З 23 студзеня па 14 лютага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (3-ці паверх, кальцавы калідор) арганізавана тэматычная выстаўка "Будучыня за інтэлектам нацыі”, прысвечаная Дню беларускай навукі (26 студзеня).
Навука вырашае складаныя тэарэтычныя і прыкладныя праблемы ў розных галінах і сферах жыццядзейнасці грамадства, з’яўляецца неад’емнай часткай вытворчага патэнцыялу краіны, крыніцай фарміравання інавацыйнай эканомікі рэспублікі. Новыя распрацоўкі і актуальныя праекты – гэта галоўныя стратэгічныя рэсурсы нашай бацькаўшчыны.
На кніжнай выстаўцы “Будучыня за інтэлектам нацыі” прадстаўлена каля 150 дакументаў за апошнія пяць гадоў: даведачныя і энцыклапедычныя выданні, манаграфіі, зборнікі навуковых работ, матэрыялы міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый, буклеты, што распавядаюцьпра гісторыю развіцця і сучасны стан беларускай навукі, Нацыянальную акадэмію навук Беларусі і навукова-вытворчыя прадпрыемствы, навуковыя распрацоўкі і дасягненні, знаёмяць з асноўнымі напрамкамі навуковых даследаванняў беларускіх вучоных па найважнейшых аспектах прыродазнаўчых, тэхнічных і гуманітарных навук.
Экспазіцыя складаецца з трох раздзелаў:
- Беларуская навука: гісторыя і сучаснасць.
- Навуковыя ўстановы і прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь.
- Навуковыя распрацоўкі і дасягненні.
У раздзеле “Беларуская навука: гісторыя і сучаснасць” прадстаўлены кнігі, у якіх адлюстравана развіццё навукі ў Беларусі, асвятляюцца жыццё і дзейнасць вядомых беларускіх вучоных.
Раздзел “Навуковыя ўстановы і прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь” змяшчае літаратуру пра Нацыянальную акадэмію навук Беларусі, вядучыя інстытуты і навукова-вытворчыя прадпрыемствы, іх навуковыя даследаванні.
Кнігі раздзела “Навуковыя распрацоўкі і дасягненні” распавядаюць пра здабыткі беларускай навукі ў розных галінах грамадскага жыцця.
Экспазіцыя адрасавана шырокаму колу чытачоў і наведвальнікаў бібліятэкі.
Кантактны тэлефон: (8 017) 293 28 86.