29 лютага – 2 сакавіка на гістарычным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася V Міжнародная навуковая канферэнцыя “Мова, кніга і традыцыйная культура позняга рускага сярэднявечча ў навуцы, музейнай і бібліятэчнай працы”.
Канферэнцыя была прысвечана 90-годдзю доктара гістарычных навук, заслужанага прафесара Маскоўскага ўніверсітэта, прафесара кафедры гісторыі Царквы гістарычнага факультэта МДУ Ірыны Васільеўны Паздзеевай.
Праграма ўключала працу 3-х секцый: “Кніжнасць і літаратура позняга рускага сярэднявечча”, “Гісторыя стараверства”, “Культура стараверства”.
Нацыянальную бібліятэку Беларусі прадставіла галоўны бібліёграф навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Галіна Кірэева, якая выступіла з дакладам “Славянскія рукапісы са збору В.І. Камарніцкага (з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі)”.
Удзельнікі канферэнцыі наведалі Іосіфа-Валоцкі манастыр (Валакаламскі раён) і Музей Бібліі, навуковым кансультантам і дарыльшчыкам якога з’яўляецца І.В. Паздзеева, пазнаёміліся з гісторыяй і славутасцямі манастыра – аднаго з найбуйнейшых цэнтраў кніжнасці Русі. У экспазіцыі Музея Бібліі прадстаўлена і выдавецкая дзейнасць Францыска Скарыны. Таксама адбылася сустрэча і гутарка з намеснікам манастыра архімандрытам Сергіем.
Фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі папоўнілі выданні, атрыманыя ў дар ад навуковага супрацоўніка Дзяржаўнага гістарычнага музея Алены Букрэевай і МДУ.
Арганізатары канферэнцыі – гістарычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Матэрыял пададзены навукова-даследчым аддзелам кнігазнаўства.