ГалоўнаяНавіныНавіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Унікальныя рарытэты і біблейскія старажытнасці ўпершыню трапяць у Беларусь
Летапіс сталіц свету

Паэту-песенніку Уладзіміру Карызне – 80

Паэту-песенніку Уладзіміру Карызне – 80
Іншыя навіны

25 мая спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння паэта, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, кавалера ордэна Францыска Скарыны Уладзіміра Іванавіча Карызны.

Хто ў нашай краіне не ведае песень, напісаных майстрам паэтычнага слова Уладзімірам Карызнам: “Люблю цябе, Белая Русь”, “Беларусь мая сінявокая!”, “Песня аб роднай зямлі”, “Журавінка”, “На азёрах сініх”?! У паэта вялікая аўдыторыя паклоннікаў. Яго песні часта гучаць па радыё і тэлебачанні, іх можна пачуць і на студэнцкіх вечарынах, і на грамадскіх святах, і на сямейных урачыстасцях.

Уладзімір Іванавіч Карызна нарадзіўся ў 1938 г. у вёсцы Закружка Мінскага раёна ў сялянскай сям’і. Прыгажосць музыкі паэт-песеннік адчуў яшчэ з маленства. У бацькоўскай хаце і ў святы, і ў будні гучалі народныя песні і музыка. Любоў да музыкі перадалася яму ад бацькі і маці, якія ведалі многа песень і прыгожа спявалі. Яшчэ юнаком спрабаваў пісаць вершы. Пасля заканчэння школы паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скончыўшы вучобу ў 1961 г. выкладаў беларускую і рускую мовы і літаратуры ў Опсаўскай сярэдняй школе на Браслаўшчыне, адначасова ўзначальваў літаратурнае аб’яднанне пры раённай газеце “Браслаўская звязда”. З 1967 па 1980 г. быў рэдактарам, старшым рэдактарам, загадчыкам аддзела беларускай музыкі рэспубліканскага радыё. Пасля працаваў у часопісе “Полымя”, выдавецтве “Юнацтва”, часопісе “Крыніца”.

Першы верш У. Карызны быў надрукаваны ў 1956 г. у газеце “Чырвоная змена”, калі ён вучыўся ва ўніверсітэце. Друкаваўся паэт ў “Настаўніцкай газеце”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” і інш. Першы зборнік лірыкі “Край мой сінявокі” выйшаў з друку ў 1963 г. Потым пабачылі свет кнігі паэзіі: “Жураўліны досвітак” (1969), “Святло ліўня” (1972), “Цеплыня” (1977), “Цішыня баразны” (1981), “Шумяць вербы” (1982), “Музыка ў свеце” (1985), “Расколіна на Звоне Свабоды” (1986), “Душы разгуканай мелодыя” (1988), “Азёры дабрыні” (1995), “Хвіліна святла” (2000), “Доля Русь наша белая” (2007), “Зарніцы дзяцінства” (2014). Тэмы яго твораў – памяць мінулай вайны, любоў да роднага краю, жыццё і праца, шчасце, радасць і паўсядзённы клопат сучасніка. Вершы У. Карызны вылучаюцца непаўторнасцю стылю, меладычнай прыгажосцю і яркасцю, даступнасцю музычнага гучання. Творчая дзейнасць яго бярэ свае вытокі з беларускага фальклору, матывы якога ён умела выкарыстоўвае, аздабляючы вершы новымі вобразамі. Больш за 200 твораў Уладзіміра Іванавіча пакладзены на музыку. Выдадзены зборнікі песень “Клубныя вечары” (1979), “Люблю цябе, Белая Русь” (1984), “Салавей спявае” (1990), “Гэта наша Радзіма” (1998).

Напеўнасць і лірызм паэзіі У. Карызны такія яскравыя, што да яе звярталіся і звяртаюцца кампазітары ўсіх пакаленняў – А. Багатыроў, Ю. Семяняка, І. Лучанок, Я. Глебаў, Л. Захлеўны, Дз. Смольскі, Э. Ханок і інш. На вершы паэта беларускімі кампазітарамі створаны вакальныя цыклы “Поры года”, “Я люблю цябе”, кантаты “Зямля мая”, “Песні дзявочага кахання”, араторыя “Дзень Радзімы”. А выконваюць гэтыя творы нашы лепшыя вакальна-інструментальныя калектывы, хары (“Сябры”, “Песняры”, “Верасы”, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г. Цітовіча). У творчым багажы паэта-песенніка больш за 50 песень са словамі і музыкай аўтара: “Гады маладыя”, “Вішанька”, “Даўно ў той хаце не была”, “Пала цёплая ночка”, “Ты скажы, мая бярозка”, “Школьная-развітальная”, “Песня аб Браславе” і інш.

У. Карызна яшчэ і цудоўны дзіцячы паэт. Першую сваю кніжку для дзяцей “На сяле ў бабулі” паэт выдаў у 1975 г., пазней былі і іншыя – “Кыонг і яго сябры” (1982), “Малююць дзеці” (з А. Вольскім, 1984), “Зямля – два паўшар’і” (1988), “Мір і сонейка для ўсіх” (1990), “Хітры і мудры” (1994), “Насціна кніжка” (1995), “Іграй, жалейка, не змаўкай…” (1998), “На азёрах сініх” (2000), “Чароўнае вочка” (2003), “Лепяць ластаўкі гняздзечкі” (2010), “Зарніцы дзяцінства” (2014). Паэт пераклаў нямала дзіцячых твораў для “Бібліятэкі дзіцячай літаратуры народаў СССР” у 15 тамах, 16 кнігах. За ўдзел у стварэнні “Бібліятэкі…” ён быў удастоены звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1996). У. Карызна станавіўся некалькі разоў лаўрэатам рэспубліканскіх конкурсаў песень. Ён стаў стваральнікам новага Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, перапрацаваўшы тэкст М. Клімковіча. За гэту працу ў 2002 г. паэт быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

Таксама інфармацыю пра У.І Карызну можна знайсці ў фактаграфічнай базе даных “Беларусь у асобах і падзеях”.

Каментарыі карыстальнікаў:

Каментаванне даступна толькі зарэгістраваным карыстальнікам

Навіны

Новае выданне ў дапамогу спецыялістам бібліятэчнай справы

22 Лют 2019

Нацыянальная бібліятэка Беларусі (НББ) выпусціла ў свет чарговае навукова-метадычнае выданне ў серыі “БібліяКансультант” ‒ “Нацыянальныя дакументы Беларусі: методыка і тэхналогія сучаснай бібліятэчнай працы”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

На роднай мове: у бібліятэцы прагучалі ўрыўкі з канстытуцый 27 краін свету

21 Лют 2019

21 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы адбылося мерапрыемства, прысвечанае 25-годдзю  прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Віртуальная чытальная зала для бібліятэк Брэста

21 Лют 2019

Віртуальная чытальная зала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі працягвае знаёміць спецыялістаў і карыстальнікаў бібліятэк нашай краіны з магчымасцямі выкарыстання электронных інфармацыйных рэсурсаў. У рамках гэтай працы 19 і 20 лютага прайшла серыя семінараў ВЧЗ у бібліятэках Брэста.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Міжнародны дзень роднай мовы прадстаўлены рукапісны пераклад Евангелля брата Якуба Коласа

21 Лют 2019

21 лютага ў музеі кнігі ўрачыста прадставілі ўнікальны рукапіс – пераклад Евангелля на беларускую мову Міхася Міцкевіча, малодшага брата Якуба Коласа.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі