З 11 верасня па 15 кастрычніка ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) арганізавана выстаўка “Устойлівае развіццё турызму: сусветныя тэндэнцыі і нацыянальныя стратэгіі”, прысвечаная Сусветнаму дню турызму.
Гэты Дзень быў заснаваны на трэцяй сесіі генеральнай асамблеі Сусветнай турысцкай арганізацыі (СТА) у верасні 1979 г. і штогод адзначаецца 27 верасня, пачынаючы з 1980 г. Дата была абрана не выпадкова: 27 верасня 1970 г. быў прыняты Статут СТА.
Мэта свята – прапаганда турызму, асвятленне яго ўкладу ў эканоміку сусветнага супольніцтва, развіццё культурных сувязей і забеспячэнне ўзаемаразумення паміж народамі.
Турызм з’яўляецца адной з найбольш прыбытковых і перспектыўных галін сусветнай гаспадаркі, якія інтэнсіўна развіваюцца. Па даных Сусветнай турыстычнай арганізацыі, расходы на турызм складаюць 12 % сусветнага валавога прадукту, 8 % агульнага сусветнага экспарту і 30 % сусветнага гандлю паслугамі. Роля міжнароднага турызму ў сусветнай эканоміцы пастаянна ўзрастае, і адпаведна павялічваецца залежнасць нацыянальных эканомік ад турысцкай дзейнасці. У некаторых краінах турызм з’яўляецца асноўным артыкулам прыбытку дзяржавы.
За апошнія дваццаць гадоў сярэднегадавыя тэмпы росту колькасці замежных турыстаў у свеце склалі 5,1 %. Бурнае развіццё турызму чакаецца і далей: па прагнозах спецыялістаў, колькасць турыстаў на планеце да 2020 г. узрасце ўтрая і будзе складаць больш за 1 млрд 600 млн чалавек.
На сённяшні дзень і на бліжэйшую перспектыву ў сусветным супольніцтве фарміруецца канцэпцыя ўстойлівага развіцця, якая прадугледжвае інтэграцыю сацыяльных, эканамічных і экалагічных аспектаў у прыняцці рашэнняў і практычнай дзейнасці. Арыентацыя на ўстойлівае развіццё прывяла да ўзнікнення новага напрамку ў турызме, які вызначае яго эвалюцыйнае развіццё і забяспечвае ўстойлівасць у гэтай галіне.
Адпаведна тлумачэнню СТА, устойлівы турызм – гэта “такі напрамак развіцця турызму, які дазваляе задавальняць патрэбы турыстаў сёння, улічваючы інтарэсы рэгіёна, які прымае, і захоўваць гэтую магчымасць у будучыні. Пры гэтым прадугледжваецца кіраванне ўсімі рэсурсамі такім чынам, каб эканамічныя, сацыяльныя і эстэтычныя патрэбнасці задавальняліся з падтрыманнем культурнай і экалагічнай цэласнасці, без нанясення шкоды біялагічнай разнастайнасці і сістэмам жыццезабеспячэння”.
Гэты напрамак вельмі сугучны з тэмай Сусветнага дня турызму 2014 г. – “Турызм і развіццё мясцовай інфраструктуры”. Галоўнай тэмай свята стане патэнцыял турызму для развіцця інфраструктуры, паляпшэння ўмоў жыцця рэгіянальных супольніцтваў і іх роля ў падтрыманні стабільнага росту сусветнай туріндустрыі. “Кожны раз, адпраўляючыся ў паездку, карыстаючыся грамадскім транспартам або купляючы мясцовыя прадукты, мы падтрымліваем вялікую колькасць людзей, дапамагаем стварэнню працоўных месцаў і прадастаўляем рэгіёну і яго жыхарам новыя магчымасці для развіцця”, – заявіў генеральны сакратар СТА Талеб Рыфай у афіцыйным паведамленні, прысвечаным надыходзячаму Дню турызму.
На выстаўцы прадстаўлена больш за 100 дакументаў: кнігі, брашуры, перыядычныя выданні, мімеаграфаваныя матэрыялы. Вялікую частку выстаўкі складаюць дакументы міжнародных арганізацый (ААН, СТА, ЮНЕСКА, Еўрапейскага саюза, Савета Еўропы) на рускай, французскай і англійскай мовах.
Экспазіцыя ўключае наступныя тэматычныя раздзелы:
- Прававое забеспячэнне міжнароднага турызму – міжнародныя рэкамендацыі і стандарты, нарматыўна-прававыя акты.
- Міжнародны турызм і ўстойлівае развіццё: роля і значэнне турызму ў эканамічным і сацыяльным развіцці краін і рэгіёнаў.
- Роля турызму ва ўмацаванні культурных сувязей, узаемапавагі і ўзаемаразумення паміж народамі.
- Эканоміка, арганізацыя міжнароднага турызму і кіраванне ім.
- Развіццё індустрыі турызму і турыстычнага бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь.
Выстаўка будзе карысная спецыялістам у сферы турызму, арганізатарам турыстычнага бізнесу, студэнтам вышэйшых навучальных устаноў турыстычнага профілю, а таксама ўсім, хто цікавіцца міжнародным турызмам і любіць падарожнічаць.
Карысныя спасылкі
- Сусветны дзень турызму (27 верасня)
- Сусветны дзень турызму 2014
- Сусветная турысцкая арганізацыя Аб’яднаных Нацый (СТА)
- Устойлівае развіццё турызму
- Турызм, ліквідацыя галечы і гендарная роўнасць
- Федэральнае агенцтва па турызме Расійскай Федэрацыі (Ростурызм)
- Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь
- Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый
Дакументы
- Рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі
- Рэзалюцыі ЭКАСАС
- Даклады Генеральнага сакратара
- Дамова паміж Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый і Сусветнай турысцкай арганізацыяй