ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
WARSTORY.BY. Пакаленне міру пра вайну і мір
Сучасная Беларусь

Тата, мама, мы…

Тата, мама, мы…
Іншыя навіны

Валянціна Карпюк – пра знакамітага бацьку, небяспечную прынцыповасць і чалавечыя каштоўнасці, якія з ёй назаўсёды.


Нядаўна споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, вядомага гарадзенца Аляксея Карпюка. Карэспандэнт сустрэўся з яго дачкой, загадчыцай кафедры псіхіятрыі і наркалогіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Валянцінай Карпюк. Гутарка ішла ў кватэры шматпавярховіка, побач з якім пра Аляксея Нічыпаравіча нагадваюць пасаджаныя ім бярозы. Аказваецца, ён вельмі любіў садзіць дрэвы, называючы гэта “мышачнай радасцю” пасля завяршэння нейкай справы, творчага працэсу.

“Бацька быў безумоўным аўтарытэтам”

– Самаацэнкі Аляксея Карпюка даволі крытычныя. Маўляў, з яго “станоўчага героя не выведзеш”, ён “нецярплівы, самаўпэўнены, рэзкі, упарты, лёгкаранімы, нясціплы, самалюбівы, прамалінейны, некамунікабельны, скрытны, схільны перабольшваць ды кідацца ў крайнасці”. Валянціна Аляксееўна, а якім бачыцца характар Аляксея Нічыпаравіча вам?
– Вышэйзгаданыя характарыстыкі былі, верагодна, звернуты да, так бы мовіць, знешняга свету, нейкіх грамадскіх пытанняў. А ў сямейным жыцці гэта быў вельмі добры, памяркоўны чалавек. Тата ніколі не павышаў голас, у нас не было канфліктаў, якія пачыналіся б з яго боку. Ён быў у нашай сям’і безумоўным аўтарытэтам, але пры гэтым не праяўляў упартасці, нейкага ціску, заўсёды ствараў умовы, каб мы развіваліся як асобы. Сам адукаваны чалавек, ён і дзецям імкнуўся даць як мага больш інфармацыі па гісторыі, культуры, зацікавіць, у прыватнасці, вывучэннем замежных моў. Таму, дарэчы, усе мы, горш ці лепш, але валодаем адной-дзвюма замежнымі мовамі.
Тата любіў жартаваць, з’яўляўся бліскучым расказчыкам, мог нейкую гісторыю прыдумаць, а яна ўспрымалася як рэальная. Аднак ён не быў чалавекам эмацыянальна яркім у тым сэнсе, калі шмат дэманструецца, але мала робіцца. Трымаў у сабе нейкія праблемы, перажыванні, нават пачуццё любові да родных людзей. Але затое рабіў так, каб мы адчувалі сябе абароненымі, любімымі. Нават у дробязях. Па сёння, напрыклад, мае сябры дзяцінства прыгадваюць, як тата мог сабраць нас, дзяцей са двара на вуліцы Ажэшкі, і павесці на прагулку ў лесапарк Пышкі. Мы забаўляліся, і ён таксама, нягледзячы на ўзрост, бегаў з намі, гаманіў, апавядаў пра нешта цікавае. Нават у апошнія месяцы жыцця тата заставаўся такім жа добразычлівым да дзяцей і ўнукаў.

“Нішто не рабілася ва ўрон сям’і”

– І разам з тым такое выказванне: “Пісанне ўжо даўно захапіла маю душу цалкам і без астатку. Уцягнуўся ў гэты працэс, бы алкаголік – піць гарэлку. Ужо нішто не ў сілах ад гэтага адцягнуць – ні перспектыва грошай, ні дача, ні машына, ні службовая кар’ера”. Альбо: “Я надта люблю перыяды, калі пішацца – іх можна параўноўваць толькі са станам, калі ты закаханы. Зноў я перастаў заўважаць людзей, надвор’е ды нават тое, што рабілася ў сям’і (мабыць, таму празаікі не ідэальныя бацькі і мужы)…”
– Калі тата пісаў, то не адхіляўся на нейкія размовы і “выцягнуць” яго з гэтага працэсу было немагчыма. Але ён мяне, дзяўчынку, ніколі груба не адштурхоўваў. “Ну добра, ідзі пагуляй”, – казаў. Тата сапраўды цалкам прысвячаў сябе працы, якой займаўся. І гэта тычылася не толькі пісання, але спраў Саюза пісьменнікаў, яго членаў – пачынаючы літаратурнымі і заканчваючы бытавымі. Тут ён таксама выкладваўся цалкам і рабіў усё, што было магчыма.
Але не скажу, што гэта рабілася ва ўрон сям’і. Больш за тое, тата ахвотна ўцягваў нас у арбіту сваіх інтарэсаў – было б жаданне. Прыехалі ў Гродна “Песняры” – браў з сабой на канцэрт. Здымаўся фільм “Белыя Росы” – пайшлі, кажа, пазнаёмімся з Карачанцавым. Тата разам з іншымі музейшчыкамі накіроўваўся ў пошукавыя экспедыцыі (пра Аляксея Карпюка як першага дырэктара Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі “Звязда” расказала ў артыкуле “Вяртанне старажытнага вадаліва” 2 красавіка 2015 г. – Аўт.) – таксама бралі мяне з сабой, калі была на канікулах. Памятаю, напрыклад, вельмі цікавую экспедыцыю ў Жыровіцкі манастыр.

– Аляксей Нічыпаравіч імкнуўся ўплываць на прафесійны выбар дзяцей?
– Не, ён ніколі на нас не ціснуў. З аднаго боку – адказная, маральная атмасфера выхавання, а з другога — свабода асабістага выбару і самавызначэння. Хаця, безумоўна, нейкія пажаданні выказваліся. Ён, напрыклад, марыў, каб нехта з дзяцей быў урачом. Атрымліваецца, што я яго мару рэалізавала.

“Называў рэчы сваімі імёнамі”

– Калі Аляксея Карпюка па сфабрыкаваных абвінавачаннях выключылі з партыі, то ў Маскве яму прапанавалі неверагодную, як цяпер здаецца, “дапамогу”. Ён піша: “Гэты ўрач… браўся выдаць даведку, дзе чорным па беламу будзе стаяць, што я псіхічна ненармальны. Не так, каб быў зусім вар’ятам, а – неўраўнаважаны і не адказваю за свае ўчынкі. Маўляў, тады адразу ад мяне адчэпяцца… Бо, паводле нашай Канстытуцыі, на такіх людзей справы заводзіць ніхто не мае права”. Вы як гэта ацэньваеце з пункту гледжання прафесійнага псіхіятра?
– Вядома, што савецкую псіхіятрыю абвінавачвалі ў тым, што яна навешвала людзям, якія лічыліся небяспечнымі для тагачаснага ладу, псіхіятрычныя дыягназы. Але разам з тым яны і ратавалі іншадумцаў, дысідэнтаў ад жорсткіх пакаранняў, у тым ліку зняволення. Мяркую, што гэта была цэлая сістэма, якая, з аднаго боку, давала чалавеку пэўную абарону, а з іншага, супакойвала яго ганіцеляў. Маўляў, ён жа неўраўнаважаны, выказваецца на ўзроўні не свядомых палітычных поглядаў, а псіхічнай анамаліі…
– Тата адмовіўся ад такой прапановы, у чым зноў праявіліся яго прынцыповасць, няўменне “хавацца ў кусты”, калі лічыў, што праўда за ім.

– А ці мог ён прызнаць, што ў нечым памыліўся, папрасіць прабачэння?
– Безумоўна. У яго не было татальнай “непрабівальнасці” ва ўсіх жыццёвых сітуацыях – ад адносін паміж дваімі людзьмі да свету ў цэлым. У тым, што тычылася грамадзянскай пазіцыі, маральных каштоўнасцей, закладзеных з дзяцінства, ён быў вельмі прынцыповы. А ва ўсіх астатніх пытаннях (сямейных, прафесійных і іншых) быў чалавекам даволі гнуткім. І калі разумеў, што памыляецца, то прызнаваў гэта. Больш за тое, я не магу прыгадаць у паўсядзённым жыцці ніводнага выпадку, дзе б тата ўпарта адстойваў сваю пазіцыю, не маючы рацыі. Наадварот, калі, так бы мовіць, каса трапляла на камень, то ён ніколі не быў “каменем” – адыходзіў у бок.
Пры гэтым тата быў выхаваны так, што ніколі не маўчаў, калі нехта пры ім паводзіў сябе непрыстойна, лаяўся матам і тым больш у нецвярозым стане. “Хаты з краю” ў падобных выпадках для яго не існавала. Ён заўсёды спакойна, але вельмі жорстка рэагаваў, каб паставіць такога чалавека на месца. Памятаю, у дзяцінстве мне было нават страшнавата ехаць з татам у аўтобусе. Бо здавалася, што п’яніца, атрымаўшы заўвагу, у адказ кінецца на яго з кулакамі. Але ён не баяўся – называў рэчы сваімі імёнамі.

– Вы перадалі на выстаўку ў Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі інвалідную кніжку, якая паслужыла Аляксею Нічыпаравічу нядоўга…
– Так, ён быў цяжка паранены напрыканцы красавіка 1945 года, ужо падчас штурму Берліна. У таты адсутнічала большая частка правага лёгкага, далі групу інваліднасці. Аднак літаральна гады праз тры ён ад яе катэгарычна адмовіўся. Сказаў: “Я малады мужчына. Які ж я інвалід?” Выплаты спыніліся. А гэтая кніжка засталася.
Дарэчы, тата ніколі не бравіраваў і сваімі баявымі ўзнагародамі. Толькі аднойчы, за некалькі гадоў да смерці, удалося ўгаварыць яго сфатаграфавацца пры ордэнах і медалях з унукамі.

“Ён быў выхаваны ў духу асобаснай свабоды”

– Ці шмат было ў Аляксея Нічыпаравіча сяброў, людзей, якія яго разумелі і прымалі такім, які ён ёсць?
– Нядаўна адзін журналіст папрасіў мяне выказацца наконт дружбы Аляксея Карпюка і Васіля Быкава. На мой погляд, яны не былі сябрамі ў тым сэнсе, калі людзі сустракаюцца на бяседах, разам ездзяць па грыбы ці на рыбалку і г.д. Яднала іх найперш тое, што яны працавалі на “адной хвалі”, многія жыццёвыя каштоўнасці былі агульнымі. Чыталі творы адзін другога, абмяркоўвалі іх, рабілі заўвагі …
Думаю, што тату разумелі адзінкі – найперш людзі, якія выраслі ў той час і ў тым жа беларускім асяроддзі на Беласточчыне. Ён быў выхаваны ў духу нейкай унутранай асобаснай свабоды (няхай і абмежаванай, прыгнечанай польскай дыфензівай), калі чалавек мае права на сваю пазіцыю і адказвае за тое, што адбываецца і што будзе з краінай, народам.

– У 1953 годзе сакратар калгаснай партарганізацыі Карпюк піша ліст на імя першага сакратара ЦК Малянкова пра безгаспадарчасць і беззаконне з боку раённага начальства. А ў 1965 годзе ён прама заяўляе партыйнаму кіраўніку высокага рангу, які атрымаў ордэн за ўдзел у падпольным руху на Гродзеншчыне ў часы Вялікай Айчыннай вайны, што той ні дня не быў на акупаванай фашыстамі тэрыторыі…
– Здавалася б, чаго ты лезеш на ражон? Сядзі і маўчы. Але гэта была іншая культура выхавання, якая не дазваляла прыстасавальніцтва. Калі не я, дык хто адрэагуе на несправядлівасць, скажа праўду?

“Нехта ад нас шарахаўся, іншыя стараліся дапамагчы”

– Адгукалася такая прынцыповасць у тым ліку і цкаваннем. “…Да маёй жонкі сталі прыдзірацца на рабоце. Старэйшую дачку абвінавацілі, быццам яна наведвае нейкі непрыстойны клуб… Ад Клейна і мяне знаёмыя людзі кідаліся ў бакі, быццам бы ад пракажоных. Ніхто больш мне не тэлефанаваў, не дасылаў лістоў, а школы, тэхнікумы ды рабочыя інтэрнаты перасталі раптам запрашаць на выступленні”. Як усё гэта адбівалася на сям’і?
– Найбольш дасталося ў тыя гады, зразумела, Аляксею Нічыпаравічу – не давалі працу, не друкавалі. Для яго, чалавека, які вельмі трапятліва, як нацягнутая струна, ставіўся да справядлівасці і несправядлівасці, гэта было незразумела. Як так? Ён жа нічога дрэннага не зрабіў, хацеў толькі лепшага. Пра татавы перажыванні сведчаць нават фотаздымкі. Пасля ганенняў, хоць усё для яго скончылася быццам і паспяхова, погляд стаў нейкім патухлым…
У сувязі з бацькам узнікалі і праблемы з працаўладкаваннем у маёй сястры (дарэчы, непрыстойным палічылі яе захапленне групай “Бітлз”), у брата. Сапраўды, былі людзі, якія падчас ганенняў на Аляксея Нічыпаравіча ад нас шарахаліся. Аднак былі і тыя, хто стараўся дапамагчы. Што ж тычыцца сямейных узаемаадносін, то мы, як маглі, стараліся тату падтрымаць. Я, напрыклад, калі выходзіла замуж, то прозвішча не памяняла – у маім разуменні гэта была пэўная салідарнасць з татам.

“Больш я такіх мужчын не бачыла”

– Дарэчы, калі ішло яго цкаванне, то адзін з кіруючых работнікаў выклікаў маму і параіў ёй скасаваць шлюб. Маўляў, ён жа і вас за сабой цягне, падумайце пра дзяцей… Але мама, зразумела, тату не кінула.

– Якая гэта была пара – Аляксей Нічыпаравіч і Іна Анатолеўна?
– Цікавая была пара – садружнасць людзей з агульнымі інтарэсамі, якія ідуць па жыцці разам. Розніца ва ўзросце складала 9 гадоў, і мама побач з татам заўсёды была ў чымсьці дзяўчынкай. Пры ўсіх цяжкасцях яна ўсё ж была па-жаночы абароненай. Тата заўсёды пра яе клапаціўся, вырашаў прынцыповыя праблемы. Ён, вядома, не стаяў каля пліты, не варыў суп ці боршч, але браў на сябе і значную частку нейкіх жыццёвых пытанняў, якія тычыліся сям’і, дзяцей і ўнукаў.
Мама вычытвала яго рукапісы, асабліва калі гэта быў аўтарскі пераклад з беларускай на рускую мову, была яго першай суддзёй. А тата бачыў у маме не проста любімага чалавека, а асобу, і ніколі не прыгнятаў яе дзеля таго, каб было больш зручна яму, пісьменніку.
Вось, напрыклад, сітуацыя з вельмі складанага для нашай сям’і перыяду. У таты праблемы, ён не мае работы, цяжка нават у чыста бытавым, матэрыяльным плане. А мама, настаўніца ў школе, стараецца ўзяць як мага больш гадзін і пры гэтым яшчэ займаецца навуковай працай – хутчэй для сябе, чым для кар’еры. І тут на сімпозіум у Гродна прыязджаюць вучоныя з Масквы, з Акадэміі педагагічных навук, і даведваюцца пра гэтую настаўніцу. Кажуць, што ў яе ўжо амаль гатова кандыдацкая дысертацыя, і прапануюць паступіць у аспірантуру. Я тады толькі падыходзіла да школы, а брат і сястра вучыліся ў інстытутах. І ў такой сітуацыі маме ехаць у Маскву, дзе толькі аспіранцкая стыпендыя? Тым не менш тата не стаў у позу, а наадварот, усяляк падтрымліваў маму. Нешта прадаў, пазычыў грошы, каб яна магла вучыцца ў аспірантуры. Праз год мама абараніла дысертацыю і яе ўзялі ў Гродзенскі педінстытут на кафедру педагогікі, дзе яна адпрацавала 30 гадоў.
“Ты была самай лепшай жонкай, мне вельмі пашанцавала ў жыцці”, – сказаў тата перад смерцю. А мама незадоўга да смерці сказала: “Самай цікавай асобай быў у маім жыцці Аляксей – прыстойны, разумны, адукаваны, культурны чалавек. Больш я такіх мужчын не бачыла”.

Аўтар публікацыі: Барыс Пракопчык.

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам