ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Саламея Русецкая: жанчына, у якой было не «заечае сэрца»
Успамінаючы мясціны Караткевіча

У Караткевіча

У Караткевіча
Іншыя навіны

Пачуўшы адрас, я зразумела: гэта будзе не проста інтэрв’ю з пляменніцай Уладзіміра Караткевіча, а візіт да яго самога. Усхвалявалася не на жарт. А як бы вы сябе адчулі, калі б праз некалькі гадзін вам шчасціла трапіць у пакой, дзе быў напісаны «Чорны замак Альшанскі»? 

Сэнсу ўжывання эпіграфаў я не магла зразумець ніколі. Нават нягледзячы на тое, што сама іх час ад часу ўжывала. Іншая справа – прысвячэнні. Тут ужо наадварот: ледзь не кожны тэкст мне вельмі хочацца каму-небудзь ды прысвяціць.

Але вернемся да эпіграфаў.

Рыхтуючы гэты тэкст, нечакана прыйшла да супрацьлеглай высновы: часам без эпіграфа абысціся ніяк немагчыма. Прынамсі, мне ў дадзеным выпадку без эпіграфа – ніяк. Таму і размяшчаю яго – тут і так: у нестандартным месцы і нестандартным чынам.

З пляменніцай Аленай (Лешкай). Чалябінск, 1965 год.
Уладзімір Караткевіч з пляменніцай Аленай (Лешкай). Чалябінск, 1965 г.

Эпіграф

Алёнцы год і дзевяць месяцаў. Але яна ўжо зусім вялікая дзяўчынка. Лічыць жа ж трэба не па ўзросту, а па тым, што ты паспеў зрабіць. А яна ўжо чалавек, таму што даўно навучылася прама хадзіць. І яшчэ навучылася так-сяк выказвацца, і сваякі, ва ўсякім разе, яе разумеюць. І яшчэ адно, самае галоўнае: варта каму-небудзь зрабіць выгляд, што ён замахваецца на ката, сабаку альбо чалавека, – і адразу гучыць адчайдушна-ўмольны віск:

– І цеба.

Гэта азначае «не трэба». Значыць, галоўнае, з чаго складаецца чалавек, ужо ёсць.

У Алёнкі вялізныя, як сподкі, сінія вочы, ніжняя губка чапялою (адразу бачна, што характар будзе злёгку фанабэрысты і самастойны), тугое, як мячык, цельца і ножкі, якія цэлы дзень тупаюць па доме, садзе і гародзе. Гэта тып дзіцёнка-шкодніка. І гэта вельмі добра, таму што менавіта з такіх атрымліваюцца потым вартыя чагосьці людзі.

У Алёны ёсць мама, прыгожая распаўнелая жанчына, бацька, які застаўся ў іх горадзе, каб лётаць на «малётах», дзед і бабуля, якія душы ў ёй не чуюць. Акрамя таго, у яе ёсць яшчэ дзядзька, які зашмат думае над светавымі праблемамі. Гэты дзядзька больш за ўсё любіць важдацца і няньчыцца з ёю і, адчуваючы на каленях яе цеплыню, шмат успамінае. І тады твар яго робіцца змарнелым і пяшчотна сумным. А бабуля, пабачыўшы гэта, спяшаецца прайсці паўз яго, быццам не бачыць, і аб нечым размаўляе з дачкою, маткай Алёнкі. Часам маці Алёнкі не вытрымлівае і адбірае ў дзядзькі дачку.

– Чаго ты тут век з ёй сядзіш?

– Бо сваіх няма.

Подпіс

Ну вядома: кожны эпіграф мае свой подпіс. Без яго таксама ніяк. Подпіс пад прыведзеным эпіграфам павінен быць такі: Уладзімір Караткевіч. «Як звяргаюцца ідалы».

Частка першая. Антыпафас

Колькі ні стаў сябе на месца роднага чалавека вядомай асобы, нічога ў цябе не атрымаецца. Уявіць – можна, адчуць – немагчыма. Можна толькі заўважаць у шматлікіх назіраннях, што стаўленне да знакамітых з боку родных – менш пафаснае. Значыць, больш натуральнае.

У кабінеце Уладзіміра Караткевіча я распытваю Алену Сінькевіч не пра класіка беларускай літаратуры, а пра роднага дзядзьку з боку мамы, Наталлі Сямёнаўны.

– Так, для мяне Уладзімір Сямёнавіч – найперш мой дзядзька Валодзя. Памятаю яго яшчэ з дзяцінства, калі ён прыязджаў да нас у ваенны гарадок пад Чалябінскам, дзе служыў ваенным лётчыкам мой тата. Такі вялікі, прыгожы, вясёлы – для нас гэта было свята. Для яго спецыяльна рыхтаваўся асобны пакой (нас з сястрой Надзяй часова перасялялі ў агульны). Напэўна, ён шмат працаваў, бо шчыліна пад дзвярыма ў пакой свяцілася і ўначы. Але і адпачываў добра: гуляў па наваколлі, хадзіў на лыжах з маёй сястрой (а я была малая і зайздросціла). А летам мы сустракаліся ў Оршы, у доме бабулі. Там было цудоўна: вялікі сад, побач Дняпро. Каля дома стаяла пунька, на паддашку якой і быў «кабінет» Караткевіча.

У Оршы з бацькамі, сястрой Наталляй, пляменніцамі Надзеяй і Раісай, 1951 год. (Рая – дачка старэйшага брата Караткевіча. Яе бацькі загінулі ў час вайны, і яна выхоўвалася ў сям’і Караткевічаў як малодшая сястра Наталлі і Уладзіміра.)
Уладзіміра Караткевіч у Оршы з бацькамі, сястрой Наталляй, пляменніцамі Надзеяй і Раісай, 1951 г.
Рая – дачка старэйшага брата Караткевіча. Яе бацькі загінулі ў час вайны, і яна выхоўвалася ў сям’і Караткевічаў як малодшая сястра Наталлі і Уладзіміра.

У пачатку 1960-х дзядзька атрымаў аднапакаёўку ў Мінску, на вуліцы Чарнышэўскага, і забраў да сябе бабулю, сваю маму. Вялікі пакой быў перагароджаны шафай, адна палова якога была бабуліна, а другая – «кабінетам» Караткевіча. Тады мы пачалі прыязджаць на канікулы ў Мінск. У 1967 годзе Караткевічы пасяліліся ў двухпакаёўцы на вуліцы Веры Харужай. Вось тут у дзядзькі ўжо быў асобны пакой і сапраўдны кабінет. Дом Караткевічаў заўсёды быў гасцінны. Тут збіраліся сябры і знаёмыя, розныя цікавыя людзі. Гаварылі, спрачаліся, спявалі, чыталі вершы. Атмасфера гэтых вечарын уражвала. Дзядзька вельмі добра чытаў і свае, і чужыя вершы. Ад яго быццам нейкае святло ішло. У галаве і цяпер гучыць яго «Фантан слёз» (пачуць гэта можа і чытач, набраўшы).

У 1971 годзе мы пераехалі ў Мінск і некалькі месяцаў жылі ў Караткевічаў, пакуль атрымалі ўласную кватэру. Я тады пайшла ў восьмы клас. Навучанне беларускай мове для дзяцей вайскоўцаў было неабавязковым. Зразумела, што мае бацькі вызвалілі мяне ад гэтага навучання. Вядома, дзядзька абураўся: трэба, маўляў, вучыць мову. Але мама настойвала на тым, што атэстат нельга псаваць лішняй чацвёркай, а вывучыць мову добра я ўсё роўна, маўляў, не паспею. Так вось і атрымалася, што беларускую мову я не вучыла. Першая кніга Уладзіміра Караткевіча, якую я прачытала, – «Чазенія». Яна выйшла на рускай мове, калі мы яшчэ жылі ў Чалябінску. Мне было гадоў дванаццаць-трынаццаць. Прачытанае захапіла: высокае і чыстае каханне ў такім узросце не магло не ўразіць. Акрамя таго, мне было цікава, што гэта напісаў мой дзядзька.

Ужо ў Мінску я пачала чытаць усе творы Караткевіча, якія былі перакладзены на рускую мову. Дзядзька не прымушаў нас гаварыць па-беларуску і сам размаўляў з намі на рускай мове (ён звычайна размаўляў з людзьмі на той мове, на якой яны маглі яму адказаць). Але заўсёды гаварыў мне, што трэба вучыцца чытаць па-беларуску. Але хіба я слухала? Рабіла, як мне зручней… Самы першы яго твор, прачытаны мною ў арыгінале, – «Леаніды не вернуцца да зямлі» (твор, які выйшаў пад назвай «Нельга забыць», бо Леанідам тады быў кіраўнік краіны). Напачатку было цяжка, але перакладу не было, а вельмі ж хацелася прачытаць. А як прачытала – то і зразумела: трэба чытаць па-беларуску. І пачала перачытваць наноў усё, з чым раней пазнаёмілася.

…У гэтую кватэру на вуліцы Карла Маркса (дом называецца «манаЛІТ», бо жылі і жывуць у ім спрэс літаратары) мы прыходзілі да дзядзькі проста ў госці. Мо і шкада, што не ўспрымала яго тады як будучага класіка беларускай літаратуры. Цяпер часта думаю: колькі ўсяго можна было распытаць і нават занатаваць… Калі не стала жонкі, дзядзьку цяжка было заставацца аднаму, і праз некаторы час да яго пераехалі мае бацькі. І пасля яго смерці яны на працягу дваццаці гадоў беражліва захоўвалі ўсё, што тут ёсць. Цяпер тут жывём мы з мужам, і гэта наша справа. У гэты кабінет прыходзяць людзі, якія былі знаёмыя з Уладзімірам Сямёнавічам, даследчыкі яго творчасці, студэнты філфаку. Яны прыходзяць сюды «да Караткевіча». Некаторыя кажуць: «Можа і добра, што тут не музей. У атмасферы звычайнай кватэры адчуваецца прысутнасць гаспадара». Больш за трыццаць гадоў яго няма з намі, але ў нейкі момант быццам пачуеш з кабінету дзядзькаў голас: «Лешка, встань передо мной, как лист перед травой».

Частка другая. Экскурсія

У кабінеце шмат кніг, да якіх найбольш падыдзе азначэнне «фаліянты». Даведнікі, энцыклапедыі, шматтомныя выданні…

– Ну, кнігі тут розныя. Па-першае, у савецкі час не так лёгка было абзаводзіцца кнігамі, якія хацелася мець. Хутчэй з’яўляліся кнігі, якія можна было, гаворачы тагачаснай мовай, «дастаць». Але выпадковых, якія б Караткевічу не падабаліся ці не былі патрэбнымі для працы, думаю, няма. Тут руская і замежная класіка, кнігі беларускіх аўтараў (многія з дарчымі надпісамі), кнігі па гісторыі і мастацтву (у тым ліку польскія і чэшскія выданні). Ёсць кнігі, падараваныя яму яшчэ ў часы студэнцтва. А таксама творы самога Уладзіміра Караткевіча. Амаль на кожнай кнізе – яго экслібрыс. Шмат тут розных слоўнікаў і энцыклапедый. У тыя часы Інтэрнета не было, вельмі мала было надрукавана работ па сапраўднай гісторыі Беларусі (а падручнік увогуле пачынаўся з 1917 года). Я часта думаю: колькі ж трэба было працаваць у архівах, колькі перачытаць рукапісаў, летапісаў, метрык, якую мець памяць і інтуіцыю, каб так ведаць і асэнсаваць мінулае свайго народа. Уладзімір Караткевіч нарадзіўся ў звычайнай рускамоўнай сям’і, рос у рускамоўным асяроддзі. Хто даў яму беларускасць? Бясспрэчна, гэта дадзена Богам…

Маці, 1914 год.
Маці Уладзіміра Караткевіча, 1914 г.

Бацька, 1914 год.
Бацька Уладзіміра Караткевіча, 1914 г.

Так, быў дзед Васіль Грынкевіч, які, як успамінала мама, расказваў ім беларускія легенды, казкі, паданні. І вучоба ў Кіеўскім універсітэце вельмі многа дала. Яна заклала падмурак не толькі ведаў, але і свядомасці. Старыя традыцыі, любімыя выкладчыкі, багатыя фонды і магчымасць працаваць у архівах, якіх у Кіеве шмат. Да таго ж ва Украіне стаўленне да самасвядомасці асаблівае. Думаю, ўсё гэта і паўплывала на тое, каб упэўніцца: і у нас свая, адметная гісторыя. Потым дзядзька шмат працаваў у архівах Вільні і Масквы. А як ён узрадаваўся, калі ў Віленскім архіве знайшлося пацвярджэнне сямейнай легенды пра Тамаша Грыневіча, камандзіра атрада паўстанцаў 1863 года! У сям’і гэта перадавалася з вуснаў у вусны менавіта як легенда – ніякіх дакументаў не існавала. Аказалася – не легенда, чыстая праўда.

Некаторыя лічылі яго фантазёрам, які нашу гісторыю рамантызуе. Няхай будзе так, калі такім чынам яго чытачы зацікавяцца гісторыяй Беларусі, захочуць яе ведаць і ганарыцца ёю. Безумоўна, выкарыстоўваць мастацкія творы Караткевіча як гістарычныя даведнікі не варта. Ён стварыў мастацкую гісторыю Беларусі, але яна грунтуецца на гістарычных фактах. Так было. Ці так магло быць.

…У кабінеце амаль усё захоўваецца так, як і было пры жыцці Караткевіча. Паліцы з кнігамі, пісьмовы стол, яго канапа, над якой вісіць герб «Пагоня», карціны, якія ён сам развешваў. На паліцах перад кнігамі безліч сувеніраў: штосьці сам прывозіў з розных падарожжаў, штосьці – падарункі сяброў. Праўда, некаторыя рэчы былі перададзены музею, які створаны на радзіме пісьменніка ў Оршы. Многія ўспамінаюць пра партрэт Кастуся Каліноўскага, які вісеў на сцяне ў кабінеце Караткевіча, і пра вялікія свечкі, якія Уладзімір Сямёнавіч кожны год запальваў у дзень яго смерці. Гэтыя свечкі так тут і стаяць. Мы не запальваем іх. І партрэт Каліноўскага на сцяне.

1971г.
Уладзімір Караткевіч. 1971 г.

Дзядзька вельмі любіў мора. Вось тут – ракавіны, каралы, клюшні крабаў, марскія зоркі, грабенчыкі, вожыкі… Шмат што з гэтага ён прывозіў сам, бо ездзіў і на Чорнае мора, і на Далёкі Усход, але большасць гэтых дароў мора – падарункі адной жанчыны, якую ён ніколі не бачыў. Аднойчы Уладзімір Караткевіч атрымаў ліст з Масквы, ад М. І. Канстанцінавай. У 70 год яна цяжка перажывала здраду мужа, з якім пражыла ўсё жыццё. Марыя Іванаўна пісала, што думкі мела нехарошыя, не хацела жыць, але выпадкова купіла «Нёман», беларускі часопіс на рускай мове, дзе быў надрукаваны пачатак «Дзікага палявання караля Стаха». Пачала чытаць, захапілася, стала чакаць наступнага нумара часопіса з заканчэннем аповесці. Паступова жаданне пайсці з жыцця знікла, і яна дзякавала аўтару за выратаванне. На адказ і не спадзявалася. Уладзімір Сямёнавіч не толькі адказаў ёй, але пераслаў некаторыя свае кнігі. Паміж імі пачалося ліставанне. Марыя Іванаўна аказалася акіянолагам і вельмі цікавым чалавекам. Яна і прысылала яму такія вось марскія цуды.

Частка трэцяя. Самае смачнае

Чытаеш «Дзікае паляванне…» – і слінкі цякуць. Памятаеце, як там апісана вячэра ў пана Дубатоўка: з усімі гэтымі шыначкамі дзікага япрука, пампушкамі з часнаком, індыковай ножкай з яблыкамі і ласінымі губамі ў падсалоджаным воцаце? У аднаіменным фільме нічога падобнага не паказана. Відаць, рэжысёр Валерый Рубінчык гурманам не быў і таму самае смачнае, самую сутнасць – пакінуў без асаблівай увагі, паказаўшы гледачу літаральна голы стол. А Уладзімір Сямёнавіч? Напэўна гэтая аповесць не была б напісана так смачна, калі б яму было ўсё роўна што есці…

– Многія з тых, хто прыходзіў да Караткевіча, маглі б пацвердзіць, што першай справай у гэтым доме пыталіся: «Есці хочаш?» На адмоўны адказ з’яўлялася новае пытанне: «Ну, мо хоць кавы?» Я б не сказала, што дзядзька быў гурманам, але смачна паесці ён сапраўды любіў. Паважаў грыбы і ўсё, што з іх гатуецца: і смажаныя, і суп, і піражкі з грыбамі, і грыбныя соусы; любіў розныя стравы з бульбы, а таксама рыбу, ракаў. Мог захапляльна расказваць, як у Рагачове на святочны стол падавалі трусіка з буракамі па-беларуску, нейкі адмысловы халаднік ці па-асабліваму запечаную гуску. Беларускую кухню ён ведаў дасканала. Любіў і нешта незвычайнае. Аднойчы прывёз з адпачынку на Чорным моры кавалак мяса вэнджанай акулы. У доме не ведалі, дзе яго ўладкаваць, бо пах быў моцны і своеасаблівы. Нарэшце павесілі на балконе. Праўда, есці гэта мог толькі ён сам.

У 25-томным зборы твораў Уладзіміра Караткевіча (выдаецца «Мастацкай літаратурай») цэлы том будзе прысвечаны малюнкам, у тым ліку і з сямейнага архіва. Тут – маленькая Алена Кучкоўская, пляменніца. 1963 год.
У 25-томным зборы твораў Уладзіміра Караткевіча (выдаецца «Мастацкай літаратурай») цэлы том будзе прысвечаны малюнкам, у тым ліку і з сямейнага архіва.
Тут – маленькая Алена Кучкоўская, пляменніца. 1963 г.

Не бачыла, каб дзядзька нешта гатаваў (магчыма, у маладосці ці на прыродзе), вось каву дакладна любіў варыць сам. Яго жонка Валянціна Браніславаўна была добрай гаспадыняй, гатаваць умела і любіла. Яна клапацілася, каб муж добра еў (праўда, у апошнія гады ў яго быў дрэнны апетыт), гатавала смачна не толькі простыя стравы, але і нешта адмысловае, незвычайнае. Дарэчы, і пра бабуліну гасціннасць дагэтуль успамінаюць дзядзькавы сябры. А сяброўка маёй мамы, з якой я падтрымліваю стасункі, расказвала мне, як бывала ў доме Караткевічаў яшчэ ў школьныя гады: «Да цёці Надзі заўсёды можна было прыйсці з любымі сваімі радасцямі, бедамі і таямніцамі. Яна і выслухае, і параіць. І абавязкова пачастуе, а як не было чым – хаця б бульбы насмажыць». Дзядзька вельмі любіў сваю маму. Ну а пра тое, што яна ў ім душы не чула, і казаць не трэба…

3-copy

Частка чацвёртая. Даўнейшае

Мама Уладзіміра Караткевіча закончыла Марыінскую гімназію ў Магілёве, некаторы час працавала настаўніцай у вёсцы Збароў недалёка ад Рагачова. А бацька працаваў у Рагачове, у казначэйстве, якім загадваў дзед, мамін тата… Там яны і пазнаёміліся. Пабраліся шлюбам, як пісаў сам Караткевіч, у 1917-м. І пасяліліся ў Оршы…

– У Оршы і нарадзіліся ўсе дзеці Караткевічаў: Валеры (загінуў у час вайны), Наталля (мая мама) і Уладзімір… Калі дзядзька скончыў школу, то само сабою паўстала пытанне: дзе вучыцца далей – ва ўніверсітэце Мінска ці Кіева? Дакладна сказаць не магу, але мяркую, што выбар упаў на Кіеў яшчэ і таму, што там жыла бабуліна сястра Яўгенія Васільеўна. У іх з мужам не было дзяцей, і студэнт Валодзя, хоць і жыў у інтэрнаце, часта прыходзіў да цёткі з дзядзькам. Для іх гэта была радасць, для яго – яшчэ і падтрымка, маральная і матэрыяльная. Бо час тады быў бедны…

Пасля вучобы дзядзька па размеркаванні настаўнічаў два гады ва ўкраінскай вёсцы Лесавічы, пасля працаваў настаўнікам у Оршы. У 1957 годзе быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР. А потым былі курсы ў Маскве: у 1958–1960 гадах – вышэйшыя літаратурныя, у 1960–1962-м – вышэйшыя сцэнарныя. У 1963 годзе ён атрымаў кватэру ў Мінску, і жыццё як быццам уладкавалася…

Караткевіч часта рабіў малюнкі на паштоўках. Гэта віншаванне сям'і Кучкоўскіх-Сінькевічаў.
Караткевіч часта рабіў малюнкі на паштоўках. Гэта віншаванне сям’і Кучкоўскіх-Сінькевічаў

Так атрымалася, што ў апошні год свайго жыцця дзядзька наведаў мясціны, найбольш дарагія для яго: пабыў і ў Оршы, дзе нарадзіўся, і ў Кіеве, дзе вучыўся (яго запрасілі на сустрэчу з нагоды 30-годдзя выпуску – і ён паехаў, хоць і нядобра сябе адчуваў). Захацеў з’ездзіць і ў Рагачоў. І недзе напрыканцы чэрвеня мы з мужам павезлі яго туды на машыне. Гэта было вельмі цікавае падарожжа. Па дарозе дзядзька расказваў пра тыя мясціны, якія праязджалі, спяваў нейкія прыпеўкі, прыгадваў паездкі ў Рагачоў з сябрамі. Сапраўды ў Рагачове перабывала шмат яго сяброў. Напэўна, ён усім хацеў паказаць цудоўныя мясціны Прыдняпроўя, ваколіцы горада, які асабліва спрыяў яго творчаці. (Памятаеце, як ён апісваў пачатак працы над новым творам? Калі стол накрыты чыстым абрусам, а папера чакае пацалунку пяра?)… Такі стол ён меў менавіта ў Рагачове, у хаце свайго дзеда Васіля. У той час там жыў дзядзька Ігар (Ігар Васілевіч Грынкевіч, зводны брат яго мамы) з сям’ёй. У гэтым доме Караткевіча вельмі любілі і стваралі ўсе ўмовы для працы. Многія свае творы ён напісаў у гэтым месцы, дзе і Дняпро, і лясы, і старая хата, і сад, і вішня, пасаджаная дзедам…

Праехалі мы тады і па ваколіцах Рагачова, спускаліся да Дняпра, былі і ў вёсцы Збароў, дзе настаўнічала калісьці мая бабуля, і ля старой камяніцы, дзе якраз у гэты час «цвіла раскошная шыпшына», «шалеў сіні бэз», ззялі «белыя аблокі глогавых агароджаў», як у маёй улюбёнай «Ладдзі роспачы».

А грушы на той кручы над Дняпром ужо не было. Памятаеце, як пачынаюцца «Каласы пад сярпом тваім»? – «Груша цвіла апошні год…»

Нешта накшталт эпілога

У мяне даўно ёсць пытанне, датычнае паралелі, якая ўтварылася ў маёй галаве: Караткевіч – Высоцкі. Я ўжо сто разоў лічыла супадзенні. Па-першае, абодва Уладзіміры, па-другое, абодва Сямёнавічы. Па-трэцяе, Высоцкі і Караткевіч – прозвішчы, якія гучаць, калі можна так сказаць, антанімічна. Па-чацвёртае, памерлі ў адзін дзень, 25 ліпеня. А галоўнае – з’явіліся ў свой час у сваёй культуры «выняткамі з агульнапрынятага»: дзейнасць іх была насуперак існуючаму, творчасць – на грані забароненасці. Яны абодва рабілі сваю справу «проста, горда і самотна», «не зважаючы ні на якія пляўкі, поўхі, страты». Кожны раз пры такім «раскладзе» узнікае абурэнне фактамі неразумення і нараджэння не ў свой час. Але Караткевіч пра такое становішча адказаў вычарпальна: біць, маўляў, будуць з усіх бакоў, але і гэта – набытак. Маўляў, калі вытрымаем, то не памром, бо, значыцца, тытаны. А калі не вытрымаем? Туды нам тады і дарога, «шэлег нам кошт і смецце нам магіла». «Відаць, лёс любіць нас, калі даў нам такі гонар: быць адным супраць усіх».

Аўтар публікацыі: Святлана Дзянiсава.
Фота: з асабiстага архiва.

Крыніца: Город женщин

Навіны

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам