З 11 па 30 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (2-гі паверх, кальцавы калідор) арганізавана выстаўка “Храмы часу, памяці, думкі”, прысвечаная Дню бібліятэк.
15 верасня грамадскасць рэспублікі адзначае Дзень бібліятэк. Дата прымеркавана да дня заснавання галоўнага кнігасховішча краіны – Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Афіцыйнае святкаванне Дня бібліятэк сведчыць аб дзяржаўным прызнанні бібліятэкі важным сацыяльным інстытутам, дзейнасць якога дабратворна ўплывае на духоўны, культурны, адукацыйны і інтэлектуальны ўзровень нацыі.
Дзейнасць беларускіх бібліятэк ажыццяўляецца ва ўмовах дзяржаўнай падтрымкі вызначаных прыярытэтных напрамкаў – інфармацыйнага ўзаемадзеяння, аўтаматызацыі, каардынацыі ў фарміраванні інфармацыйных рэсурсаў, інтэграцыі інфраструктуры бібліятэк усіх узроўняў у адзіную бібліятэчную сетку.
Кніжная выстаўка “Храмы часу, памяці, думкі” паказвае бібліятэку як грамадскі інстытут, рысы якога, змест работы і яе маштабы не статычныя, а насупраць, увесь час мяняюцца і трансфармуюцца, аднак сутнасць бібліятэкі застаецца нязменнай: як і раней, бібліятэка – прытулак сусветнай мудрасці, захавальніца рукапісных і кніжных помнікаў пісьменства, аснова навуковай дзейнасці, гарант адукаванасці і культуры грамадства.
Экспазіцыя ўключае каля 200 навуковых і вучэбных выданняў па гісторыі бібліятэк, бібліятэчным заканадаўстве, кіраванні, сацыялагічных і навуковых даследаваннях, інавацыях у бібліятэчна-бібліяграфічным абслугоўванні чытачоў, міжбібліятэчным узаемадзеянні, а таксама прысвечаных вядомым людзям у галіне бібліятэчнай справы.
Таксама прадстаўляе цікавасць шэраг выданняў пра найбуйнейшыя бібліятэкі Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Францыі, Кітая і іншых краін.
Кантактны тэлефон: (8 017) 293 28 86.