18 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося адкрыццё XXVII Міжнародных Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў “Духоўнае значэнне служэння святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў кантэксце гісторыі”, прымеркаваныя да 800-годдзя з дня нараджэння cвятога.
Пленарнае пасяджэнне з прывітальным словам адкрыў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. У чытаннях узялі ўдзел прадстаўнікі навуковай і культурнай грамадскасці, кіраўнікі адукацыйных устаноў, выкладчыкі, аспіранты і студэнты дзяржаўных і царкоўных устаноў адукацыі, прадстаўнікі духавенства. Ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з дакладам на тэму "Узнаўленне кніжных помнікаў духоўнага зместу як шлях да іх актуалізацыі і рэвіталізацыі" выступіў намеснік генеральнага дырэктара Аляксандр Суша.
На навукова-практычным форуме абмеркавалі гістарычную памяць і духоўную культуру, звязаную з асобай Аляксандра Неўскага, хрысціянскія каштоўнасці ў сістэме адукацыі, актуальныя пытанні гісторыі Беларускай праваслаўнай царквы, праблемы рэлігіязнаўства ў XXI стагоддзі і іншыя важныя напрамкі.
Спецыяльна да XXVII Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў бібліятэка падрыхтавала выставу, на якой прадстаўлены вынікі праектаў па факсімільным аднаўленні найбольш каштоўных рукапісных помнікаў нашай краіны. Сярод іх – факсіміле Тураўскага Евангелля XI ст. (2014), Полацкага Евангелля 2-й паловы ХІІ ст. (2012), Слуцкага Евангелля 1582 г. (2009) і Жыровіцкага Евангелля XVI ст. (2020).
Мерапрыемствы і секцыйныя пасяджэнні XXVII Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў праходзяць на розных пляцоўках у завочна-дыстанцыйным фармаце. Па выніках канферэнцыі плануецца выданне зборніка матэрыялаў.
Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.