ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
У дапамогу прафесійнаму чытанню
Нацыянальная бібліятэка Беларусі ўзнагароджана граматай

Невядомы аўтограф Яўхіма Карскага

Невядомы аўтограф Яўхіма Карскага
Іншыя навіны

Напярэдадні 150-годдзя з дня нараджэння заснавальніка беларускага навуковага мова- і літаратуразнаўства, этнографа, фалькларыста, акадэміка Расійскай акадэміі навук, правадзейнага члена Інбелкульта Я.Ф. Карскага выяўлены яго невядомы аўтограф.


Вядомы вучоны пакінуў дарчы надпіс на 1-м томе свайго шматтомнага даследавання "Белоруссы". Гэтая кніга ўбачыла свет у 1903 г. у Варшаве. Дазвол на яе друкаванне (у кнізе ёсць наступны тэкст: "Печать разрешаю. Г. Вильна, Ноября 19 дня 1903 г. Генералъ-Лейтенантъ Кн. Святополкъ-Мирский") выдаў Пётр Дзмітрыевіч Святаполк-Мірскі, які на той час быў віленскім, гродзенскім і ковенскім генерал-губернатарам. Менавіта яму і прысвяціў свой аўтограф Яўхім Карскі: "Его Сіятельству Князю Святополкъ-Мирскому отъ искренне благодарнаго автора".

Усе абставіны з’яўлення гэтага дарчага надпісу, як і сувязь Святаполк-Мірскага з выданнем першага тома "Белоруссов", яшчэ неабходна дэталёва высветліць, а пакуль што некалькі слоў пра людзей, якія маюць дачыненне да гэтай кнігі.

Яўхім Фёдаравіч Карскі, 150-годдзе якога адзначана 1 студзеня 2011 г., нарадзіўся ў вёсцы Лаша Гродзенскага павета. Гэта не толькі значная, але і выключна знакавая асоба для беларускай навукі і культуры. Таго, што зрабіў выдатны вучоны і даследчык для развіцця беларусазнаўства, хапіла б на цэлы навуковы калектыў. Ён першы ў гісторыі напісаў дысертацыю па беларускім мовазнаўстве. Працаваў дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта, пяць гадоў быў яго рэктарам. Выкладаў у Петраградскім універсітэце. Яго арганізатарскія здольнасці праявіліся падчас старшынства ў арганізацыйнай камісіі па адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у працы па стварэнні статута Інбелкульта. У Петраградзе Яўхім Карскі быў дырэктарам Музея антрапалогіі і этнаграфіі.

Заўсёды і ўсюды Я. Карскі нястомна працаваў на карысць беларускай справы. Найперш – як удумлівы даследчык, знаны вучоны. Сярод больш як 700 навуковых прац значнае месца займаюць даследаванні па гісторыі беларускай мовы, дыялекталогіі, фальклоры, этнаграфіі, гісторыі беларускай літаратуры. А яго знакамітая праца ў трох тамах "Белоруссы" – гэта, як сведчаць даследчыкі жыцця і дзейнасці Я. Карскага Генадзь Кісялёў і Віталь Скалабан, "вышэйшае дасягненне еўрапейскай славістыкі канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, фактычна энцыклапедыя беларусазнаўства". Дбаючы пра навуковую насычанасць навучальнага працэсу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, маючы асаблівыя пачуцці да гэтай навучальнай установы, Я. Карскі ў 1922 годзе перадаў ёй сваю багатую бібліятэку.

Вось чаму Беларусь дбайна зберагае ўсё створанае знакамітым вучоным, захоўвае добрую памяць пра яго і ўсяляк спрыяе пашырэнню яго навуковых дасягненняў. Асабліва адчувалася гэта напярэдадні юбілею вучонага. Пра тое сведчаць выстаўкі ў Нацыянальнай бібліятэцы, нядаўні выпуск электроннага выдання "Спадчына акадэміка Я.Ф. Карскага: да 150-годдзя з дня нараджэння".

Зусім справядліва было б парупіцца, каб у Санкт-Пецярбургу ў юбілейны для Яўхіма Карскага год на доме нумар 2 на Сёмай лініі Васільеўскага вострава, дзе ён жыў з 1920 г. і да самай смерці (29 красавіка 1931 г.), была ўсталявана мемарыяльная дошка, якая засведчыла б цесную сувязь вучонага з гэтым горадам.

Пётр Дзмітрыевіч Святаполк-Мірскі, як сведчыць Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, з’яўляецца расійскім ваенным і дзяржаўным дзеячам. Генерал-лейтэнант з 1901 г. Скончыў Пажскі корпус, Акадэмію Генштаба. З 1900 г. быў намеснікам міністра, а са жніўня 1904 г. да студзеня 1905 г. – міністрам унутраных спраў Расіі. У верасні 1902 г. – жніўні 1904 г. з’яўляўся віленскім, гродзенскім і ковенскім генерал-губернатарам. Пётр Дзмітрыевіч падтрымліваў выдавецкую дзейнасць Віленскай археаграфічнай камісіі, якая дзейнічала з 1864 г. да 1915 г. Яго стрыечны брат Міхаіл Мікалаевіч Святаполк-Мірскі ў 1891 г. купіў Мірскі замак і ў 1922 г. пачаў рэстаўрацыю.

Сёння кніга Яўхіма Карскага "Белоруссы" (першы том) з яго аўтографам князю Святаполк-Мірскаму знаходзіцца ў антыкварна-аўкцыённым доме "Раrаgіs" у Мінску. Па просьбе А. І. Бутэвіча прыналежнасць аўтографа менавіта Я. Карскаму пацвердзілі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, дзе захоўваецца самы багаты збор з яго бібліятэкі, калісьці перададзенай Белдзяржуніверсітэту, – каля 2,5 тысячы экзэмпляраў, ёсць шмат аўтографаў вучонага.

Тэлефанаванне А. Бутэвіча ў Санкт-Пецярбург Аляксандру Аляксандравічу Карскаму выклікала ў праўнука Я. Карскага прыемнае здзіўленне нечаканай знаходкай. Хоць ён шмат ведае пра свайго дзеда, мае шмат матэрыялаў пра яго, але пра гэты аўтограф яму не было вядома. Затое Аляксандр Аляксандравіч патлумачыў значэнне дазвольнага надпісу на кнізе "Белоруссы" П.Д. Святаполк-Мірскага. Дазвол на друк, атрыманы ад генерал-губернатара, дапамог пазбегнуць умяшання цэнзуры і паскорыў выданне кнігі.

Чытайце таксама:

Навіны

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам