ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Права на жыццё без насілля
“І скажа той, хто народзіцца...”

Тры класікі на адной трасе, або Ад Багдановіча да Адамовіча

Тры класікі на адной трасе, або Ад Багдановіча да Адамовіча
Іншыя навіны

Акцыя газеты “Культура” – журналісцкі аўтапрабег па СДК і не толькі (Магілёўшчына і Гомельшчына). Асноўная мэта – вышук сельскіх брэндаў, вакол якіх бібліятэкі і клубы “раскручваюць” свае творчыя праекты.


Частка І
Журналісцкі аўтапрабег па сельскіх рэгіёнах нашай краіны, які доўжыўся ў першыя тыдні верасня, – гэта трэцяя, фінішная, частка вандроўкі, што бярэ пачатак з чэрвеня. Такім чынам, у выніку рэалізацыі сёлетняга аўтапрабегу журналісты паспелі наведаць усе вобласці Беларусі...

Гарбузяны рай і лялькі-званаркі
Маршрут выбіралі па прынцыпе “пальцам у неба”. Так што Асіповіцкі раён і ягоная вёска Вяззе трапілі на карту прабегу, лічы, выпадкова. Але ў любой выпадковасці ёсць, вядома, пэўная доля заканамернасці. Дырэктар мясцовага сельскага дома культуры (СДК) Мікалай Забаўскі, як аказалася, – даўні завочны сябра “Культуры”: браў удзел у нашых анлайн-канферэнцыях, стаў апошнім часам адным з экспертаў у плане выкарыстання інфармацыйных тэхналогій для піяру сельскай клубнай дзейнасці. У тым ліку і таму яго ўстанова, па выніках леташняга рэспубліканскага конкурсу, стала лепшай сярод аграгарадоцкіх клубаў краіны...

Вяззеўскі СДК уразіў старанна прыбранай і маляўнічай прыклубнай тэрыторыяй: грады гарбузоў суседнічалі з кветнікамі, а з-за фантана з адмысловай скульптурнай кампазіцыяй выглядвала вадасховішча, што сапернічала па глыбіні ды блакіце з высокім небам... Словам, лепшай натурпляцоўкі для тэатралізацый і не прыгадаеш. І апошнія тут, як высветлілася, ладзяцца з зайздроснай пастаяннасцю. Да прыкладу – платны “Вясельны абрад на вяззеўскі лад”. І няма ў гэтай назве фальшу, уласцівага для гора-фалькларыстаў, што “крояць” мерапрыемствы без грунтоўных экспедыцый ды даследаванняў: усё ладзіцца ў Вяззі выключна на мясцовым матэрыяле. Нават лялькі, якія набываюць маладыя, – унікальныя: у кожнай у донцы – гліняны звончык, таму пераліваецца яна вясёлым спевам. Такія лялькі можна набыць толькі ў Вяззі!

А ў кастрычніку на падворку перад установай культуры прайшло тэатралізаванае свята “Гарбузяны рай”. Мяркуючы па водгуках вяскоўцаў, прайшло яно, як і заўжды, з немалой выдумкай, а таму – з аншлагам ды з гарантаваным грашовым даходам.

Калі хата дзівосамі багата
Але галоўны брэнд Вяззя ў тым, што тут пад час дзяцінства летаваў у цёткі Максім Багдановіч. Хата тая, на жаль, у Вяззі не захавалася. А вось у СДК яна… ёсць. Для гэтага варта зайсці ў клубны музей, дзе сярод іншых эксклюзіўных экспанатаў (адны лялькі-званаркі чаго вартыя!) можна ўбачыць дакладную копію дыхтоўнай міні-хаціны, дзе ў 1895 годзе пад час летняга адпачынку будучы паэт упершыню спазнаў роднае слова, пачаў размаўляць па-беларуску…

Копію хаты зрабілі мясцовыя гурткоўцы. Дах у яе здымаецца – можна разгледзець планіроўку, палюбавацца мэбляй, у кладоўцы нават кубельчык для сала ёсць, у якога накрыўка таксама здымаецца. Сала ж, на жаль, няма: відаць, клубнік паласаваўся... А музей называецца “Наша хата дзівосамі багата”.

І за ўсімі гэтымі дзівосамі – постаць Мікалая Забаўскага, інтэлігента, знаўцы мясцовых цікавостак ды заўзятага камп’ютаршчыка. Ён у Вяззі – сам па сабе брэнд. Дарэчы, металічную выяву хлопчыка на шары ў басейне вяскоўцы называюць “Міколкам”. Значыць, паважаюць Міколу...

Між іншым, сёлета плануецца пашырыць супрацоўніцтва ўстановы з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча: літаральна праз пару месяцаў у Вяззі будзе адкрыта мастацка-дакументальная выстаўка, прысвечаная класіку. Абмяркоўваецца і пытанне ўстаноўкі на месцы дома, дзе гасцяваў чатырохгадовы Максім Багдановіч, валуна з мемарыяльнай шыльдай, правядзення літаратурных святаў. Справа, як заўсёды, – за ініцыятывай з боку мясцовых жыхароў.

У двухпавярховым будынку, дзе працуюць поруч клуб ды бібліятэка, можна прабавіць з карысцю для сябе ці не ўвесь дзень – сумна не будзе! Паверце, далёка не кожная ўстанова культуры мае такую хатне-гасцінную аўру, напрацаваную (дакладней – “намоленую”) цягам не аднаго дзясятка гадоў. Вабяць не толькі клубныя акцыі, не толькі музей ды колькасць камп’ютарнай тэхнікі – прыцягвае да сябе і сельская бібліятэка...

Столік на дваіх
А кіруе ёй Лілія Маскалёва. Актыўны чытач у яе мяняе кнігі два разы на месяц. І такіх, на ўласныя вочы пераканаліся, – шмат. Тэма “Багдановіч у Вяззі” распрацавана максімальна: з літаратурнага пункта гледжання і з краязнаўчага. Бібліятэкарка, як і кіраўнік СДК, можа і экскурсію ў музеі правесці. І гэта – толькі адна з бібліятэчных спецыялізацый.

Метадычная “фішка” ўстановы – мэтанакіраванае выкарыстанне тэматычнай літаратуры. І не толькі пра Багдановіча.

Ва ўтульным куточку бібліятэчнай залы – столік на дваіх. Гэта для маладых, што нядаўна ажаніліся. Тут і выданні падабраны адпаведныя: як сумеснае жыццё наладжваць ды дзяцей выхоўваць. І столік не пустуе. Шмат мультымедыйных крыніц інфармацыі пад дэвізам “Кніга – добра, дыск – сучасна”.

Краязнаўства ў Ліліі Маскалёвай – асаблівае: яна адсочвае лёсы зніклых вёсак сельсавета. А такіх на сёння набярэцца ажно з два дзясяткі. У бібліятэчным архіве, адкрытым для ўсіх ахвотных, – не толькі тапанімія ды этымалогія. Мы шмат пісалі пра неадкладную неабходнасць захавання гаворак-дыялектызмаў, вуснай народнай творчасці тых паселішчаў, што ўжо зніклі з карты Беларусі, але канкрэтнае пацвярджэнне, што ўсё гэта мэтанакіравана захоўваецца ў выглядзе ёмістых зборнікаў, знайшлі пакуль толькі ў Вяззеўскай бібліятэцы. Vivat, спадарыня Лілія! З вамі цікава размаўляць, у вашых залах пануе невынішчальны дух спазнання.

Лірычнае адступленне Яўгена Рагіна
З дзейнасцю бібліятэк Асіповіччыны добра знаёмы ужо гадоў сем. Памятаю, як упершыню быў уражаны разнастайнасцю форм працы тых, каму наканавана, здавалася б, бязвылазна “чэзнуць” над кніжным пылам. Не, бібліятэкары раёна ці не першымі ў рэспубліцы пачалі выкарыстоўваць у якасці платных паслуг тэатралізацыі, магчымасці лялечнага тэатра. Тады і прыйшоў да высновы: у бібліятэчнай справе атрымліваецца ўсё ў тых, каму абраная прафесія падабаецца...

СДК не працуе?
Зразумела, што рушылі далей у самым добрым настроі. Праязджаючы па ваколіцах Асіповічаў, заўважылі з дарогі незвычайную скульптурную кампазіцыю з фантанам, размешчаную каля буйнога мясцовага прадпрыемства будаўнічых матэрыялаў, і не змаглі не спыніцца, каб займець колькі здымкаў “на памяць”. З’явілася нагода зрабіць тое ж і ў час наступнага нашага прыпынку. Вёска Караны сустрэла пахам свежай раллі: Асіповіччына, як і ўся Беларусь, капала бульбу. Адна з жанчын, абапершыся на рыдлёўку, паведаміла з жалем, што клуба ў іхняй, падаецца, не такой ужо і безнадзейнай, вёсцы няма ўжо чатыры гады, бібліятэкі – таксама… Адзіная праява цывілізацыі – штотыднёвы візіт аўтакрамы...

Агледзелі замкнёны будынак колішняй установы культуры. Падзівіліся. Тым больш, што шыкоўная будыніна заможнага, па ўсім відаць, лясніцтва, якая месцілася непадалёк, пра бесперспектыўнасць вёскі, сапраўды, не нагадвала. У чым жа справа?

З гэтым пытаннем і прадоўжылі вандроўку. Непадалёк ад Каранаў аказалася вёска Карытнае, па якой доўга гойсалі ў пошуках устаноў культуры. Запыталіся ў трактарыста гадоў трыццаці, дзе ён культурна адпачывае. Упэўнена растлумачыў, як дабрацца да Дома культуры, але заўважыў, што танчыць асабліва няма з кім: усе дзяўчаты на вучобу ў горад з’ехалі…

Скарб на 21-м кіламетры
Як аказалася, знайсці мясцовы СДК было зусім не складана: яго будынак, бачна, добра дагледжаны, размясціўся якраз каля трасы Р-34, што звязвае Асіповічы з Калінкавічамі і Мазыром. А калі больш дакладна – на 21-м кіламетры шашы. Гэты факт мясцовыя культасветработнікі – дырэктар СДК Людміла Трубчаніна і мастацкі кіраўнік установы Наталля Малая – цікава абыгралі ў назве дыскатэкі.

Аднак не толькі дыскатэкай адзінай жыве Карытнае. Хутчэй наадварот: нешматлікую і рознаўзроставую моладзь (а школьнікаў у аграгарадку ўсяго 48) сабраць на адной пляцоўцы адной толькі музычнай праграмай, да таго ж, абмежаванай па часе, даволі праблематычна. Але выйсце ў крэатыўных работнікаў СДК знайшлося! Ужо не першы год у вясковым парку (да слова, у ХІХ стагоддзі ў Карытным размяшчалася шляхецкая сядзіба Вайніловічаў, дзе, як мяркуюць даследчыкі, у 1868-м гасцяваў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч) праводзіцца інтэрактыўнае свята для дзяцей, у аснове якога – пошук імправізаванага скарбу, тэматычна звязанага з гісторыяй мясцовасці. І хай сабе такая форма працы і не прыносіць установе вялікіх грашовых дывідэндаў, але вельмі падабаецца мясцовай грамадзе.

Захоўвае ды папулярызуе СДК не толькі мясцовыя легенды, але і, маючы некалькі калектываў, спеўныя традыцыі, а таксама народныя абрады. У захаванні апошніх мясцоваму Дому культуры дапамагае ні многа ні мала, а UNESCO. Што да фальклору, то стаўленне да мясцовага матэрыялу – вельмі беражлівае. А як можа быць інакш, калі, як высветлілася ў час размовы, Наталля Малая даводзіцца пляменніцай славутаму Міхасю Дрынеўскаму – народнаму артысту Беларусі, мастацкаму кіраўніку Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г. Цітовіча? Відавочна, што любоў да народнай спадчыны ў гэтым родзе закладзена на генетычным узроўні.

Не маглі не пацікавіцца і адносна сельскага клуба ў вёсцы Караны. Як аказалася, гэты населены пункт уваходзіць у зону абслугоўвання СДК у Карытным. Па словах яго дырэктара, Каранскі СК і сапраўды ўжо некалькі гадоў не працуе: няма ахвотнага там працаваць. Яшчэ адзін фактар, што прывёў да закрыцця ўстановы – тыповы: істотнае скарачэнне колькасці жыхароў вёскі. А таму мясцовыя ўлады не знайшлі лепшага выйсця, як прадаць прыватніку драўляны будынак Каранскага клуба. Але, як запэўніла Людміла Мікалаеўна, мясцовае насельніцтва не засталося без культуры: цяпер святочныя праграмы і выступленні калектываў перабраліся на пляцоўку шыкоўнага будынка лясніцтва, а аб’явы з інфармацыяй пра іх загадзя вывешваюцца на слупах.

Ужо развітваючыся, звярнулі ўвагу на прадумана зроблены пандус. Як аказалася, такі абавязковы ў тым жа Еўрасаюзе элемент любой установы культуры, прыдаўся дарэчы: доўгі час адным з пастаянных наведвальнікаў музычных святаў у СДК Карытнага быў малады хлопец-калясачнік з пасёлка Глуша, для годнага адпачынку якога меліся ўсе ўмовы…

Арфаграфія і “хваробы” ветрака
Чарговым пунктам нашага аўтападарожжа загадзя, яшчэ на этапе планавання, была абрана Глуша – здавалася б, звычайны пасёлак у Бабруйскім раёне. Але абмінуць яго было немагчыма. Пагадзіцеся: непаўторны Музей рамёстваў, будынак колішняй гуты, а таксама асоба выдатнага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча – усе гэтыя брэнды (іх пошук і з’яўляўся нашай асноўнай мэтай у вандроўцы) не маглі не прывабіць.

Перасекшы мяжу пасёлка, вырашылі найперш наведаць мясцовы скансен – даволі нетыповую ўстанову не толькі для Магілёўскай вобласці, але і для краіны ў цэлым. Як аказалася, дарогу да музея пад адкрытым небам знайсці не так і проста. Дзіўна, але апытаныя намі мясцовыя жыхары мелі цьмянае ўяўленне пра месцазнаходжанне ўнікальнага па многіх параметрах аб’екта, таксама як і пра сам музей. Што і казаць: атрымалася невялікае сацыялагічнае даследаванне, вынікі якога пакуль не могуць абнадзеіць.

Як ні дзіўна, але дапамог нам прыдарожны ўказальнік на роднай мове, няхай сабе і з арфаграфічнай памылкай – у сувязі з убачаным на месцы яна падаецца вельмі сімвалічнай.

А ўбачылі мы наступную карціну: на маляўнічай паляне размясцілася старадаўняя царква (між іншым, узор драўлянага дойлідства!), млын, а таксама некалькі будынін рознага стану захаванасці. Пры гэтым дагледжаным выглядае толькі праваслаўны храм, які, не зважаючы на музейны статус, жыве паўнавартасным жыццём: кожную нядзелю там адбываюцца набажэнствы.

А вось той жа млын-вятрак спраўляцца са сваімі функцыямі не можа нават намінальна: пад час адной з апошніх навальніц у “бедалагі” адарваліся дзве драўляныя лопасці, што цяпер валяюцца побач… Хапае “балячак” і ў так званым доме бедняка: з-за гліны, якая там захоўвалася для патрэб ганчарнай майстэрні, а дакладней, з-за вільготнасці, ад яе ўтворанай, пагнілі перакрыцці, бэлькі і, што самае крыўднае, багаты этнаграфічны матэрыял, сабраны пад час экспедыцый... А адметная лазня, якая палілася “па-чорнаму”, і ўвогуле засталася толькі на фотаздымках…

Надзея на “хэпі-энд”
А ўсё ж пачыналася вельмі добра. Яшчэ ў 1980-х на адведзенае пад Бабруйскам месца перавезлі разнастайныя жылыя, грамадскія, гаспадарчыя будынкі, сабраныя ў вёсках раёна. За некалькі гадоў у пастаянных экспедыцыях быў назапашаны найбагацейшы экспазіцыйны матэрыял – найперш этнаграфічнага характару. Акрамя таго, у музеі стварылі майстэрні народных рамёстваў. Прайшло колькі дзесяцігоддзяў, і ад колішняга музея, які наведвалі турысты не толькі з раёна ды вобласці, але і нават з замежжа, не засталося і шыльды. Каб даведацца, які ўстанова цяпер мае статус, давялося звяртацца да супрацоўнікаў мясцовага Дома культуры.

Сённяшні мастацкі кіраўнік Дома культуры Людміла Вячорка ў свой час разам з сяброўкай стаяла ля вытокаў музея: ездзіла ў экспедыцыі, займалася апісаннем выяўленых артэфактаў… Становіцца яшчэ больш крыўдна ад таго, што людзі не змагаюцца за створанае ўласнымі рукамі, за справу, на плён якой ахвяравалі свае сілы ды здароўе…

Хаця ўсё ж надзея на “хэпі-энд” ёсць. На дадзены момант на базе колішняга музея дзейнічае цэнтр рамёстваў, дзе “прапісаўся” народны дзіцячы калектыў “Глечыкі”, які хоць неяк ажыўляе музей.

Вядома ж, нельга не адзначыць і гаспадара ганчарнай майстэрні – члена Саюза майстроў Беларусі Аляксандра Арлова, які, нягледзячы на ўмовы, што спрыяльнымі аніяк не назавеш, згуртаваў вакол сябе мясцовых дзяцей ды падлеткаў. Што найбольш прыемна: некаторыя з юнакоў маюць намер прадоўжыць сваё навучанне рамесніцкаму майстэрству на базе вучылішчаў. Да слова, сярод іх – і дзеці Аляксандра Арлова. Хто ведае, магчыма, праз колькі гадоў гэтая сямейная дынастыя праславіцца сваім майстэрствам далёка за межамі раёна…

Тым больш, гэтаму спрыяе яшчэ адзін брэнд Глушы – фестываль народных рамёстваў “Глушанскі хутарок”, на які збіраюцца майстры-керамісты з усёй вобласці. Акрамя семінараў, дзе народныя рамеснікі дзеляцца сваім досведам, у рамках свята праходзяць і карыстаюцца поспехам у мясцовага насельніцтва майстар-класы па вырабах з гліны. Балазе на тэрыторыі колішняга музея пад навесам маюцца дзве ганчарныя печы.

Але не толькі ганчарныя перспектывы мае скансен у Глушы. Па словах Людмілы Вячорка, неўзабаве на музейнай тэрыторыі адродзіцца і ткацкая майстэрня. Прынамсі, ужо знойдзены малады спецыяліст, які пагадзіўся, хай сабе спачатку і на палову стаўкі, заняцца гэтай вельмі цікавай, але, разам з тым, і нялёгкай справай. Цяпер – слова за мясцовым, абласным кіраўніцтвам, якое, перакананы, павінна максімальна падтрымаць ініцыятыву…

Лірычнае адступленне Кастуся Антановіча
Падабенства скансена ў Глушы з Баранавіцкім раённым цэнтрам рамёстваў у вёсцы Русіно відавочнае. Праблем хапае і там, і там. Але пры гэтым баранавіцкі скансен актыўна развіваецца, мае ў сваім арсенале прапановы і для дзяцей, і для маладзёнаў, і для людзей сталага ўзросту. Перакананы, хапае месца для інтэрактыву і ў Глушы. Да прыкладу, ва ўсім свеце папулярныя разнастайныя СПА-працэдуры, існуюць дзясяткі відаў саўнаў. Але дзе можна папарыцца ў традыцыйнай беларускай лазні “па-чорнаму” – у свой час цудоўна апісанай Максімам Гарэцкім, – з усімі яе недахопамі і перавагамі? Існуе меркаванне, што па ўзроўні стэрыльнасці такая лазня падобная да хірургічнай аперацыйнай. Хто ведае, магчыма менавіта такога інтэрактыву не хапае замежным турыстам. Хаця чаму толькі замежным? Асабіста я таксама хацеў бы адчуць подых гісторыі не толькі праз “рымскія тэрмы”...

Не менш прывабнымі для турыстычнага патэнцыялу Глушы выглядаюць не толькі магчымасці Музея рамёстваў, але і брэнд сусветна вядомага пісьменніка Алеся Адамовіча, які знайшоў свой апошні прытулак на мясцовых могілках…

Пра гэта – у працягу падарожжа ў наступным нумары “Культуры”.

Аўтары публікацыі: Я. Рагін, К. Антановіч.

 

Крыніца: газета “Культура”

 

Навіны

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам