ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Малахітавая шкатулка
“Прыязджайце дадому”: кніга выбранай паэзіі Генадзя Бураўкіна

Мамін голас – найлепшы інструмэнт. Выйшаў зборнік калыханак па-беларуску

Мамін голас – найлепшы інструмэнт. Выйшаў зборнік калыханак па-беларуску
Іншыя навіны

У выдавецтве “Галіяфы” выйшла беларуская складанка “Калыханкі” для мамаў, дзетак і ўсіх аматараў спеваў. Кніга змяшчае народныя і аўтарскія творы, а таксама замежныя дзіцячыя песні ў перакладзе на беларускую мову. На кампакт-дыску ў дадатак – тры дзясяткі музычных кампазіцый.

kalyhanki_1.jpg

Укладальніца “Калыханак” – філолаг Святлана Тоўсцік, мастачка – Ганна Сілівончык, дызайнер – Віялета Кубліцкая. На дыску песні выконваюць сама Святлана Тоўсцік, а таксама спевакі Данчык, Тацяна Грыневіч, Лера Чубат, Андрэй Лугін.

Задума ўзнікла ў дэкрэтным водпуску

kalyhanki_2.jpg

“У дэкрэтным водпуску з першым дзіцем даводзілася гадзінамі спяваць калыханкі – каб супакоіць, каб хутчэй заснуў, – расказвае Святлана Тоўсцік. – І вельмі хацелася, каб тэксты заўсёды былі пад рукой – такі практычны дапаможнік. Наш край багаты не толькі на рэкі і азёры, а яшчэ на песні – проста спеўны край! Песні суправаджаюць беларуса ад нараджэння. Так нарадзілася ідэя складанкі”.

Першага сына ў сям'і назвалі Альгердам, у гонар вялікага князя літоўскага. А літаральна разам з выхадам кніжкі нарадзілася дачушка Рагнеда, па імені першай князёўны на беларускай зямлі.

Пад адной вокладкай – класіка і новыя творы. Тут і любімыя пакаленнямі калыханкі “Доўгі дзень” Генадзя Бураўкіна і “Дзед-барадзед” Артура Вольскага, і новыя творы – “Па арэліках да нас ноч спусціцца мусіла” Эдуарда Акуліна і “Спі, мая кветачка” Алеся Камоцкага. Ну і як жа без народных песен накшталт “Люлі-люлі-люлі, прыляцелі куры”.

kalyhanki_3.jpg

“Разам з тым захапілася ангельскімі дзіцячымі песнямі, – працягвае Святлана. – Яны вядомыя ва ўсім свеце, перакладзены на розныя мовы. Захацелася, каб загучалі і па-беларуску. Пачала іх перакладаць, выступала ў дзіцячай бібліятэцы, на фэсце «Каласы пад сярпом тваім», на занятках «Мова нанова дзеткам», на «Прамове» ў ТБМ. Таксама прыхільніца «Спеўнага сходу», які ладзіць Сяржук Доўгушаў​.

Але ўсе песні адразу складана аформіць, вырашыла надрукаваць спачатку тое, што найбольш неабходна нашым бацькам і дзеткам. Гэта, на мой погляд, калыханкі”.

Дзевяць першых калыханак былі запісаныя разам з вакалістам Андрэем Лугіным і клавішніцай Аленай Палачанскай з хрысціянскага гурту Laudans. У той жа час Віталь Абакановіч, муж Святланы Тоўсцік, звярнуўся па дапамогу да мастачкі Ганны Сілівончык, якая аформіла кнігу.

“Кожную ноч на небе запальваюцца мільёны зорак. Вось і на прыгожых малюнках Ганны Сілівончык яны весела зіхацяць і радуюць сваім святлом нашыя вочы і сэрцы. А песні пра зорачкі вельмі пранікнёныя і кранальныя.

Не забыліся мы і пра самыя вядомыя з даўніх часоў калыханкі – народныя, якія спявалі нашы бабулі. Гэта найлепшы сродак залюляць, закалыхаць дзіця, каб яно хутчэй заснула. Мамін голас – найлепшы інструмэнт. Так што чытайце, глядзіце, слухайце і спявайце. І добрых вам сноў!” – кажа Святлана Тоўсцік.

Выдаць дапамаглі мецэнаты з ЗША і Канады

Рэалізаваць ідэю “Калыханак” дапамаглі сябры: Алена Рыдзеўская з ЗША, культурна-адукацыйны фонд Orsa-Romano Cultural and Aducational Foundation, а таксама Ірына Тоўсцік, сястра Святланы, якая жыве ў Канадзе.

“Вельмі ўдзячная ўсім аўтарам за тое, што далі згоду і падзяліліся сваімі творамі, – гаворыць укладальніца «Калыханак». – Гэта Леанід Дранько-Майсюк, Арына Лісецкая, паэты-перакладчыкі Андрэй Хадановіч, Алена Церашкова.

Самай галоўнай Зорцы Раства паэт Алесь Клышка прысвяціў сапраўдны гімн. А мама дзевяці дзетак Ала Скарабагатая прачытала сваю калыханку пад музыку Шуберта. Так, асобныя рэчы – як вершы пад класічную музыку. Напрыклад, «Ціха ноч ступае з зорнаю сявенькай» Рыгора Барадуліна – пад Баха”.

Святлана Тоўсцік працуе ў медыйнай сферы, сябра Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і Студэнцкага этнаграфічнага таварыства.

Аўтар публікацыі: Ігар Карней.

Крыніца: Радыё свабода


Навіны

30 Май 2020

1928 год. У часопiсе “Узвышша” з’яўляецца новая паэтычная публiкацыя. Над адным з вершаў стаiць прысвячэнне “Р.М.”, а гучыць верш зусiм не ў духу эпохi: гэта любоўная лiрыка…

Навіны бібліятэк

Беларускі бэстселер 1920-х: аповесць Міхася Зарэцкага “Голы звер”

28 Май 2020

Міхась Зарэцкі, паводле ягоных уласных успамінаў,распачаў свае літаратурныя спробы пасля яркага ўражання ад незвычайнага сну. Надалей, атрымліваючы ўсё болей і болей жыццёвага ды пісьменніцкага досведу, ён адтачыў сваё майстэрства на кароткай прозе. І аповесць “Голы звер” (1926) стала як бы лагічным працягам творчага і асобаснага сталення пісьменніка.

Блог прафесійнага чытача

111