14 ліпеня ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна адбылося адкрыццё перасоўнай фотавыставы “Нацыянальная бібліятэка Беларусі”.
Экспазіцыя прадстаўляе 24 працы вядомых фотамастакоў Беларусі: Анатоля Дрыбаса, Лолія Македонскага, Сяргея Плыткевіча, Віктара Суглоба і інш.
Аўтары ў ілюстрацыйнай форме паказваюць новую старонку стогадовай гісторыі галоўнай бібліятэкі краіны і прадстаўляюць яе новы будынак у самых яркіх і значных фрагментах, раскрываюць арыгінальныя рашэнні інтэр'ераў, новыя тэхналогіі ў абслугоўванні, знаёмяць з творамі жывапісу і прыкладнога мастацтва.
У адкрыцці выставы прыняла ўдзел генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава. У прывітальным слове яна падзякавала кіраўніцтву Віцебскай абласной бібліятэкі за прадстаўленую магчымасць пазнаёміць жыхароў Віцебска з гісторыяй “алмаза ведаў”, яго архітэктурнымі асаблівасцямі і мастацкім афармленнем.
Перасоўная фотавыстава “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” прымеркавана да 100-годдзя ўстановы і распавядае пра сучасную Нацыянальную бібліятэку як пра найбуйнейшы інфармацыйны і сацыякультурны цэнтр краіны, унікальнае сховішча нацыянальных дакументаў і пра прафесію бібліятэкара, якая імкліва відазмяняецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу.
Матэрыял пададзены аддзелам сувязей з грамадскасцю.