9 верасня 2008 года а 17-й гадзіне ў галерэі “Ракурс” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (прасп. Незалежнасці, 116, 2-гі паверх, цэнтральны ўваход) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё міжнароднай мастацкай выстаўкі “Слова і вобраз”.
Тэма выстаўкі і час яе адкрыцця невыпадковыя: яна прымеркавана да Дня беларускага пісьменства і Дня бібліятэк. Вербальны і пластычны пачатак, слова і вобраз арганічна спалучылі структуру графічных аркушаў, мастацкага фота і жывапісных палоцен. Фрагменты тэкстаў, слоў узмацняюць асацыятыўны рад экспазіцыі, дадаюць ёй канцэптуальнай глыбіні, шматслойнасці, патрабуюць ад гледача ўключацца ў тую інтэлектуальную гульню, якую прапануюць аўтары прадстаўленых на выстаўцы твораў.
У рамках праекта адбудзецца прэзентацыя эксклюзіўных выданняў,выкананых у стылі «book-art», у якіх паэтычнае слова і выява існуюць на роўных, дзе спалучаецца вербальнае і візуальнае: графіка стварае адмысловую раму-абрамленне для паэзіі. Таксама будзе прадстаўлена кніжная выстаўка на тую ж тэматыку.
Мастацкая экспазіцыя размесціцца ў трох галерэях: “Ракурс”, “Лабірынт” і “Атрыум”. На вернісажы будзе прадстаўлена звыш 140 твораў беларускіх і замежных мастакоў, сярод якіх творцы з Эстоніі, Малдовы, Украіны, Германіі, Кітая, Сербіі і іншых краін. Кніжная экспазіцыя будзе арганізавана на 2-м паверсе ў кальцавым калідоры каля галерэі «Ракурс».
Выстаўка будзе працаваць да 22 кастрычнiка.
Тэлефоны для даведак: (8017)293-27-67; 293-28-23, 293-28-33
e-mail: pr@nlb.by