18 красавіка ў рамках рабочага візіту ў Рэспубліку Беларусь бібліятэку наведала генеральны дырэктар Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА) Ірына Бокава.
Ірына Бокава прыняла ўдзел ва ўрачыстым пасяджэнні Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, прысвечаным 60-годдзю членства Беларусі ў арганізацыі.
Па заканчэнні пасяджэння для гасцей была праведзена экскурсія ў музей кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе ім была прадэманстравана жамчужына калекцыі музея – кнігі Бібліі (1517–1519) беларускага першадрукара Ф. Скарыны, а таксама арыгінальныя экзэмпляры з Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў. Частка гэтага значнага кніжнага збору занесена ў Сусветны рэестр ЮНЕСКА “Памяць свету”.
Дырэктар бібліятэкі Раман Матульскі ўручыў Ірыне Бокавай сігнальны экзэмпляр першага тома факсімільнага ўзнаўлення кніжнай спадчыны Францыска Скарыны.
У музеі кнігі Ірына Бокава пакінула памятны запіс у Кнізе ганаровых гасцей.