ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Творчыя заняткі “Маленькі пажарнік”
МАГАТЭ: учора, сёння, заўтра

Колас: «Мая Маруся забіла гэту адзіноту...»

Колас: «Мая Маруся забіла гэту адзіноту...»
Іншыя навіны

У Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет кніга «Табой я жыў, табой жыву...», якая прысвечана жонцы народнага паэта Беларусі Якуба Коласа – Марыі Дзмітрыеўне Каменскай (1891–1945). Укладальнікі цікавага, багатага на гістарычную памяць выдання – унучка песняра Вера Міцкевіч і праўнучка Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч.

... Дзяўчынкай Марыя Каменская, якая нарадзілася ў Ашмянах Віленскай губерні 7 лютага 1891 года, вучылася ў духоўным вучылішчы, пасля працавала настаўніцай чыгуначнай школы ў Вільні, затым – у Пінску. У Пінску і пазнаёмілася з Якубам Коласам у 1912 годзе. Праз год яны пажаніліся. У 1914 годзе нарадзіўся першы сын – Даніла. У 1917 годзе – Юрый, у 1926-м – Міхась. У час Першай сусветнай вайны сям’я знаходзілася ў бежанстве ў Падмаскоўі, пасля ў Пярмі і Абаяні. Марыя Дзмітрыеўна працягвала настаўнічаць. У 1921 годзе сям’я вярнулася ў Мінск. З таго часу Марыя Дзмітрыеўна – хатняя гаспадыня. У гады Вялікай Айчыннай вайны жонка Коласа часта хварэла. Сям’я жыла ў эвакуацыі ў Ташкенце. На фронце прапаў без вестак сярэдні сын Юрка. Напрыканцы 1944 года стан здароўя жонкі паэта істотна пагоршыўся. З пачатку 1945 г. яна знаходзілася ў маскоўскіх шпіталях. Памерла ў Маскве 21 мая 1945 г. 

Колас заўсёды аддаваў свае творы на першае чытанне Марыі Дзмітрыеўне, раіўся па розных мастацкіх пытаннях.

Кніга, прысвечаная жонцы народнага песняра Беларусі, складаецца з некалькіх раздзелаў. У першым укладальнікі змясцілі публіцыстычныя і гісторыка-літаратурныя артыкулы – «І дзе знайсці мне тыя словы...» Данілы Міцкевіча, «Я хачу аб табе з кім хоць слоўка сказаць...» Міхася Міцкевіча, «Яны спаткаліся, каб не расставацца» Святланы Явар, «...Мой добры друг, мая святыня...» і «Непаўторная кветка», аўтарам абодвух тэкстаў з’яўляецца Вера Міцкевіч, «Па сцяжынках Марыі Дзмітрыеўны» Марыі Міцкевіч. Другі раздзел – «А з думак тых звіваецца вянок...» – сабраў разам сямейнае ліставанне. У трэцім – «Як гэта добра – атрымаць пісьмо!»: выбранае з ліставання Марыі Міцкевіч і яе адрасатаў. У пятым – дакументы і спачуванні на смерць жонкі паэта. Шосты раздзел вызначаецца асаблівай эмацыйнасцю: у ім – творы, прысвечаныя Марыі Дзмітрыеўне: Якуба Коласа (і «Маёй Марусі», і ўрывак з паэмы «Рыбакова хата», і іншыя творы), Эдзі Агняцвет, Сяргея Гарадзецкага, Яўгена Хвалея, Людмілы Дзіцэвіч, Дзмітрыя Дземідовіча, Міколы Мятліцкага, Міколы Маляўкі, Міколы Адама, Віктара Шніпа. З «Пасляслоўем» выступае Васіліна Міцкевіч, праўнучка паэта і Марыі Дзмітрыеўны. Варта заўважыць, што кандыдат сацыялагічных навук, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Васіліна Валер’еўна Міцкевіч у апошнія некалькі гадоў заявіла аб сабе глыбокай даследчыцай жыцця народнага песняра, яго стасункаў з роднымі, блізкімі, калегамі па творчаму цэху.

З грунтоўнай, усеабдымнай і разам з тым вельмі эмацыйнай, «вельмі коласаўскай», прадмовай да кнігі – «Сувоі памяці» – выступае дасведчаны гісторык літаратуры, кандыдат філалагічных навук Мікола Трус. І вось што ён, у прыватнасці, адзначае: «Творчая спадчына Якуба Коласа, прадстаўленая ў асобных кнігах і зборах твораў, апошні з якіх налічвае 20 тамоў, стварае бязмежную прастору для вывучэння, асэнсавання і бясконцых аўтарскіх інтэрпрэтацый. Усе коласазнаўчыя публікацыі – гэта аб’ёмісты корпус тэкстаў, прысвечаных спасціжэнню класікі, гісторыі беларускай літаратуры.

Пры ўсіх багацці і плюралізме даследчыцкіх меркаванняў, адкрытай магчымасці іх папаўнення і актуалізацыі надзвычай каштоўным, на нашу думку, з’яўляецца выяўленне і публікацыя невядомых архіўных матэрыялаў. У гэтым бачыцца зарука абнаўлення поглядаў, карэкціроўкі ракурсаў асэнсавання мінулага і непадуладнай часу мастацкай творчасці.

Калі для шырокай грамадскасці і навуковай супольнасці ўвагу да спадчыны класіка беларускай літаратуры прыцягваюць юбілейныя даты, штогадовыя „Каласавіны“, ушанаванне памяці Якуба Коласа ў дні яго нараджэння і спачыну, то для нашчадкаў песняра гэта штодзённы сямейны клопат і прафесійная руплівасць. Акадэмічны „Летапіс жыцця і творчасці“ – вывераны гадамі працы даведнік для даследчыкаў. Сямейны агмень, які годна падтрымліваюць Марыя, Вера і Васіліна Міцкевіч, – нязменны арыенцір для чулых душ, прывабленых энергетыкай Коласавага слова. Руплівымі жаночымі рукамі тчэцца сувой родавай памяці, паўнее куфар нацыянальных здабыткаў...» І далей: «У гісторыі беларускай і сусветнай культуры набярэцца нямала прыкладаў, калі нашчадкі пісьменнікаў станавіліся асноўнымі захавальнікамі іх матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны, прыкладвалі вялікія арганізацыйныя высілкі пры мемарыялізацыі мясцін і хатняга побыту вядомых асоб, выданні пісьмовых крыніц. Ужо сама іх прысутнасць у музейнай прасторы заўсёды стварала і працягвае ствараць непаўторнае адчуванне персанальнай далучанасці, душэўнага дакранання наведвальнікаў экспазіцый і ўдзельнікаў мерапрыемстваў да няўлоўнага, але такога важнага парцэсу пераемнасці гісторыі і традыцый.

Даніла і Міхась Міцкевічы. Сыны Песняра, звенчакі памяці і спраўджаныя спадзяванні бацькоў на лепшую долю беларусаў, іх выдатную адукацыю, навуковую і творчую рэалізаванасць. Кожны, хто знаёмы з іх словамі і справамі, займеў для сябе высокі маральны аўтарытэт, прыклад слугавання Бацькаўшчыне».

Укладальнікі выбудавалі адметную архітэктуру кнігі, рэльефна вымалёўваючы вобраз Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч. «Табой я жыў, табой жыву...» – гэта кніга-партрэт, кніга-біяграфія, напісаная рознымі аўтарамі ў адной плыні сапраўднай любові да свайго персанажа, захаплення постаццю жонкі вялікага мастака слова. Дадзенае выданне смела можна было б уключаць у серыю «Мастацкай літаратуры» з красамоўнай і зразумелай назвай – «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». Мо такая ўдача і вывела на рэалізацыю магістральнай ідэі, што сямейнікі, нашчадкі народнага песняра падступаліся да яе вырашэння не адзін год, не адно дзесяцігоддзе. Канец XX – пачатак XXI стагоддзяў знамянальны ў айчынным коласазнаўстве і тым, што былі выдадзены кнігі сыноў паэта – шматгадовага дырэктара, супрацоўніка Коласаўскага музея Данілы Міцкевіча і доктара тэхнічных навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусі Міхася Міцкевіча, альбо кнігі з іх непасрэдным удзелам як укладальнікаў, рэдактараў. Асобы з выразнай беларускай грамадзянскай пазіцыяй, надзвычай чуйныя да родавай памяці, да асэнсавання месца і ролі Якуба Коласа і яго атачэння ў гісторыі беларускай літаратуры, сведкі многіх грамадскіх, сацыяльных, жыццёвых калізій на працягу многіх дзесяцігоддзяў у лёсе Беларусі, яны заклалі грунт, утрывалілі ідэю жывой неўміручасці аўтара «Новай Зямлі».

...Даніла Міцкевіч («І дзе знайсці мне тыя словы: Успаміны пра маму»): «Дзяўчынкаю маме давялося вучыцца ў духоўным вучылішчы. Руская па нацыянальнасці, яна дасканала ведала і любіла беларускую мову, якая стала для яе роднай. Многім даказвала, што беларуская мова захавала больш ад старажытнаславянскай асновы, чым руская. У доме гаворкі вяліся па-беларуску, і маці часта папраўляла нас у сэнсе правільнага вымаўлення слоў. Яна ведала шмат нашых народных песень, часта спявала. Памятаю: „Ой, зацвіла ружа, белы цвет“. Язэп Лёсік нярэдка прасіў, каб яна выканала песню „З гары па даліне галубы ляталі“. Сардэчна і чула да мамы ставіліся Янка Купала, Максім і Гаўрыла Гарэцкія, Змітрок Бядуля, Аркадзь Смоліч, Алесь Сянкевіч і, па сутнасці, усе, хто бываў у нас і сустракаўся з ёю.

Яна была чалавекам, поўным любові да людзей і з пяшчотай ставілася да нас, сваіх дзяцей, вучыла нас быць добрымі, сумленнымі, працавітымі. Нам пашчасціла ў тым, што ў бацькоў ніколі не было сварак, лаянкі, што ў нашай сям’і заўсёды панавала атмасфера любові і дабрыні. Якое ж гэта шчасце! Яго, тое шчасце, найперш стварала наша мілая мама...»

Сапраўдны падарунак да чытача – кніга «Табой я жыў, табой жыву...», выдадзеная па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца яркай падзеяй айчыннага кнігавыдання, падзеяй коласазнаўства ў час святкавання краінай 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. І яшчэ... Томік пра Марыю Дзмітрыеўну Міцкевіч – гэта і добры падручнік сямейнай педагогікі. Не абмініце кнігу, напоўненую любові і хараства жыцця!.. Мець такую кнігу варта ў кожнай школе краіны. Па яе старонках можна вывучаць і пытанні сямейнага выхавання, і гісторыю беларускай літаратуры, яе старонкі будуць наталяць смагу па жывому, багатаму на энергетыку роднасці і чуласці, беларускаму слову. 

Аўтар публікацыі: Кастусь Ладуцька.

Крыніца: Выдавецкі дом «Звязда»

Навіны

Лекцыя-канцэрт “Анталогія нацыянальнай харавой спадчыны”

26 Кра 2024

25 красавіка ў галерэі “Лабірынт” адбылася заключная ў сезоне 2023–2024 гг. інтэрактыўная лекцыя-канцэрт з цыкла “Музычная спадчына Беларусі ў прасторы сучаснай культуры”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам