ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Велікодны падарунак
Пісьменнік і чалавек шчодрага сэрца

Балючая непрыкаянасць Валерыя Маракова

Балючая непрыкаянасць Валерыя Маракова
Іншыя навіны

Па-матыльковаму лёгкія, ясенінска-эпігонскія вершы пра заходы і ўсходы сонца, пра радасць маладосці складаў юны паэт, прызнаваўся ў любові да вёскі. Але найбольш цікавае, створанае Валерыем Мараковым, прыпадае на першую хвалю рэпрэсій.

Напачатку не было ў яго рыфмаваных эмацыянальных допісах арыгінальнай ноты. Эпігонскі пачатак адужваў рэдкія праявы арыгінальнасці.

Але вершы Валерыя Маракова падабаліся.

Больш за тое, карысталіся поспехам.

Па ўспамінах паэта Сяргея Грахоўскага, яго кнігі натхнялі школьніц на смелыя эратычныя прапановы: «Радкі з “Пялёсткаў” станавіліся нашымі прызнаннямі ў запісачках, перададзеных у падручніках упадабаным аднакласьніцам:

І ўжо тады пад белаю калінай
Нам будзе месяц сыпаць каласы.
І так, бывай, каханая дзяўчына,
Прыйду я хутка да цябе ў даліны
Упіцца сьвежасьцю крамянае касы.

І ў той жа “Фізіцы” Цынгера часам прыходзілі адказы з тых жа “Пялёсткаў”:

Будзе песьні нам пець зачарованы гай,
Будзе слухаць іх месяц і радасны край,
А мы будзем кахацца ў полі.

“Пялёсткі” пераходзілі з рук у рукі, вершы перапісваліся ў патаемныя дзявочыя дзёньнікі». (Сяргей Грахоўскі «Голас Радзімы», 1998, 7-га мая).

Самога Маракова юныя прыхільніцы не адпускалі з калектыўных маляднякоўскіх выступаў, закідвалі кветкамі, прызнаваліся ў каханні. Валерыю нават было няёмка за такую папулярнасць.

Паэт Павел Пруднікаў згадваў: «...На адным з нашых супольных выступленняў /.../ перад студэнтамі садоваагароднага інстытута /.../ яго дзяўчаты-студэнткі так загрузілі кветкамі, што аднаму яму не пад сілу было справіцца.

– Вы даруйце, хлопцы, але я тут не пры чым...

– Навошта нам тваё апраўданне, – адказваў /.../ Змітрок Астапенка. – Гэта нам трэба прасіць у цябе прабачэння, што не здолелі заслужыць павагі ў такіх красунь». (Пруднікаў П. «Паэт эмоцый» // «Маладосць». 1998, № 12).

Маракоў вельмі падабаўся дзяўчатам. Але сам ён да іх ставіўся з лёгкай насцярогай. А калі яму нагадвалі пра жаніцьбу, то мог не на жарты раззлавацца.

Наш герой, на манер гогалеўскіх персанажаў, жаніцьбы баяўся, перад ім стаяў вобраз жонкі Алеся Дудара паэткі Наталлі Вішнеўскай, якая кінула свайго мужа ў 1930-м, калі таго адправілі ў ссылку.

Маракоў не давяраў жанчынам. Не толькі творчым асобам (ім увогуле верыць няварта!), але і нават звычайным… буфетчыцам. А таму і «пасылаў» далёка крытыка Алеся Кучара, калі той спрабаваў яго ажаніць з буфетчыцай Фаінай.

Згаданы ўжо намі Павел Пруднікаў успамінаў: «Аднойчы, седзячы на канапе Дому пісьменніка, Велеры гаварыў нам:

– А ведаеце, хлопцы, што Кучар хацеў мяне ажаніць з буфэтчыцай Фаняй?

– Ну і што? – пытаемся мы. – Пэўна, абрадаваўся ты?

– Вельмі абрадаваўся. Паслаў яго падалей і ўсё».

Да кахання і заляцанняў Валеры Маракоў ставіўся іранічна і нават дражліва.

Лепшыя яго «любоўныя» творы маюць лёгкія ноткі парадыйнасці.

У адным вершы ён піша пра таемна-экзатычную маўрытанку:

Ах, якая ты!.. якая дарагая,
І на сцэне сонца прадаеш,
Бо сама, як радасць, маладая,
Бо сама, як сонца, цвіцеш...
Маўрытанка, песня ты, ці казка,
Ці прыгожай радасці прыбой,
Бо ў тваіх вачах зусім няцяжка
Піць чужую песенную боль?!
(1927)

Перад намі быццам кадры з дарэвалюцыйна-меладраматычнага фільма Яўгена Баўэра, дзе сярод падкрэслена фанерных дэкарацый заморскага кабарэ танцуе гэтая гераіня і чаруе прысутных немудрагеліста-эратычнай пластыкай.

У іншым творы Маракоў яшчэ больш узмацняе падобныя настроі. Перад намі класічная меладрама з «мінулых часоў»:

Ён адчыніў вакно
І доўга ў сад глядзеў.
Ў душу ўліваўся непакой язміну.
І так хацелася
Да маладых грудзей
Зноў прыгарнуць каханую дзяўчыну.
Прайшла Наташа задрамаўшым садам
І абудзіла сум
Ў яго грудзёх,
І гэты сум
Узварухнуўся гадам,
Каб атруціць юнацкае жыццё.
Ў сваім прыгожым дарагім убранні
Пад ружай дзіўнага заката
Яна прайшла
Якойсці тайнай зданню,
І ён шаптаў,
Як сімвал шчасця:
– Ната...
/ /...
І ўспомніў ён былыя захапленні. /
І свой фальварак,
Згублены ў палёх,
Сваіх надзей
Святло і цені,
І успамін на сэрца болем лёг...
(1928)

Юныя ўражлівыя чытачы і чытачкі Маракова, стамлёныя ад камсамольскага балабольства, не бачылі тут іроніі, іх вабіў экзатычны эратызм падобных твораў, іх непадобнасць на тое, што друкавалася на старонках пралетарскіх газет і часопісаў.

Адсюль такая любоў да героя нашага артыкула.

З такой папулярнасці Валерыя пасмейваўся яго выкладчык, прафесар Піятуховіч, які любіў тонка цвяліць свайго здольнага студэнта.

Паводле Паўла Пруднікава: «…Ішлі семінарскія заняткі /.../. Вёў іх прафэсар Піятуховіч. Ён акінуў позіркам аўдыторыю і сказаў:

– Тэма нашых сённяшніх заняткаў – паэзія маладнякоўцаў 2-й паловы 20-х гадоў. Хто б /.../ зрабіў /.../ даклад? /.../ Таварыш Маракоў, можа б, вы ўзялі на сябе гэтую пачэсную справу? Бо вы самі варыліся ў тым бурлівым катле. /.../

І вось Маракоў патраціў хвілін 10 на агляд тагачаснай паэзіі. Назваў імёны [ці ня ўсіх маладнякоўцаў].

– Вы забыліся назваць імя самай каларытнай паэтычнай асобы з гэтай катэгорыі.

– Каго вы маеце на ўвазе, прафесар?

– Паэта Валерыя Маракова.

...Маракоў адразу пачырванеў. А потым нават пабляднеў.

– Па-першае, гэтая асоба не такая важная, каб яе называць. А па-другое, з майго боку гэта было б вельмі нетактоўна.

– А што тут нетактоўнага? Студэнт Маракоў назваў паэта Валерыя Маракова.

– Усё роўна непрыгожа, – не здаваўся Маракоў».

У канцы дваццатых гадоў на змену іроніі, паэтычным гульням прыходзяць іншыя настроі.

Пачынаюцца першыя агрэсіўныя выступы ў друку, патрабаванні кары «ворагам народа», праводзіцца чыстка ў партапараце, звужаецца пятля на горле самага гордага і творча незалежнага літаратурнага аб’яднання «Узвышша», пачынаюцца першыя рэпрэсіі…

З 1929 года Валеры Маракоў не хаваў свайго страху, разгубленасці і вялікага непакою, што адлюстраваў у напісаным.

У паэме «Муляр» чытаем:

Надрыўны боль.
Так ціха ў полі.
І з болю месяц акалеў.
І не стрымаць нам злога болю,
І не пусціць яго на лес.
Цяпер няма нідзе прыпынку...
Дзе ж родны дом маёй душы?
За хлеба чэрствую скарынку
Няўжо я мучыўся і жыў?

«Мая паэма» пачынаецца з такіх балючых радкоў:

Вецер. Вецер!
Як сэрца забіла трывогу!
Гэта свой,
Ці мо гэта чужы?
Ты скажы мне,
Скажы,
Хто блукае ўначы па дарогах,
Хто фарбуе
Крывавай зарою на сэрцах нажы,
Ты скажы?

Калі на пачатку 1930-х рэпрэсіі разгараліся з новай сілай, калі штодня хапалі сяброў і калег, Маракова было не пазнаць. Ён піў, станавіўся агрэсіўным, сарваў аднаго разу афіцыйны радыёвыступ, дзе мусіў чытаць свае вершы, плакаў, прызнаваўся, што мае пісталет і, калі што, дык будзе адстрэльвацца. У яго вымушаных «соцрэалістычных дрындушках» больш чыталася непрыхаванага здзеку з усеагульнай радасці будаўніцтва, чым захаплення ад новых сацыялістычных перамог.

Балючая непрыкаянасць Валерыя Маракова вылілася ў вершы-прысвячэнні Міхасю Лынькову:

Сябе ня ўмелі зберагчы,
І зберагчы ня ўмелі нас.
І пра юнацтва ты маўчы,
Маўчы, прашу, Міхась...
(«Маладняк» 1931, № 2)

А праз год ён складзе шчымліва-трагічны верш «Заяц», дзе лёс паэта метафарычна выяўлены ў гібелі зайца:

Заяц упаў на снег,
Стрэл быў сухі і кароткі...
І задуменнаму мне
Сніцца ў крыві бародка.
Круціцца дым ад крыві,
Сэрца кранулася
Й стала...
“Быццам і жыў і ня жыў” –
Глуха зямля запытала.
Выйшаў стралок да яго,
Узяў і закінуў
За плечы.
Веяла поле тугой.
У полі і вецер,
І вечар...
У сінюю скрынку душы
Раптам ударыла снегам.
Заяц для смажання
Жыў,
Толькі для шчасця бегаў.
Знік той стралок,
Не відаць.
Што я стаю ў задуменні?
Можа быць, зайца шкада,
Можа, сваіх летуценьняў.
(1930)

Самога Валерыя Маракова паляўнічыя з вядомага ўпраўлення першы раз зловяць 21 сакавіка 1935 года, але праз тры месяцы адпусцяць.

Паўторна быў арыштаваны 6 лістапада 1936 года ў цягніку. Прыхаванай зброяй скарыстацца не паспеў.

Быў расстраляны 29 кастрычніка 1937 г. ва ўзросце Лермантава і свайго любімага Максіма Багдановіча, цытатамі з вершаў якога заўсёды вітаўся з сябрамі і ворагамі.

Вялікім паэтам ён так і не здолеў стаць.

Не паспеў.

Побач з па-сапраўднаму выразнымі радкамі трапляецца і шмат непатрэбнага і неабавязковага, але галоўнай у Валерыя Маракова была гранічная творчая шчырасць, адсутнасць падману, праўдзіва перададзеныя думкі, пачуцці, настроі, якія луналі ў тыя страшныя часы ў літаратурным асяроддзі Беларусі, калі кожны адчуваў, кажучы класічнымі радкамі Тодара Кляшторнага, што «…ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ пад ГПУ...»

Аўтар публікацыі: Васіль Дранько-Майсюк.

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Навіны

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам