ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Выстаўка жывапісу і графікі Кітая
Не забі ў сабе падлетка, або Чаму людзям падабаюцца авантуры?

Архіў пад нябеснай апекай

Архіў пад нябеснай апекай
Іншыя навіны

Касцёл у гонар святога Іосіфа, што стаіць на цяперашняй вуліцы Кірылы і Мяфодзія, – адзін з самых старажытных будынкаў Мінска. Праўда, па прамым прызначэнні ён не выкарыстоўваецца з 1862 года, а з 1872-га тут размяшчаюцца рознага кшталту архівы.


У 1991 годзе менавіта сюды пераехаў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Зусім нядаўна ўстанова адзначыла сваё 55-годдзе. З гэтай нагоды карэспандэнты “Звязды” сустрэліся з дырэктарам архіва-музея Ганнай Запартыкай і дазналіся, дзе сёння захоўваецца гальштук Максіма Гарэцкага і кнігі Уладзіміра Караткевіча.

…З цяжкасцю падымаемся па лесвіцы на апошні, пяты, паверх былога касцёла. У калідорах і на лесвічных пралётах міжволі спыняемся ля невялічкай экспазіцыі – на стэндах размешчаны копіі дакументаў, якія датычацца жыцця беларускіх класікаў літаратуры, выяўленчага мастацтва, музыкі, артыстаў кіно і тэатра. Некаторыя са здымкаў добра знаёмыя па школьных падручніках. З акна адкрываецца цудоўны від на гістарычны цэнтр горада – былы Верхні рынак. Паўсюль адчуваецца подых часу, нават велізарнае акно, хоць і зробленае ўжо ў XX стагоддзі, выглядае настолькі незвычайна, што і не верыцца ў яго “неарыгінальнасць”.

Папяровыя сведчанні эпохі
– Спецыфіка нашага архіва ў тым, што ён камплектуецца ў першую чаргу дакументамі асабістага паходжання, такіх у нас 87 працэнтаў, – заўважае Ганна Запартыка. – У асноўным гаворка ідзе пра рукапісы, асабістую перапіску, дзённікі, фотаздымкі – усё, што ствараецца на паперы. Нямала ў нас і архіўных фондаў беларускіх часопісаў і газет. Мы займаемся камплектаваннем такіх дакументаў, іх сістэматызацыяй, размяшчэннем і, вядома, далейшым выкарыстаннем.
Па словах дырэктара, архіў-музей пастаянна папаўняецца новымі фондамі, цяпер іх тут больш за 500, а гэта звыш 100 тысяч адзінак захоўвання, у першую чаргу асабістых дакументаў, напрыклад, лістоў, дзённікаў. Але нямала тут і папер афіцыйнага кшталту – арганізацыйных, справаводных. Напрыклад, у фондах кінастудыі “Беларусьфільм” гэта могуць быць сцэнарыі, запісы музычнага суправаджэння…

– Вартасць фондаў асабістага паходжання часам проста неверагодная, – лічыць Ганна Запартыка. – Калі гэта фонд якога-небудзь пісьменніка, то ў асабістых дакументах могуць уздымацца тыя праблемы, пра якія амаль нічога не было сказана ў творчасці. У прыватнасці, закранаюцца палітычныя, эканамічныя пытанні. Эпоха заўсёды адбіваецца на прыватнай перапісцы, асабістых занатоўках. І калі вывучаеш гэтыя крыніцы, можаш адшукаць шмат унікальнай і незвычайнай інфармацыі пра, здавалася б, усім добра вядомую асобу. Міхась Лынькоў, напрыклад, страціў падчас вайны сваю сям’ю, шмат перапісваўся, шукаючы родных. І ў гэтых лістах ён расказваў пра многія падзеі свайго жыцця, якія больш нідзе не згадваюцца. Многія выпадкі вельмі красамоўна характарызуюць не столькі яго самога, колькі час, у якім творца жыў.

 

Паміж архівам і музеем
Хто ж найперш карыстаецца такой інфармацыяй? Вядома, у першую чаргу – навукоўцы. Па словах Ганны Запартыкі, гэта даследчыкі-філолагі: студэнты, аспіранты, дактары навук. Акрамя таго, у чытальнай зале архіва-музея ствараліся шматлікія зборы твораў беларускіх класікаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Івана Навуменкі, Івана Шамякіна, Уладзіміра Караткевіча. Але прыйсці ў архіў і з простай цікаўнасці пагартаць лісты і дзённікі славутых беларусаў не атрымаецца – для таго, каб трапіць у чытальную залу, трэба напісаць заяву, у якой будзе акрэслена задача прыходу ў архіў.
Аб неабмежаваным выкарыстанні архіўных фондаў размова таксама не ідзе. Беларускае заканадаўства ахоўвае тайну асабістай перапіскі, а таму большасць дакументаў не можа быць апублікавана да канца тэрміну ў 75 гадоў з часу стварэння. Для такой публікацыі патрэбны спецыяльны дазвол уласніка – родных аўтара або самога архіва. Тым не менш, з большасцю архіўных дакументаў можна працаваць без якіх-небудзь абмежаванняў.
Цікавым можа быць і пытанне незвычайнага статусу ўстановы – архіва-музея.
– Тое, што мы не толькі архіў, а яшчэ і музей, тлумачыцца проста. У нас вельмі вялікая колькасць дакументаў, якія могуць быць выкарыстаныя ў музейных экспазіцыях, – тлумачыць Ганна Запартыка. – Калі, умоўна кажучы, будзе вырашана стварыць музей Максім Танка, дакументы з нашых фондаў змогуць стаць для яго асновай. Вельмі часта мы дапамагаем фарміраваць экспазіцыі часовым і перасоўным выстаўкам. Акрамя таго, у нас захоўваюцца не толькі паперы, але і асабістыя рэчы некаторых дзеячаў літаратуры і мастацтва: друкарскія машынкі, ручкі, узнагароды, кнігі. Зразумела, іх не так шмат, бо мы не можам усё прыняць, але яны ёсць. Напрыклад, асабістыя рэчы Максіма Гарэцкага, Адама Бабарэкі, Канстанцыі Буйло, сям’і Максіма Багдановіча і многіх іншых. Зразумела, што яны не менш каштоўныя для грамадства, бо заўсёды цікава пабачыць гальштук Гарэцкага, шахматы, у якія гуляў Бабарэка, кнігі, якія чытаў Караткевіч…

Доўгая дарога дадому
Гісторыя асобных дакументаў архіва не можа не ўражваць. Напрыклад, арыгінальны рукапіс апошняй прыжыццёвай паэмы Уладзіміра Жылкі “Тэстамент” быў уратаваны Яўхімам Кіпелем, разам з якім паэт быў сасланы ў Вяцкую вобласць па вядомай справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Рукапіс быў спачатку перавезены ў Мінск, а ў 1944 годзе апынуўся на Захадзе, дзе і захоўваўся беларускімі эмігрантамі. Толькі летась аўтограф паэмы вярнуўся ў Беларусь.
– Пэўна, самы запатрабаваны, самы ўнікальны і самы дарагі – гэта фонд № 3 віленскага Беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея Івана Луцкевіча, які расфарміравалі ў пасляваенны час, – распавядае Ганна Запартыка. – У ім змяшчаюцца каштоўныя дакументы па гісторыі беларускага кнігадрукавання пачатку першай чвэрці мінулага стагоддзя, дакументы легендарнай суполкі “Загляне сонца і ў наша аконца”, шматлікіх выдавецкіх таварыстваў. Там жа захоўваюцца паперы беларускіх партый і рухаў, грамадскіх суполак, універсітэтаў таго ж перыяду, архіў газеты “Наша ніва”. Вядома, ёсць тут і асабістыя дакументы, напрыклад, Цёткі, братоў Луцкевічаў, Браніслава Тарашкевіча, Клаўдзія Дуж-Душэўскага. Яшчэ адзін збор, які я адзначыла б, – фонд беларускага гісторыка, археолага і мовазнаўца Івана Грыгаровіча. Гісторыя гэтага архіва таксама незвычайная: разам са сваім гаспадаром усе дакументы ў 1820-я гады пераехалі ў Расію, потым невядомымі нам шляхамі апынуліся ў Краснаярску, у калекцыі Юдзіна. І толькі ў 1950-я частка архіва вярнулася ў Беларусь.
Каштоўныя дакументы, што належалі грамадска-палітычнаму дзеячу Антону Неканда-Трэпку, які даводзіўся пляменнікам паэту Янку Лучыну, вярнуліся на радзіму ад яго польскіх сваякоў. З фонду беларускага літаратуразнаўца Лукаша Бэндэ сюды трапілі некаторыя дакументы Браніслава Эпімах-Шыпілы, у прыватнасці яго славутая рукапісная беларуская хрэстаматыя, дзякуючы якой захаваліся многія помнікі беларускай літаратуры XІX стагоддзя. Архівы літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, дакументы “ўзвышэнцаў” – гэты спіс можна доўжыць, здаецца, бясконца… Цікавыя дэталі з’яўляюцца там, дзе іх зусім не чакаеш.

Літаратурны “фоташоп”
Славуты групавы фотаздымак сяброў літаратурнага аб’яднання “Узвышша”. На адной картачцы, зробленай у 1929 годзе ў Мінску, легендарныя асобы: Антон Адамовіч, Адам Бабарэка, Змітрок Бядуля, Пятро Глебка, Уладзімір Дубоўка, Уладзімір Жылка, Кандрат Крапіва, Кузьма Чорны, Максім Лужанін…
– Гэты здымак трапіў да нас гадоў 15 таму праз сям’ю Адама Бабарэкі, – узгадвае Ганна Вячаславаўна. – У нашым архіве тады адбываліся чытанні паэтаў-узвышэнцаў, і я падрыхтавала артыкул для газеты “Літаратура і мастацтва”. Дадала гэты фотаздымак, нават падпісала: “Друкуецца ўпершыню”. Але ж не пазбавілася адчування таго, што фота я недзе бачыла. З гэтай думкай прыехала дадому, і ў хатняй бібліятэцы вока спынілася на зборы твораў Кандрата Крапівы. Уявіце: я гартала яго яшчэ ў студэнцкія часы, але ж у падсвядомасці неяк адклалася… Здымак знайшоўся, але… без адной асобы: цэнзары банальна зацерлі на фатаграфіі Антона Адамовіча, які ў часе вайны эміграваў на Захад і актыўна крытыкаваў бальшавікоў.
Самы стары дакумент ва ўсім архіве – рукапісны каталіцкі малітоўнік другой паловы XVІІІ стагоддзя. З тых жа, што маюць дачыненне да гісторыі літаратуры, найбольшым узростам можа пахваліцца запісная кніжка сям’і Каруся Каганца, якая адносіцца да 1813 года. Яе набыў дзед паэта, у нататніку можна знайсці гаспадарчыя запісы сям’і. Але, пэўна, самае каштоўнае хавалася за вокладкай – там было знойдзена каля дзесяці развітальных аўтографаў паўстанцаў 1863–1864 гадоў.
Яшчэ адна незвычайная дэталь – бацька Каруся Каганца разам з іншымі інсургентамі адбываў пакаранне… у гэтым жа будынку. Справа ў тым, што ў кляштары бернардзінцаў, які прымыкае да касцёла, у 1860-я размяшчалася перасыльная турма. Саму запісную кніжку напачатку 1990-х у архіў перадала дачка паэта.

Рукапісы не гараць?
…Ізноў нас вядзе лесвіца, на гэты раз уніз – у сэрца архіва. Ганна Вячаславаўна паказвае, як захоўваецца ўся гэта велізарная спадчына – рады стэлажоў цягнуцца, здаецца, у бясконцасць, на скрынях і папках – адным толькі архівістам зразумелыя лічбы і шыфры. Галоўны працоўны інструмент тут – тэрмометр, на якім 17 градусаў. Вільготнасць – 55 працэнтаў. У такіх умовах папера амаль не псуецца. Але ж час усё роўна можа ўзяць сваё?
– Мы паступова праводзім алічбоўку фондаў, – распавядае Ганна Запартыка. – Пачынаем з самых каштоўных, унікальных дакументаў, а таксама з тых, што бяруць у карыстанне найчасцей. Таму многія цяпер працуюць ужо з копіямі папер. Усяго вылучана 18 тысяч самых важных адзінак, якія трэба адсканаваць найперш. Думаю, каля дзясятай часткі з іх ужо прайшлі працэдуру.

***
Некалькі гадоў назад прагучала ідэя вяртання касцёла-архіва вернікам. Але новага будынка для архіва-музея пакуль няма і не плануецца, таму ўсё застаецца на сваіх месцах. Можа, яно і да лепшага, каб адна з галоўных скарбніц беларускай літаратуры і мастацтва заставалася там, дзе ёсць, – пад апекай нябесных заступнікаў?

Аўтар публікацыі: Яраслаў Лыскавец.

Крыніца: газета “Звязда”

Чытайце таксама:

Навіны

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя "На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны"

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс прыняла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка - фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Міжнародны семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”

24 Кра 2024

22 красавіка ў рамках праграмы прафесійнага развіцця “Культурная спадчына як аснова міжкультурнага дыялогу. Стратэгіі захаванасці ў Расіі і Беларусі” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся семінар “Рэстаўрацыя дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам