27 красавіка ў бібліятэцы пройдзе комплекс мерапрыемстваў, прысвечаных Сусветнаму дню кнігі і аўтарскага права, а таксама Міжнароднаму дню інтэлектуальнай уласнасці.
З 10.00 да 13.00 у прэс-цэнтры (пам. 308) адбудзецца навучальны семінар “Аўтарскае права і сумежныя правы: асаблівасці прымянення ў дзейнасці бібліятэк Рэспублікі Беларусь”. Спецыялісты Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці азнаёмяць удзельнікаў з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у галіне аўтарскага права і сумежных праў, асветляць асаблівасці яго выкарыстання ў рабоце бібліятэк, раскажуць пра сістэму калектыўнага кіравання аўтарскімі і сумежнымі правамі, адкажуць на пытанні, якія ўзнікаюць у паўсядзённай дзейнасці інфармацыйных устаноў.
У 15.00 у галерэі “Лабірынт” (3-ці паверх) адбудзецца культурна-асветніцкая акцыя "Майстар беларускага слова – Кандрат Крапіва", прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, паэта, драматурга, байкапісца і перакладчыка.
У рамках мерапрыемства адбудзецца прэзентацыя электроннага выдання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі “Верай і праўдай прайшоў праз эпоху”, прысвечанага жыццю і творчасці К. Крапівы.
Наведвальнікі акцыі пачуюць жывы голас пісьменніка з архіва Белтэлерадыёкампаніі, а таксама яго байкі ў выкананні студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
У заключэнне акцыі адбудзецца падпісанне пагаднення паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Аленай Ігараўнай Атраховіч, захавальнікам творчай спадчыны К. Крапівы, аб прадастаўленні праў на выкарыстанне твораў класіка ў рамках электроннага выдання.
Наведвальнікі мерапрыемства змогуць азнаёміцца з кніжнай выстаўкай, на якой будуць прадстаўлены асобныя выданні К. Крапівы, графічныя работы мастака А. Александровіча – ілюстрацыі да баек, гістарычныя матэрыялы з фонду Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.