З 24 мая па 7 чэрвеня ў зале выяўленчых і відэадакументаў (пам. 307) ладзіцца выстаўка “Мастак-рамантык Валенцій”, прысвечаная 210-годдзю з дня нараджэння беларускага жывапісца Валянціна Мельхіёравіча Ваньковіча (1800–1842).
Як адзначае большасць даследчыкаў, ён з тых жывапісцаў, творчасць якіх з аднолькавым поспехам сімвалізуе беларускую, літоўскую і польскую культуры, ды і мастацкую культуру ўсёй Заходняй Еўропы ў цэлым.
Шчасліва адораны ад прыроды, выхаваны ў атмасферы мастацтва, Ваньковіч пражыў жыццё, поўнае напружаных творчых пошукаў.
Яго карціна “Міцкевіч на гары Аю-Даг” лічыцца маніфестам рамантызму ў беларуска-літоўскім мастацтве, дзе партрэтная выразнасць спалучаецца з персаніфікацыяй натхнення і рамантычнай узнёсласці.
Мастак належыць да той плеяды жывапісцаў, якія ўспрымалі творчасць як духоўную місію па ўдасканаленні чалавека, узвышэнні яго душы.
У экспазіцыі прадстаўлена звыш 50 дакументаў – альбомаў, кніг, артыкулаў, паштовак і рэпрадукцый работ жывапісца.
Выстаўка разлічана на ўсе катэгорыі чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй беларускага мастацтва.
Кантактны тэлефон: 293-27-58.