ГалоўнаяНавіныНавіны бібліятэк
Як прайсці ў бібліятэку?
Мінск Анатоля Дрыбаса: погляд праз фотааб’ектыў

46 кніг за раз. Вось гэта чытач!

46 кніг за раз. Вось гэта чытач!
Іншыя навіны

Па выніках сёлетняга рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” сярод гарадскіх і раённых бібліятэк Зэльвенская райбібліятэка заняла першае месца ў намінацыі “За пошукавую і даследчую працу”.


Гаворка са Святланай Жамойцінай – дырэктарам Зэльвенскай райбібліятэкі пра якасці ды ўменні, што вызначаюць прафесіяналізм бібліятэкара.

– Святлана Антонаўна, у вас няма цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, але раённая бібліятэка па-ранейшаму курыруе сельскія?

– Рэарганізацыя адбылася ў 2015 годзе. У склад раённай бібліятэкі ўвайшла раённая дзіцячая і дзесяць сельскіх. За апошнія гады была зачынена адна бібліятэка, дзве сталі інтэграванымі і перайшлі ў падпарадкаванне аддзела адукацыі. Засталася аптымальная колькасць. Ды плюс бібліёбус, разлічаны на абслугоўванне маланаселеных вёсак.

– Даўно мы пра аўтабібліятэкі не гаварылі. Ёсць праблемы з бензінам, з заменай зімовай гумы на летнюю; У іншых раёнах ды абласцях мы час ад часу чуем менавіта такія аргументы ў апраўданне кепскай, бессістэмнай працы бібліятэкі на колах.

– Няма ў нас такой праблемы! Штомесяц складаем графік дзейнасці бібліёбуса і стараемся яго не парушаць. Безумоўна, усякае бывае: і чалавек захварэе, і машына зламаецца. Але мы ў любым выпадку выязджаем да сваіх чытачоў на іншым транспарце і пытаемся, якія канкрэтна выданні яны ад нас чакаюць. Каб не было так: прывезлі тое, што чытачу нецікава.

– Пытанне, якога баяцца многія з бібліятэкараў: якая перыядычнасць выезду бібліёбуса ў асобна ўзятае паселішча?

– Тут таксама не ўсё проста. У нас – восем маршрутаў. Першы год мы досведу набіраліся і адкрылі для сябе, што туды, дзе больш маладое насельніцтва (тры маршруты) і попыт на кніжкі вельмі вялікі, мы скіроўваемся раз на месяц. Дзе пераважаюць жыхары больш сталага ўзросту (пяць маршрутаў) – мы наведваемся два разы за месяц. Але і гэтая “арыфметыка” будзе для вас, напэўна, не надта паказальнай вось з якой прычыны. Людзі ў нас прывучаны! Што за бяда, калі мы ў нейкай вёсцы бываем два разы за месяц? Пастаянныя чытачы па тэлефоне замаўляюць, што ім трэба, і мы вязем адрасны “груз”. Такія наведвальнікі, бывае, за раз бяруць у адны рукі па 46 кніг! Пры двухбаковым пастаянным кантакце з сельскім чытачом эфектыўнасць працы аўтабібліятэкі павышаецца ў разы. Пры такім раскладзе больш эфектыўна расходуюцца і бюджэтныя сродкі на ўтрыманне аўтатранспарту.

– Пераканалі. Сістэма даволі гнуткая ды эфектыўная… Дарэчы, яшчэ адно пытанне з журналісцкай практыкі. Іншым разам заглядаем у лісткі кнігавыдачы, што маюцца ў кожнай бібліятэчнай кніжцы, а яны – пустыя! У вас яны запаўняюцца?

– Канешне. Ёсць такое правіла. Без гэтага немагчыма прасачыць рух выдання, абарачэнне ўсяго фонду. А такі ўлік – зусім не фармальны. Важна пастаянна маніторыць сітуацыю: якія кніжкі карыстаюцца попытам, якія – не. Інакш праблематычна займацца папулярызацыяй, скажам, беларускамоўных выданняў. А мы гэтым займаемся мэтанакіравана. Вельмі часта да нас звяртаюцца пісьменнікі з просьбай даследаваць, як часта чытаецца іх кніга.

– З сельскімі кадрамі як? Ці ёсць сярод вашых калег учарашнія даяркі ці паляводы?

– Такіх няма. Ва ўсіх дзесяці сельскіх бібліятэках – кваліфікаваныя кадры са спецыяльнай адукацыяй. Былая настаўніца ёсць з вышэйшай педагагічнай адукацыяй, якая прайшла перападрыхтоўку. Цудоўны вопыт работы з дзецьмі.

– Няўжо ўсё так беспраблемна? Пра што марыце, Святлана Антонаўна?

– Папаўняецца кніжны фонд рэгулярна, з падпіскай усё добра. Кніжак беларускіх аўтараў мы атрымліваем дастаткова. Але ж нашы дасведчаныя чытачы хочуць быць у курсе літаратурнага працэсу, да прыкладу, у Расіі, дзе на сёння таксама шмат знакавых аўтараў. Я думаю, што кожная бібліятэка імкнецца прадаставіць магчымасць чытачам знаёміцца з самымі цікавымі, “моднымі” літаратурнымі творамі па меры іх выхаду ў свет. Атрымаць як мага больш цікавых кніг – мара любога бібліятэкара.

– Святлана Антонаўна, раскажыце цяпер пра ваш пераможны праект, звязаны з гісторыяй Ганненскага кірмашу. Напэўна, і ў замежных архівах папрацаваць давялося?

– Якраз і не. Мы вялі перапіску з дзяржаўным архівам Літвы і выявілі мінімум патрэбных звестак. Для замежных грамадзян амаль усе паслугі архіва платныя, да прыкладу – 1 – 5 еўра за сканаванне адной старонкі дакументаў XVII – XVIII стагоддзяў. А камандзіровачныя выдаткі? Не, мы засноўваліся на базе, напрацаванай айчыннымі навукоўцамі з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Шмат у чым дапамаглі і краязнаўцы.

– Што атрымалася на выхадзе?

– Даволі ёмісты інфармацыйны банк: традыцыйная папяровая картатэка, архіў навуковых прац за многія гады, зборнік “Ганненскі кірмаш: мінулае, будучае, сучаснае” паводле нашых навукова-практычных канферэнцый (не кожны раён можа пахваліцца такім выданнем), фотаархіў на нашым сайце, тут жа вы знойдзеце і электронную базу дадзеных па гісторыі кірмашу, зборнік вершаў мясцовых аўтараў пра кірмаш, дайджэст усіх друкаваных публікацый СМІ пра наш раённы кірмашовы брэнд. І гэта толькі асноўныя вынікі нашай даследчай працы.

– Таксама бярыце грошы за выкарыстанне гэтых звестак.

– Ну што вы, мы адкрытыя для супрацоўніцтва.

– Няхай вас падтрымлівае Святая Ганна, у гонар якой і названы кірмаш… Ці асвойваеце вы формы дзейнасці, якія спрадвеку прынята было называць клубнымі?

– У першую чаргу тыя, якія заклікаюць да развіцця чытання, да папулярызацыі роднай мовы і літаратуры.

– І што вы тут прыдумалі цікавага?

– Хочацца згадаць раённае свята паэзіі і музыкі Сакавіны, якія мы ладзім увесну, калі абуджаецца прырода. У гэты час да нас па традыцыі прыязджаюць знакамітыя беларускія пісьменнікі на чале з нашым земляком Уладзімірам Мазго. За апошнія гады насельніцтва мястэчка мела магчымасць сустрэцца з цудоўнымі творцамі – Міхасём Пазняковым, Міколам Мятліцкім, Генадзем Пашковым, Алесем Марціновічам, Анатолем Зэкавым, Віктарам Шніпам і многімі іншымі. На мой погляд, гэта вельмі эфектыўная форма працы з чытачом.

– Дарэчы, як паказвае журналісцкая практыка, вельмі рэдка сталічныя празаікі і паэты наведваюць сельскія ды раённыя бібліятэкі. Заўжды адносім такую акалічнасць у недаравальны мінус і першым, і другім.

– Нас сталічныя творцы наведваюць з задавальненнем. Але, натуральна, не кожны дзень. Маем шмат прыкладаў нашых шчыраванняў па-за межамі бібліятэчных стэлажоў. Ёсць акцыі, звязаныя з дзейнасцю летніх чытальняў пад адкрытым небам. Пастаянна наладжваем “гучныя” чытанні тэматычных твораў на вуліцах і пляцоўках горада. У сценах бібліятэк адбыўся цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных юбілеям пісьменнікаў, цыкл мерапрыемстваў да Года навукі, вялася работа ў рамках праекта “Экадыліжанс”. Стала традыцыйным правядзенне прэзентацыі паэтычных зборнікаў твораў мясцовых пісьменнікаў. Такі піяр мовы, кнігі ды чытання не можа не прыносіць істотны плён.

– У чым, на ваш погляд, асноўная якасць бібліятэкара?

– У ягонай незаспакоенасці і ў вялікай любові да кнігі і да чытача, у тым ліку і да патэнцыйнага. Дарэчы, ад узросту такая рыса спецыяліста-прафесійніка не залежыць.

Аўтар публікацыі: Яўген Рагін.

Крыніца: газета "Культура"

Навіны

Небывалы аншлаг васьмікласнікаў ДУА "Сярэдняя школа № 62 г. Мінска" ў зоне каталогаў і картатэк

26 Кра 2024

23 красавіка для навучэнцаў 8 класа СШ № 62 адбыўся бібліяграфічны ўрок "Брэсцкая крэпасць-герой" з цыкла заняткаў "Пастараемся ж і мы быць дастойнымі іх Вялікай Перамогі", якія рэалізуюцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі да 80-годдзя Вялікай Перамогі сумесна з упраўленнямі па адукацыі. Мінска.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Сны aб Беларусі ў Нацыянальнай бібліятэцы

25 Кра 2024

25 красавіка ў бібліятэцы адбылoся адкрыццё выстаўкі “Сны аб Беларусі”, прымеркаванай да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзя з дня нараджэння Васіля Шаранговіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык

25 Кра 2024

Культурна-асветніцкая акцыя “Майстры беларускай культуры. Уладзімір Саўчык», якая прайшла 23 красавіка, стала працягам святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Мінская гарадская канферэнцыя “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны”

25 Кра 2024

Старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Есіс узяла ўдзел у Мінскай гарадской канферэнцыі “На фронце і ў тыле: жанчыны Вялікай Айчыннай вайны” (19 красавіка), прымеркаванай да знакавай даты – 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Адам Шаняўскі і бібліятэчны фонд павятовай школы Нясвіжа (апошняя чвэрць XVIII ст.)

25 Кра 2024

24 красавіка на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Румянцаўскія чытанні – 2024” у Маскве галоўны бібліёграф аддзела даведачна-інфармацыйнага абслугоўвання Вольга Палунчанка прадставіла даклад “Роля Адама Шаняўскага ў арганізацыі бібліятэчнага фонду Нясвіжскай павятовай школы (апошняя чвэрць XVIII ст.)”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Нацыянальная бібліятэка адзначыла Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права і Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці

24 Кра 2024

23 красавіка ў бібліятэцы адбыўся адукацыйны семінар “Аўтарскае права ва ўмовах лічбавай трансфармацыі”, арганізаваны сумесна з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці пры ўдзеле юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам