ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Светлы след…
“Светлы след” Максіма Багдановіча: 125-гадовы юбілей паэта адзначаюць у Нацыянальнай бібліятэцы

“Мы працягваем чытаць, але страцілі культуру чытання…”

“Мы працягваем чытаць, але страцілі культуру чытання…”
Іншыя навіны

Так лічыць дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Ілона Сарокіна.


“Бібліятэкі важней за ўсё ў культуры. Можа не быць універсітэтаў, інстытутаў, іншых культурных устаноў, але, калі бібліятэкі ёсць, культура не загіне ў гэтай краіне”, – пісаў калісьці расійскі вучоны-літаратуразнаўца Дзмітрый Ліхачоў. Ці адпавядае гэта выслоўе цяперашняй рэчаіснасці, калі амаль любую кнігу можна знайсці ў інтэрнэце? Наколькі запатрабаванымі застаюцца бібліятэкі ў наш час, чым яны дыхаюць, як прыцягваюць да сябе чытача? Пра гэта і іншае мы пагутарылі з кіраўніком самай вялікай у Магілёўскай вобласці бібліятэкі Ілонай Сарокінай.

– Бібліятэку яшчэ называюць храмам культуры, а ў рэлігіі, калі нават ты верыш, але не наведваеш храм, нельга назваць цябе ўцаркоўленым. А як тады з бібліятэкай? Можна сказаць, што менавіта тут нараджаецца сапраўдная любоў да чытання?

– Любоў да чытання закладваецца ў сям’і, а бібліятэка і школа потым толькі дапамагаюць у развіцці. У дзіцяці, якому бацькі не чыталі, няма патрэбы ў чытанні. Яму прасцей паглядзець мультфільм, кіно і ні пра што не думаць. Але пры чытанні застаецца месца для творчасці, аналізу. Альберт Эйнштэйн казаў: “Калі вы жадаеце, каб вашы дзеці былі разумныя, чытайце ім казкі, калі вы жадаеце, каб яны былі яшчэ больш разумнымі, чытайце ім яшчэ больш казак”. Дарэчы, па меркаванні англійскіх вучоных, не музыка стаіць на першым месцы па супакаенні, а чытанне. Дзесяць хвілін чытання дапамагаюць зняць нервовае пераўзбуджэнне.

– Здаецца, у параўнанні з савецкім часам мы сталі менш чытаць. Гэта сапраўды так?

– Гэта не так. Сёння менш не чытаюць. Магчыма, у бібліятэку ходзяць менш. Асабліва ў параўнанні з 90-мі, калі нельга было купіць кнігу ў краме і народ ішоў да нас. У 1998 годзе, калі я прыйшла сюды працаваць, у выхадныя дні чытальныя залы да паўдня былі ўжо цалкам запоўнены. Зараз з’явілася шмат спосабаў знайсці навінку – сфатаграфаваць, спампаваць, скапіраваць і гэтак далей. Але моладзь па-ранейшаму чытае. Магчыма, кульгае якасць чытання. Я, напрыклад, са сваім не такім ужо і малым вопытам чытання, у тым ліку і па дыяганалі, не перастаю здзіўляцца той хуткасці, з якой чытаюць нашы дзеці. Звярніце ўвагу на тых, хто сёння сядзіць у грамадскім транспарце з электроннымі чыталкамі. На жаль, культура чытання вельмі кульгае. Узгадайце, як гэта рабілі раней: з алоўкам, з закладкамі. Адной з форм работы бібліятэкі заўсёды было абмеркаванне кнігі. Калі нешта цікавае прачыталі, трэба з кімсьці падзяліцца. Зараз, на жаль, ніхто не надае гэтаму значэння. Працэс пераўтварыўся ў паглынанне. А гэта як з ежай: калі паглынаеш, цяжка пераварыць.

– Якая літаратура зараз карыстаецца поспехам у чытачоў?

– Яшчэ некалькі гадоў таму аўтары рабілі стаўку на негатыў, забойства... Попыт на такую літаратуру ўпаў. Зараз людзей цягне на добрую мастацкую літаратуру. Вельмі прыемна, што сталі паяўляцца сучасныя аўтары, якія пішуць годна. Мы адсочваем усе навінкі, якія атрымалі літаратурныя прэміі ў Беларусі, Расіі і за мяжой, стараемся папаўняць імі нашы фонды. Летась самым нашумелым творам у Расіі стала кніга Гузель Яхінай “Зулейха адкрывае вочы”. У нас яе зачыталі да дзір. Цікавы сучасны раман. Поспехам карыстаецца твор Людмілы Уліцкай “Лесвіца Якава”. Радуе, што з’явіліся цікавыя беларускія аўтары. Той жа Валерый Гапееў з яго “Ведзьмінай Тоняй”, лічу, павінен быць у школьнай праграме. Там закрануты ўвесь комплекс сацыяльных праблем. Твор невялікі, але чытаецца на адным дыханні. І дзеці бяруць. Хаця спачатку стаўленне да яго было вельмі скептычнае. Маўляў, што цікавага можна ўбачыць ў беларускай кніжцы, ды яшчэ і на роднай мове. Даводзілася нават угаворваць. Але потым кніга не паспявала вяртацца на палічку. Бралі і бралі. Інфармацыя сярод дзяцей распаўсюджваецца вокамгненна.

Прыемна здзіўляе і тое, што дарослы чытач ідзе ўжо падрыхтаваны. Такіх людзей, якія кажуць: “Ну дайце мне што-небудзь пачытаць”, амаль няма.

– Як зараз папаўняецца бібліятэка? Ці шмат чаго можа сабе дазволіць? Па якім прынцыпе ідзе адбор?

– Мы адносімся да публічных бібліятэк, абслугоўваем усе катэгорыі чытачоў. Задавальняем запыты, пачынаючы з дзіцячай і папулярнай літаратуры, заканчваючы адукацыйнай і навуковай. Паколькі мы яшчэ і кнігасховішча ўсёй вобласці, стараемся мець у сваіх фондах усю “беларусіку”, усё, што звязана з краінай, Магілёўскай вобласцю. У нас ёсць вопыт пошуку гістарычных кніг, якія не захаваліся ў нашых фондах, вяртаем іх у алічбаваным выглядзе. Захоўваем усе раённыя газеты, абласныя, рэспубліканскія, краязнаўчыя, купляем сацыяльна значныя выданні, якія тычацца Беларусі, – альбомы, даведнікі і гэтак далей. Стараемся прытрымлівацца прапорцыі 60 % – навуковая і навукова-папулярная літаратура і 40 % – мастацкая.

У нас ёсць усе аўтары, якія складаюць сённяшнюю школьную праграму, набываем любоўныя раманы і дэтэктывы – на іх таксама ёсць попыт (мы павінны задавольваць усе густы чытачоў). Вялікую работу праводзім па рарытэтных выданнях, набываем рэпрынтныя кнігі. Апошняя літаратура не для масавага чытача, але мы павінны фарміраваць ідэалагічны і гістарычны складнік нашай дзяржавы.

Фонды сельскіх бібліятэк фарміруюцца крыху інакш, там акцэнт робіцца на мастацкую літаратуру і перыядычныя выданні. Калі ў вёсцы жыве, вобразна кажучы, 70 жыхароў і няма ні школы, ні моладзі, бібліятэку замяняе бібліёбус. Іх у нас, дарэчы, 18. Гэта вельмі добры варыянт. Два гады таму нас, кіраўнікоў абласных бібліятэк, вазілі ў Германію для пераймання вопыту. Там наогул няма паняцця “сельская бібліятэка”. Ёсць раённая і вялікі добры бібліёбус з усім неабходным начыннем. У населеных пунктах для яго прадугледжаны спецыяльныя стаянкі, дзе ён двойчы ў месяц працуе некалькі гадзін запар.

– Нямецкія бібліятэкі прыкметна адрозніваюцца ад нашых? Ці можна іх наогул параўноўваць?

– У Германіі мы наведалі бібліятэку Берлінскага ўніверсітэта імя Гумбальта (Цэнтр братоў Грым). Мяне ўразіла, што чытачы там усё робяць самі: пачынаючы ад падбору кніг па электронным каталогу і заканчваючы іх пошукам на патрэбных палічках. Там людзі больш разняволеныя і могуць працаваць у любой зручнай для сябе позе, нават закінуўшы ногі на стол. Але яны не парушаюць асабістую прастору свайго суседа.

Недахопу ў чытачах там няма, але параўноўваць нас нельга. На Захадзе добра працуе закон аб аўтарскім праве. Пірацтва няма наогул. Такога, каб нешта бясплатна спампаваць з інтэрнэту, няма. Усё толькі за грошы. У нямецкай бібліятэцы ёсць доступ да любых алічбаваных крыніц. Але чытачу даецца магчымасць карыстацца пэўным файлам на працягу толькі некалькіх тыдняў, потым гэты файл становіцца для яго недаступным.

– Сёння шмат разнастайнай інфармацыі і трэба добра арыентавацца ў гэтай бязмежнай прасторы. Наколькі лягчэй гэта зрабіць з дапамогай бібліятэкі?

– Зайдзіце сёння на сайт любой бібліятэкі, да вашых паслуг электронны каталог. Яго можна адкрыць у сябе дома і паглядзець, ці ёсць тут тое, што вам патрэбна. Базы даных на Захадзе развіваюцца з 60-х гадоў мінулага стагоддзя, а мы да гэтага толькі прыйшлі. У нас існуе ўжо некалькі такіх баз. Адна з іх – “Таленты ад роднай зямлі” – змяшчае прозвішчы 357 магілёўскіх пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў, іншых выдатных асоб. Над ёй працавалі ўсе бібліятэкі вобласці, кожная шукала інфармацыю пра свайго земляка, правяралі па энцыклапедыях. Праца зроблена вельмі вялікая, нягледзячы на тое, што даныя падаюцца сціслыя.

Нам ставяць у папрок пустыя залы. Але сучаснаму чытачу не трэба, як калісьці, сядзець у сценах – ён можа прыйсці і ўсё, што яму неабходна, спампаваць, сфатаграфаваць і пайсці. Сёння людзі ідуць, каб мы знайшлі для іх інфармацыю па розных тэмах. Часцей за ўсё гэта студэнты. За свае паслугі бяром па мінімуме. Калі чалавек не хоча працаваць сам, а чакае, калі за яго зробяць іншыя, гэта справядліва. Наогул, мы аказваем каля 40 платных паслуг: капіраванне, фотапаслугі і гэтак далей.

– Дарэчы, а наколькі складана бібліятэкам існаваць ва ўмовах рыначнай эканомікі. За кошт чаго даводзіцца выжываць?

– Ва ўсіх бібліятэках ёсць план платных паслуг, і кожны сам шукае спосабы, як яго выканаць. Чавусы, напрыклад, адкрылі сувенірную краму; Шклоў набыў спецыяльнае абсталяванне і робіць усё, пачынаючы ад паштовак – заканчваючы дыпломамі; Круглае купіла прынтар, з дапамогай якога ўпрыгожвае малюнкамі майкі, кубкі і гэтак далей; Клімавічы робяць магніты, буклеты і іншую дробную прадукцыю; у Чэрыкаве зарабляюць сувенірамі з паперы, займаюцца квілінгам; Асіповічы выязджаюць з платнымі лялечнымі прадстаўленнямі – там для дзяцей пры бібліятэцы створаны гурток, дзе яны самі робяць лялькі, пішуць сцэнарыі, выступаюць у ролі артыстаў.

Мы намагаемся зарабіць грошы, але, калі прымусіць бібліятэку перайсці на поўную самаакупнасць, на ёй прыйдзецца паставіць крыж. Бібліятэка ніколі сябе не акупіць. Мы нават не абаронены ад таго, верне чытач кнігу або не. Калі за мяжой існуе адказнасць за кнігу, якую ты ўзяў у бібліятэцы і не вярнуў, то ў нас такога няма. Там прозвішча нядобрасумленнага чытача ўносіцца ў агульную базу, і ўсюды, куды б ён ні звярнуўся, на ім будзе кляймо злодзея, які скраў дзяржаўную маёмасць. Раней па законе, калі чытач доўга не вяртаў кнігу, мы маглі звяртацца ў адрасны стол, каб удакладняць, дзе ён. Можа, памёр, памяняў адрас або пераехаў у іншы горад – нам трэба мець падставу для спісання кнігі. Але цяпер няма нават такой магчымасці. Вярнуць дзяржаўную кнігу або не – сёння цалкам на сумленні чытача.

– Ці шмат пастаянных чытачоў у бібліятэкі?

– Прыкладна 53 % жыхароў вобласці. І гэта стабільны працэнт. У нас 16 бібліятэк маюць сайты, і колькасць наведванняў павялічылася на 3 % за кошт віртуальных рэсурсаў. Меней стала хадзіць студэнтаў, бо зараз створаны вельмі добрыя бібліятэкі пры навучальных установах, якія рэгулярна камплектуюцца. Завочнікі, пенсіянеры, падлеткі, дзеці – гэта асноўны наш чытацкі касцяк. Крыху менш чытачоў ва ўзросце 35– 45 гадоў. Магчыма, таму, што гэта якраз той перыяд, калі чалавек актыўна займаецца сям’ёй і кар’ерай.

– Зараз стала нямодным трымаць хатнія бібліятэкі. Ці часта да вас звяртаюцца, каб аддаць свае кнігі?

– Сёлета было менш. Масавае знішчэнне асабістых бібліятэк прыйшлося на 2013–2015 гады. Мы забіраем усё. Нехта прывозіць сам, калі кніг шмат – мы едзем. Пры бібліятэцы ў нас створаны падменны рэзервовы фонд, за кошт якога свае фонды папаўняюць школы, папраўчыя ўстановы. Тое, што не разыходзіцца зусім, падчас мерапрыемстваў мы выстаўляем у шафе і адпускаем у вольнае плаванне.

Аўтар публікацыі: Нэлi Зігуля.

Крыніца: газета “Звязда”

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык”, якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам