ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
V Міжнародны кангрэс “Бібліятэка як феномен культуры”
Лекцыя біблеіста, доктара сакральнай тэалогіі Ірыны Дубянецкай

Віктар Марціновіч: Мой новы раман – гімн Караткевічу і Быкаву

Віктар Марціновіч: Мой новы раман – гімн Караткевічу і Быкаву
Іншыя навіны

12 кастрычніка беларускі пісьменнік Віктар Марціновіч прэзентаваў мінскай публіцы сваю новую кнігу – беларускамоўны раман "Ноч". Пра гімн Караткевічу, нястрашны страх і плоскую Зямлю расказвае аўтар у першай частцы інтэрв’ю.

У гэты пятнічны працоўны дзень мінская “Акадэмкніга” зачынілася на дзве гадзіны пазней, таму што за новай кнігай Марціновіча з лаканічнай назвай “Ноч” і аўтографам пісьменніка ў краму прыйшло больш за дзвесце чалавек. На вуліцы з’явілася вялікая чарга з тых, каму не хапіла месца ў зале. У дзень аўтограф-сесіі было прададзена каля 290 экзэмпляраў рамана, але некаторыя чытачы прадбачліва набывалі кнігу загадзя. Многія з іх навучаны горкім вопытам: часта навінкі Віктара Марціновіча хутка раскупляюцца. Адно з ранніх выданняў, радасна працягнутае аўтару на подпіс адданым чытачом, выклікала шчырае здзіўленне аўтара.

Ведаючы пра вялікую цікаўнасць беларускага чытача да раманаў Віктара Марціновіча, пагутарым з ім пра новую кнігу.

martinovich_13.JPG

"«Ноч» – раман пра страх"

Віктар, раскажыце, калі ласка, пра што ваш новы раман "Ноч"? У апісанні пазначана, што гэта філасофскі раман, які маскіруецца пад жанравую літаратуру.

Новы раман, вядома, не жанравая літаратура, таму што яна пішацца па іншых законах. Гэта падобна на Таранціна – ты глядзіш фільм і не можаш зразумець, што гэта. Падобна і на “Рабінзона Круза” – ёсць гісторыя, але за гэтай гісторыяй шмат падтэксту. У маім рамане вельмі моцны дынамічны сюжэт, перанасычаны дэталямі, – гэта на першы погляд, погляд чалавека, які не цікавіцца кнігамі. На погляд чалавека крыху больш глыбокага – гэта раман, прысвечаны Герадоту, раман, які з'яўляецца баладай Караткевічу, які распавядае пра Караткевіча шырокаму колу чытачоў, якія могуць чагосьці не ведаць пра яго. У якім маса інтэртэксту, маса тэзаў пра тое, што літаратура – гэта заўсёды глыбей, чым фэйкавыя навіны, якія акружаюць нас.

“Ноч” – раман пра страх, пра тое, што страх заўсёды засланяе розум. Там, дзе мы бачым монстраў са свінымі галавамі, на самой справе знаходзіцца нешта рацыянальна вытлумачальнае. Трэба проста расплюшчыць вочы, паглядзець страху ў твар. І ты ўбачыш, што нічога страшнага няма. Як напісала Марыя Роўда (заўв. рэд. – беларуская пісьменніца), груды мяса і нямнога стральбы там таксама ёсць, проста таму, што я хачу, каб раман прачыталі ўсё. Таму, каб ўцягнуць чытача ў філасофскую размову, трэба гаварыць на яго, чытача, мове.

Але самае галоўнае – раман пра героя. У мяне ёсць ўражанне, што літаратура постмадэрнізму за вельмі рэдкім выключэннем, такім як “Імя ружы”, напрыклад, была вельмі бледная і бедная на моцных герояў. Героі постмадэрну, у большасці, альбо гуляюць у бісер чужых тэкстаў, альбо саркастычна смяюцца.

З-за гэтага падыходу да рэальнасці і ў жыцці з'яўляюцца такія людзі, якія на ўчынак не здольныя, якія толькі смяюцца, хіхікаюць, дурэюць, а жыццё пастаянна табе падкідвае выпрабаванні. Яно чакае, што ты сябе паводзіць пры гэтым будзеш, як чалавек. Тэкст, у тым ліку, пра выпрабаванне. Пра чалавечае ў чалавеку таксама.

А калі ты выкрываеш свой страх, становіцца смешна ці пачынаеш менш баяцца?

Ты пачынаеш бачыць. У першай трэці тэксту “Ночы” пераказаны ўсе тыя рэчы, пра якія за апошні год напісалі як пра рэальна існыя. Канцэпцыю плоскай Зямлі я прыдумаў і апісаў у гэтым рамане да таго, як з'явіліся паведамленні пра людзей, якія вераць у тое, што Зямля плоская. Калі я скончыў працу над раманам, які быў пачаты ў Цюрыху вясной мінулага года, стаў чытаць навіны і ўбачыў, што ў Амерыцы з'явілася секта людзей, якія вераць у плоскую Зямлю, і у мяне пачаў “пад'язджаць дах”, таму што адчуванне было – вось яно. Да такога абсурду павінна было дайсці, але я гэта спачатку прыдумаў. Потым усё ў рэшце рэшт тлумачыцца вельмі рацыянальна. Чалавек пачынае бачыць, разумее, што рэальнасць вытлумачаецца рацыянальна, не толькі фэйкавымі навінамі і страхамі.

martinovich_11.JPG

"Перакладчык – гэта самы галоўны чалавек"

"Ноч" напісаная на беларускай мове? Вы пішаце свае кнігі то на беларускай, то на рускай.

Яна была задумана на беларускай мове, але мне ў дадзены момант прыйшлося так моцна ўварвацца ў рускі тэкст (рускамоўны пераклад зроблен Лідзіяй Міхеевай), што цяпер і рускую версію можна назваць аўтарскай. Там ёсць маса момантаў, якія з мовы на мову не перакладаюцца. Напрыклад, калі галоўны герой сустракаецца з дзядзечкам, які калісьці быў чыноўнікам і ўсё жыццё размаўляў на рускай мове, а калі адбыўся блэкаўт, ён не знайшоў для сябе ў гэтым новым свеце месца лепшага, чым гандляр бражкай з бітона. Галоўны герой, дарэчы, бібліятэкар, пастаянна забяспечвае яго кніжкамі. Герой некалі складаў бібліятэкі для багатых людзей. Ён назапасіў на гэтым шмат грошаў, потым убачыў, што кнігі нікому не патрэбныя, стаў бяднець, а потым здарыўся блэкаўт. І аказалася, што кнігі зноў усім патрэбныя, таму што ўсе гаджэты патухлі. У выніку ён здае за новую валюту гэтага цёмнага свету кніжкі ў арэнду, і гандляру брагай ён увесь час дае беларускую літаратуру, а той спрабуе гаварыць з ім па-беларуску, блытаючы слова “похва” (заўв. рэд. – унутраны жаночы палавы орган) і слова “ныркі”: “Мне там похвы баляць”. І як бы смешна, але гэта ніяк не перакласці. Прыйшлося такія моманты перапісваць цалкам.

На этапе перакладу сваіх кніг вы часта працуеце з Віталём Рыжковым (заўв. рэд. – беларускі паэт, перакладчык). Калі ёсць “свой” перакладчык, гэта дапамагае выказаць сябе праз яго работу? Як гэта было з вашай папярэдняй кнігай “Возерам радасці”, напісанай на рускай мове?

Я працую толькі з Віталём, і я ўжо так яму давяраю, настолькі яго паважаю, што ўгаварыў яго ў першы раз у жыцці стаць рэдактарам вялікай кнігі (заўв. рэд. – “Ночы”). І ён працаваў з тэкстам настолькі дакладна, што ў некаторых выпадках слоўцы, якія я тыднямі выношваў і так да iх i не дакапаўся, чытаючы рэдактуру, выяўляў роўна на тым месцы, дзе яны павінны быць. Пры тым, што ўся структура фразы заставалася такой, як трэба. Так што Віталь – круты рэдактар.

У выпадку з раманам “Возера радасці” ён крыху больш уклаўся ў аўтарскі пераклад, чым чакалі. Пераклад атрымаўся даволі шматгранным і стаў больш складаным для чытання, чым рускі тэкст. Таму рускі тэкст, стылістычныя нюансы рускай мовы, яны, можа быць, для рускамоўнага чалавека прасцей прачыталіся б на рускай. Але Віталь вельмі доўга працаваў з беларускім перакладам, і я вельмі паважаю тое, што ён зрабіў, ён малайчына.

Ён настолькі захапіўся раманам, што стварыў дызайн вокладкі. Яго афармленне пасля параўнання з трыма іншымі прафесійнымі варыянтамі пакладзена ў аснову. Гэта значыць, што вокладку таксама зрабіў Віталь. Ён шматгранная асоба.

Ваш першачарговы чытач усё ж такі жыве ў свеце білінгвізму і, напэўна, магчымасць працы з перакладчыкам, рэдактарам, які цябе разумее...

...гэта самае галоўнае. Тое ж самае тычыцца нямецкіх тэкстаў, англійскіх тэкстаў. Кантакт з перакладчыкам вельмі важны. Перакладчык гэта галоўны чалавек, ён важней за агента, і нават важней за рэдактара.

"Хочацца, каб у галовах еўрапейцаў зніклі клішэ"

На сваім сайце вы зрабілі даступнымі электронныя версіі кніг, што, скажам так, наўпрост памяншае ваш заробак. Гэта быў свядомы крок?

З анлайнавымі кніжкамі сітуацыя незразумелая наогул нікому. Як гэта працуе, ніхто не разумее. Вось паглядзіце, у Расіі аўтар нумар адзін па продажах – гэта мідл-пісьменнік Віктар Пялевін (заўв.рэд. – гаворка ідзе пра мідл-літаратуру, якасную літаратуру для сярэдняга класа). Любой яго раман каштуе сотні тысяч даляраў, вельмі дарагі тэкст. Але ў момант рэлізу, калі кніжка з'яўляецца ў продажы, яна заўсёды аказваецца адначасова з гэтым на Флібусце. Усе яго апошнія тэксты я скачваў у дзень рэлізу з пірацкіх сайтаў. Відавочна, у “Эксмо” і “АСТ” ёсць рычагі ўздзеяння на піратаў, калі б ім гэта было зусім не трэба, яны б тэксты прыбралі. Таму я ў душы пірат.

“Возера радасці” з'явілася на Флібусце прыкладна праз тры-чатыры тыдні пасля з'яўлення яго ў продажы ў Маскве. Мне здаецца, што гэта не падрывае продажаў. Калі тэкст прачытвае адразу вялікая колькасць людзей, у тым ліку ў электронным выглядзе, пра тэкст пачынаюць гаварыць, адпаведна пачынаюць купляць і “паперу”. Самая горшая сітуацыя – калі тэкст прачытваюць ці купляюць 500 кнігалюбаў, каб узяць аўтограф і потым пра кнігу забыцца.

Наша галоўная задача цяпер – вярнуць чалавека да кнігі, зацікавіць чалавека кнігай. Тэкст – гэта як цела і душа: душа – электронная версія, цела –“папера”. Калі тэкст табе спадабаўся, ты захочаш мець кніжку. Але каб ён табе спадабаўся, дзесяці прачытаных рэцэнзій недастаткова. Трэба, каб ты яго сам прачытаў. Ёсць такія тэксты, якія проста “зносяць вежу”, іх хочацца мець у “цялесным” выглядзе.

Які вобраз беларуса бачыць немец, швейцарац, любы іншы замежны чытач, калі знаёміцца з вашымі кнігамі, як вы думаеце?

Мне хочацца, каб ён падумаў пра беларуса прыкладна гэтак жа, як мы, калі чытаем пра Калумбію Маркеса. Мне хочацца, каб з галоў еўрапейцаў зніклі вызначаныя клішэ. Хочацца адчуваць гонар за краіну.

“Ноч”– гэта проста гімн Караткевічу, у нечым – гімн Быкаву. Там да чалавека прыходзіць стомлены шматдзённым пераходам па цёмным свеце шахцёр, гэта значыць чалавек, які зарабляе на жыццё тым, што рабуе кватэры, закінутыя гіпермаркеты і іншае – тое, што знаходзіцца па-за сценкай шчаслівага горада, дзе яны жывуць. Ён прыходзіць і просіць: “Братка, парай кнігу такую, каб пра ноч, пра жыццё, пра смерць па-сапраўднаму”. А галоўны герой яму кажа: “Вазьмі «Сотнікава» Быкава, вось яна як раз пра гэта”. І тлумачыць, чаму так.

Думаю, што любы чытач пасля “Ночы” захоча прагуляцца па Грушаўцы, таму што гэта гімн Грушаўцы, гімн Мінску. Так, як з “Метро 2033” Глухоўскага і Масквой, напрыклад. Я чытаў кнігу і думаў, што ў ёй ёсць нешта архітыповае, любы чалавек захоча пасля гэтага з'ездзіць у Маскву, паглядзець на метро. Мне здаецца, трэба распавядаць пра тое, што ў нас было, пра тое, што ёсць, такім чынам, каб гэта па-сапраўднаму цікавіла.

Аўтар публікацыі: Яна Паляшчук, рэдактар ​​аддзела суправаджэння інтэрнэт-партала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Чытайце працяг гутаркі ў другой частцы інтэрв'ю, дзе Віктар Марціновіч распавядае пра публіцыстыку, аўтарства і аўтарытэты, а таксама пра сучасную беларускую культуру.

Навіны

Пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па інфармацыйным узаемадзеянні

17 Кас 2019

16 кастрычніка ў бібліятэцы ў рамках працы VI Міжнароднага кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры” адбылося штогадовае пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па інфармацыйным узаемадзеянні.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Знаёмства будучых бібліятэкараў са спадчынай Яўгена Хлябцэвіча

17 Кас 2019

У рамках супрацоўніцтва паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў 15 і 16 кастрычніка адбылося сумеснае мерапрыемства.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Імпрэза “Чyжыx дyмaк нe пepaкaзвaў, cвae мeў” у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры

16 Кас 2019

15 кастрычніка адбылося мерапрыемства “Чyжыx дyмaк нe пepaкaзвaў, cвae мeў”, прымеркаванае да 120-годдзя з дня нараджэння Адама Бабарэкі (14.10.1899–10.10.1938).

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

ААН для міру і развіцця

17 Кас 2019

З 17 кастрычніка па 19 лістапада ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) адкрыта тэматычная выстаўка “ААН для міру і развіцця”, прысвечаная Дню Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Кніжныя выстаўкі

Кнігі ў дар школе № 38 і яслям-саду № 92

16 Кас 2019

15 кастрычніка ў рамках дабрачыннай акцыі “Чытанне – прастора інфармацыі і ведаў” бібліятэкам сярэдняй школы № 38 і ясляў-сада № 92 г. Мінска перадалі ў дар больш за 200 экзэмпляраў дзіцячай, вучэбнай, мастацкай, вучэбна-метадычнай і развіваючай літаратуры.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Лекцыя даследчыка старажытных манускрыптаў Скота Кэрала

15 Кас 2019

15 кастрычніка ў бібліятэцы адбылася навуковая лекцыя “Кнігі да вынаходніцтва друку: нястомная праца перапісчыка” даследчыка старажытных манускрыптаў Скота Кэрала.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111