ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Візіт старшыні КПРФ Генадзя Зюганава
Выдавецтву “Беларусь” – 90!

Лепшыя беларускія кнігі 2010 года

Лепшыя беларускія кнігі 2010 года
Іншыя навіны

Гадавымі рэйтынгамі беларускіх выданняў вызначаны лепшыя беларускія кнігі 2010 года.


Прапаноўваем вашай увазе рэйтынг лепшых беларускіх кніг 2010 года, зроблены крытыкам, літаратуразнаўцай Г. Кісліцынай.

Прафесія крытыка пераконвае мяне ў тым, што далёка не ўсе, хто прымервае на сябе пісьменніцкія лаўры, насамрэч з’яўляюцца пісьменнікамі. Іначай як вытлумачыць той факт, что робячы гадавыя рэйтынгі беларускіх выданняў, увесь час сутыкаюся з хранічнай адсутнасцю такога мастацкага твора, які б захацелася абвясціць бясспрэчным бестселерам, кнігай, абавязковай для пакупкі і прачытання? І ўсё ж варта назваць імёны тых, хто парадаваў.

Самая арыгінальная кніга года – “Ладдзя роспачы” Уладзіміра Караткевіча. Гэта сапраўды ўнікальная кніга! У ёй можна пабачыць сам рукапіс, чарнавыя накіды, невядомыя фотаздымкі Караткевіча, а таксама тыя 296 правак, якія зрабілі цэнзары ў невялікім, але бліскучым творы класіка прыгодніцкага жанру савецкага часу. Ідэя выдання такой кнігі цалкам належыць Глебу Лабадзенку, які, да ўсяго, арганізаваў збор сродкаў на такі ўнікальны праект. Дарэчы, гэта ўжо не першы выпадак, калі малады паэт і журналіст атрымлівае народную дапамогу на свае добрыя справы. Бадай, няма нічога важнейшага ў літаратуры, чым жывая сувязь пісьменнікаў і чытачоў.

Лепшая кніга прозы – “П’яўка” Юрыя Станкевіча, напісаная ў жанры рамана-папярэджання. Той, хто ўжо сутыкаўся з антыўтопіямі гэтага аўтара, адчуе пэўнае дэжавю. Бо вобразы Сімуляцыі, Еўрабіі, Мегаполіса, квазіэлояў і працаробаў ужо не раз з’яўляліся на старонках твораў гэтага пісьменніка, у тым ліку і ў яго апошніх "Эрыніях". Станкевіч – тыповая ахвяра футуролагаў з іх постапакаліптычнымі застрашваннямі. Але піша ён вострую, актуальную прозу з займальным сюжэтам. І хоць яго тэксты перагружаныя навуковымі і псеўданавуковымі фактамі, расісцкімі і гомафобнымі выпадамі, але, прынамсі, ён адзіны, хто не баіцца зазірнуць у будучыню. На фоне інфантыльных пісьменнікаў-"элояў", Станкевіч – чорнарабочы заўтрашняй літаратуры.

Лепшая кніга прозы для падлеткаў – “Урокі першага кахання” Валерыя Гапеева. Тры аповесці, якія ўвайшлі ў кнігу, цяжка, безумоўна, параўноўваць з нашумелай “Школай” Валерыі Гай Германікі, але, тым не менш, твор атрымаўся яркім, цікавым, актуальным. Кніга будзе карысная і бацькам, і настаўнікам – не толькі як мажлівасць успомніць, што сённяшнія падлеткі жывуць па законах дарослага жорсткага свету, але і наблізіцца да свету віртуальнага, дзякуючы невялічкаму слоўніку, у якім тлумачацца паняцці. Адзіным мінусам выдання з’яўляецца яго “недзіцячы” кошт.

Лепшая кніга прозы для аматараў нацыянальнай гісторыі – “Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды” Ігнацыя Яцкоўскага. Каб адкрыць аўтарства “Аповесці з майго часу...”, літаратуразнаўцам спатрэбілася сорак гадоў. Ігнацы Яцкоўскі – 36-гадовы наваградскі адвакат, які вясною 1831г. далучыўся да Літоўскага паўстання, вынікам чаго стала 25 гадоў эміграцыі. “Аповесць...”, напісаную на пачатку 50-х гадоў ХІХ ст., можна лічыць гістарычным творам, бо мастацкі час пачынаецца ў канцы ХVІІІ ст., а заканчваецца падзеямі ў знакамітым Крашыне 1828 г. Галоўная сюжэтная лінія заснаваная на сямейна-побытавай драме з прыгодніцкімі элементамі. У “Аповесці...” шмат успамінаў пра чутае і бачанае аўтарам, але гэта не мемуары, а, хутчэй, лірычныя адступленні, якія ствараюць каларыт той эпохі, у якую жывуць героі. Пераклад, пасляслоўе і каментарый, зроблены Міколам Хаўстовічам.

Лепшы празаічны дэбют – кніга Наталкі Харытанюк “Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката”. Самае неверагоднае ў гэтым выданні тое, што маладая аўтарка дэбютавала ў такім складаным жанры, як філасофская проза. Вядома, гэты жанр – “на аматара”... “Трынаццаць гісторый...” – кніга пра “здзіўленне, якое не вымагае ніякіх пошукаў і тлумачэнняў”... Пра тое, чаму “перамога не адрозніваецца ад паразы”... Пра загадкі, знікненні і тайны, якія адбываюцца адно ў размовах двух любячых людзей. Адзінай праблемай гэтых філасофскіх дыялогаў застаецца герметычнасць прасторы, на якой жывуць і спрачаюцца інтэлектуальна заклапочаныя персанажы кнігі... Але калі вы любіце прозу цяжкую для разумення, але лёгкую і нават зграбную па форме, то гэтая кніга для вас.

Лепшыя кнігі паэзіі – “Новае неба” Адама Глобуса і “Несымэтрычныя сны” Андрэя Хадановіча. Гэтыя аўтары застаюцца лідарамі чытацкіх сімпатый, але яны настолькі розныя, што цяжка выбраць паміж імі. Глобус у “Новым небе” прадстаўляе як вершы ранейшай пары, так і зусім новыя, але і тыя, і другія напісаны ў класічным для нашай літаратуры ключы. Хадановіч у новай кнізе чарговы раз пацвярджае сваю славу наватара.

Лепшая навуковая кніга, якая будзе цікавай не толькі гісторыкам-прафесіяналам, – шасцісотстаронкавы фаліянт Наталлі Гардзіенкі “Беларусы ў Вялікабрытаніі”. Сваёй задачай даследчыца бачыла найбольш шырокае асвятленне разнастайных форм і праяў беларускага жыцця ў згаданай краіне і, у першую чаргу, гісторыі беларускіх арганізацый – грамадскіх, культурна-асветных, рэлігійных, вайсковых. Дзякуючы тытанічнай працы ў архівах, якую правяла Гардзіенка, чытач мае магчымасць адчуць унікальную атмасферу, у якой нашы былыя суайчыннікі змагаліся за захаванне і папулярызацыю нашай нацыянальнай культуры на прасторы іншамоўнага асяроддзя.

Лепшыя мемуары – дзясяты том Збора твораў Максіма Танка. Нават дзіўна, якой павучальнай і своечасовай кнігай могуць стаць дзённікі савецкага часу... Па-першае, іх можна разглядаць як сумную сямейную сагу пра росквіт і заняпад вялікай шчаслівай сям’і. Па-другое, з гэтага тома можна даведацца пра акалічнасці, у якіх адбываліся тыя ці іншыя літаратурныя падзеі мінулага. Ну і паглядзець на калег-пісьменнікаў вачыма чалавека, якога проста бессаромна выкарыстоўвалі для рашэння сваіх дробных утылітарных праблем... Але самае цікавае ў дзённіку – згадкі і палеміка са сваімі паплечнікамі і сябрамі, тымі, хто сёння па праву ўваходзіць у пантэон нацыянальнай літаратуры. Напрыклад, чытачы могуць даведацца, што Максім Танк лічыў аўтарам культавай паэмы “Сказ пра Лысую гару” Міколу Аўрамчыка, зашыфраванага ў дзённіку як “М.А.”.

Лепшая кніга крытыкі – “Сыс і кулуары” Леаніда Галубовіча. Апошнім часам ловіш сябе на думцы, што пра літаратуру цікавей чытаць, чым чытаць саму літаратуру. Цяжка не пагадзіцца з той ацэнкай стану сучаснай беларускай крытыкі, якую дае адзін з нашых самых аўтарытэтных крытыкаў: “Крытыка з д з я ц і н е л а і, як немаўлё, жэстам альбо крыкам спрабуе паказаць сваё ўспрыманне салодкага ці горкага (гэта смачнае, тое нясмачнае, гэта мастацкае, а тое не...). Даўно ўжо няма ўцямнага тлумачэння т а г о – мастацкага, на якое яна паказвае пальцамі, і няма прадчування і вызначэння новых творчых накірункаў”. Варта адзначыць, што сёння гэтая кніга Галубовіча – ці не лепшы даведнік па актуальнай беларускай літаратуры.

Лепшая кніга гутарак і інтэрв’ю – “З апокрыфа ў канон” Алеся Разанава. Літаратурныя нататкі жывога класіка беларускай літаратуры не менш цікавыя за яго авангардную паэзію, хоць, зразумела, адрасаваныя яны спакушанай публіцы.

За год выйшла шмат цікавых і патрэбных кніг... І ўсё ж, з сумам падводзіць вынікі Г. Кісліцына, выбар у нашага чытача, нягледзячы на вялікую колькасць выданняў, не такі і вялікі. Але застаецаа надзея калі-небудзь прачытаць сваю і д э а л ь н у ю беларускамоўную кнігу.

Крыніца: Газета “Звязда”

Чытайце таксама:

Навіны

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам