць моцнага чалавека.

Vosen-2.jpg

Што ж, выпрабаванняў хапала: першы зборнік юнай Канстанцыі «Курганная кветка», які выйшаў у 1914-м, рэдагаваў Янка Купала... Наступны выйшаў у 1950-м. Паміж гэтымі датамі – нараджэнне сына, страта мужа ў сталінскіх лагерах, другое замужжа, жыццё далёка ад радзімы... Гэты верш Буйло напісала ў 1966-м як пэўны жыццёвы падрахунак:

Сарвала восень
з дрэваў лісце,
Іх вецер круціць у віры,
Як лёс круціў людзей
калісьці
У далёкай, сумнае пары.
А вось не сумна мне
сягоння,
Бо, дзе трымаліся лісты,
Пупышкі ў рост сук голы
гоніць,
І ён не мёртвы, як кастыль.
Ўсё, што жывое,
будзе жыва.
А вецер мёртвае мяце...
Вясною, з новых сіл
прылівам
Наш сад магутна зацвіце.
Так і душа... Не дайся болю
І думы гордыя спялі, –
І не загіне, вер, ніколі
Ўсё, што ты зробіш
на зямлі.

Восень рэфлексіўная

Герой аповесці Максіма Гарэцкага «Дзве душы» – гэткі тыповы беларус, які рэфлексуе над сваім месцам у жыцці... З яго нараджэннем звязаная таямніца ў стылі антычных трагедый: маці, простая жанчына, немаўлём памяняла яго з панічам: «І душа дваіцца. Дзве душы. Тая, што плакала і жалілася на другую, нашто яна мучыць яе падманкамі, цяпер цвярдзее, але робіцца нядобраю, набірае ўсё болей нейкай калянасці і нават жорсткасці».

Максім Гарэцкі – майстар псіхалагічнага пейзажу, гэта ж ён не аб прыродзе – аб людской душы піша:

«Бывае так, што сярод холаду, шэрасці, пустэльнасці і нуды асенняй прыроды, сярод прыкрага надвор'я самай познай восені на небе неяк неўпрыцям прагаліцца маленькі сіненькі лапічак – адзін, другі, трэці. Вось ужо не малая частка неба вызваляецца з-за хмар, сіняя, радасная; яшчэ лёгка плывуць па яе берагох прыгожыя фарботы цёмных пасяродку і белых наўкол болачак. Яшчэ вісіць чорная, палавая туча далёка-далёка над лесам, як слова яна там дужа добра ўчапілася. А зірніце, зірніце скарэй, як вун там шпарка перасунулася астатняя срэбная хмарка цераз сонца; бліснуў з неба першы сноп светлага калосся на крыллі пруда-ветрака; перабег залатой пасцілкаю цераз папоў сад – і ўсё весялеець, робіцца прыгожым; ціхенька варухнуліся галінкі на старой бярозе, убачыўшы сонца, і мякчэйшай хоча быць мёрзлая груда пад нагамі дзяўчыны, што схапіла вёдры, бяжыць вады, бяжыць і нечага смяецца, а сонейка забылася, забавілася, любуецца на дзявоцкае прыгажство.

Бывае так.

А там ізноў – шэрая нуда».

Восень хвалюючая

Гераіня «Палескай хронікі» Івана Мележа Ганна Чарнушка, вясковая дзяўчына, перажыўшы расчараванне ў каханні, страціўшы дзіця, таксама адкрывае ў сабе здольнасць да рэфлексіі. Выбірае бульбу, аж пальцы чорныя, а сама мроіць...

У лагодным сонечным святле гарэлі сумным адвечным полымем ліпы і бярозы каля хат, дрэвы ў недалёкім лесе. Як сівізна ад былога, ад перажытага, бялела ўсюды павуціна. Яна вісела ў паветры, абчэплівала павялы і пасохлы бульбоўнік, калы і жэрдкі вакол агародаў, пажоўклыя кусты. Усё агартаў спакойны, стары як свет смутак, смутак развітання з цяплом, з летам, набліжэння слаты, халадоў.

На душы ў Ганны ўсе гэтыя дні было самотна і трывожна, не адыходзіў ціхі, цягучы жаль. Душы хацелася шкадаваць – шкада было і добрага, ужо аслабелага сонца, і голых, бедных палёў, і яркіх агністых дрэваў, што вось-вось павінны былі страціць сваю красу.

«Што ето са мной?» – дзівілася не раз яна сваёй чуласці. Раней яна ніколі не адчувала так восені, была безуважная да гэтай пары, нібы і не заўважала. Чаго ж цяпер так хвалюе яе апошняя пяшчота цяпла, згалеласць палёў, смутак асенніх дзён? Чаму ж усё гэта адгукаецца ў сэрцы маркотнай, няўціхнай журлівасцю?»

Восень расстайная

Героі рамана Івана Шамякіна «Трывожнае шчасце» ўвосень мусяць развітацца – Пятра прызываюць у армію, яго маладая жонка Саша, фельчарка, застаецца на працы ў вёсцы. Расстанне яшчэ больш горкае, бо Саша чакае дзіця.

Прататыпамі герояў былі сам Шамякін і ягоная жонка, Марыя Філатаўна, раман у вялікай ступені аўтабіяграфічны. Пасля гэтага расстання няхутка давядзецца ім убачыцца. Пачнецца вайна... Маладыя сужэнцы не будуць нават ведаць адно пра аднаго, ці жывыя... Марыя народзіць дачку, якую бацька ўпершыню пабачыць толькі праз некалькі гадоў.

«Яны выйшлі ў поле.

Бярозы на могілках стаялі ў жоўтым полымі.

Каляіны дарог былі засыпаны апалым лісцем. На агароджы, на бадай што голых ужо вішнях, на прыдарожным быльнягу вісела павуцінне бабінага лета.

Пятро хацеў радавацца. Ён жа многа чытаў у розных кнігах, у часопісах, бачыў у кіно, як радуецца моладзь, калі адыходзіць у армію. Чаму ж у яго няма гэтай радасці? Ён падумаў, што, відаць, гэты смутак, які сціскаў яму сэрца, навеяны восенню...

Навошта прызываюць увосень, калі нават прырода смуткуе, так пуста навокал... павуцінне?.. Няхай бы гэта было вясной, калі ўсё зацвітае, ажывае... Весела было б...

Ён проста шукаў апраўдання свайму смутку, бо яму было сорамна – хіба ён горшы за іншых? Хіба не імкнуўся ён яшчэ са школьных год у армію, не хацеў паступіць у ваенную школу? Не, ён таксама з гонарам і радасцю ідзе выконваць свой пачэсны грамадзянскі абавязак! А настрой гэты ад таго, што цяжка пакідаць Сашу... Яна застанецца адна сярод чужых... Хутка гэтая бязлесная раўніна пакрыецца снегам. Стане яшчэ больш сумна. Яна адна будзе сядзець доўгімі вечарамі, а ўдзень – хадзіць да хворых...

Vosen-3.jpg

Поле перад імі ляжала роўнае, голае, толькі з аднаго боку позірк цешыла маладая рунь азіміны, а з другога – як кінуць вокам – цягнуліся шэрая пожня і чорная ралля. Ніводнай жывой істоты, калі не лічыць адзінокага трактара, што поўзаў удалечыні, на схіле ўзгорка, чорным жуком».

Восень з дымам бульбоўніка

У Рыгора Барадуліна, майстра метафары, пра восень напісана вельмі шмат нечаканага і цудоўнага... Менавіта ён увекавечыў самы звыклы для беларусаў, амаль сакральны восеньскі пах:

Калі разыходзяцца лета
з восенню палюбоўна,
а бульбянішча на зіму яшчэ
не пераворана,
зграбаюць у кучы,
паляць бульбоўнік.
Іскры лятуць і блякнуць
патухлымі зорамі.
Дым спачатку рвецца
ўгару,
ды перадумвае
неўзабаве, –
мабыць, лагчынай прайсці
захацелася.
Барана, што ляжыць
дагары зубамі,
як вожык той абчаплялася
лісцем зжаўцелым.
Сланечнік галаву цяжкую
праз частакол прасунуў,
грэецца –
холад даймае патрошку.
Лятуць журавы над Ушачай
з курлыканнем сумным,
ляціць наўздагон ім ціхае:
«Пуцём-дарожкай!»
На возе едзе мох баравы,
запалы лістам, ігліцай,
дым следам ідзе,
і конь галавою матляе
стомлена.
З раніцы хмурыцца,
хмарыцца,
пад вечар – імгліцца.
Журавель над студняй
прыгнуўся –
нізка пад восеньскай
столлю.
Я гэты ціхі дым
на смак
і навобмацак
ведаю,
яго я ні з чым не паблытаю,
любой парою,
дзе б ні быў,
адусюль
па ім, як ганчак па следу,
дарогу дадому знайду,
да матчынага парога.

Згадзіцеся, чытаючы, нават адчуваеш той непаўторны пах вогнішча...

Так што няхай добрая беларуская літаратура дапаможа вам не сумаваць гэткай восенню!

Аўтар публікацыі: Людміла Рублеўская.
Фота Анатоля Клешчука.

Крыніца: Звязда

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам