ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
З невядомай спадчыны Песняра
Удзельнікам анлайн-конкурсу чытальнікаў “О, Беларусь, мая шыпшына”

Усё не так, як у кнізе! Што не так з экранізацыямі і дзе ў бібліятэцы глядзець кіно

Усё не так, як у кнізе! Што не так з экранізацыямі і дзе ў бібліятэцы глядзець кіно
Іншыя навіны

Паліна Доля

У сучасным кінематографе ўсё менш арыгінальных сцэнарыяў, а экранізацый папулярных кніг – усё больш. Але на самой справе не ўсе з іх удалыя – прынамсі, на наш густ. Што ж не так з экранізацыямі? І чаму мы амаль заўсёды імі незадаволены? Працягнем гутарку пра мастацтва адаптацыі кніжных твораў!

Ёсць нешта трывожнае ў чаканні выхаду фільма па вашай улюбёнай кнізе. З аднаго боку, хіба гэта не цудоўна? Візуальная адаптацыя гісторыі, якая незабыўна вас уразіла – жывая, эфектная, прывабная. Да таго ж, цудоўная магчымасць справакаваць хвалю цікавасці да самой кнігі – захапіць вашых сяброў, перачытаць самому, абмеркаваць кнігу так, быццам адкрылі яе толькі ўчора.

Але ёсць і адваротны бок. Мала якая экранізацыя параўнаецца з нашым уласным уяўленнем! Дэталі не тыя, акцёрскі склад не да спадобы, ды і паглыблення ў сюжэт значна менш – кніга займае чытача на дні, тыдні і нават гады, а фільм – на пару гадзін. Да таго ж, з гісторыямі, якія мы зачыталі да дзірак, усё яшчэ складаней: чым больш мы чытаем, тым больш дакладна бачым для сябе інтанацыі, абстаноўку, атмасферу. Варта рэжысёру на крок адступіць ад нашай ідылічнай карціны, як на яго валяцца горы асуджэння і каментароў “Кніга лепш!”. І не дай бог адступіць у экранізацыі ад арыгінальнага сюжэту!

Дарэчы, азнаёміцца адным махам і з кнігай, і з яе адаптацыяй можна ў Нацыянальнай бібліятэцы – у зале нотных і аўдыявізуальных матэрыялаў. Так-так, там, дзе вінілавыя пласцінкі і ажно два фартэпіяна. Сярод усяго гэтага хараства прыхавалася невялікая, але вельмі ганарлівая калекцыя фільмаў: ёсць нават запісы на англійскай мове з англійскімі субцітрамі – для тых, хто даўно не практыкаваўся ў перакладзе. Таму вось вам план дзеянняў на наступнае наведванне – у электронным каталогу заказваеце кнігу “Великий Гэтсби” і аднайменны фільм, займаеце самае камфортнае месца ў зале аўдыявізуальных дакументаў і атрымліваеце асалоду ад таго, як там усё не адпавядае вашаму ўяўленню аб персанажах. Прызабылі англійскую мову? Новы план: узяць кнігу “Код да Вінчы”, замовіць фільм па ёй і атрымаць задавальненне ад дубляжу. Выдатная магчымасць адчуць сябе кінакрытыкам.

Абаронцы фільмаў, вядома, скажуць, што ў кінаадаптацыі няма магчымасці асвятліць усе дэталі, улічыць нюансы і дагадзіць кожнаму гледачу. І маюць рацыю! Кнігі настройваюць чытача на патрэбны лад паступова, дробнымі дэталямі. У фільма ёсць лічаныя хвіліны, каб стварыць атмасферу, і кінематаграфістам даводзіцца выкладвацца максімальна, каб зрабіць гісторыю захапляльнай. Таму задумаемся вось над чым: а што ж робіць экранізацыю добрай? Што важна – якасць самога фільма ці яго дакладнасць у адаптацыі арыгінала?

На гэта пытанне няма правільнага адказу, кожны сам павінен расставіць свае кнігалюбчыя і кінаманскія прыярытэты. І Нацыянальная бібліятэка вам у гэтым дапаможа! Акрамя прадастаўлення велізарнай колькасці кніг і іх экранізацый, мы таксама прывядзём невялікую класіфікацыю, якая дапаможа вам разабрацца ў сабе і сваіх пачуццях наконт адаптацый кніг. Правядзіце вечар у разважаннях над тым, які тып адаптацыі вам бліжэй – і асуджайце фільмы, якія яму не адпавядаюць! А для нагляднасці возьмем кнігу “Пыха і прадузятасць”, па якой фільм не зняў хіба што гультай.

Такім чынам, якія ж бываюць віды кінаадаптацыі?

  • “Музейная” адаптацыя. Як музеі карпатліва захоўваюць свае экспанаты, так і гэтыя адаптацыі старанна ўвасабляюць усе кніжныя дэталі на кінаэкране, нават калі гэта трохі шкодзіць хронаметражу. Прыклад – міні-серыял “Пыха і прадузятасць” узору 1995 года. Адаптацыя сюжэту? Амаль пастаронкава дакладная. Дэталі і атмасфера? На месцы. Акцёрскі склад? Колін Фёрт у ролі містэра Дарсі стаў эталонным увасабленнем гэтага персанажа. Выдатная экранізацыя, якая да гэтага часу ў шматлікіх прыхільнікаў Джэйн Осцін застаецца ўлюбёнай.
  • Мастацкая адаптацыя. Гэты тып экранізацый замяняе музейную дбайнасць на баланс і дыялог з аўдыторыяй. Так, не ўсе дэталі ўвасабляюцца на экране. Але застаецца толькі самае важнае для гісторыі! У канчатковым выніку атрымліваецца прадукт, які будзе цікавы і фанатам арыгінальнага твора, і тым, хто ў жыцці першакрыніцу ў руках не трымаў. Прыклад – “Пыха і прадузятасць” 2005 года з Кірай Найтлі ў галоўнай ролі. Можа, сюжэт і некалькі скарочаны на карысць двухгадзіннага хронаметражу, але атмасфера, касцюмы і акцёрская ігра з лішкам папаўняюць усе прабелы, а гісторыя выглядае суцэльнай.
  • Свабодная адаптацыя. Звычайна мы ўспамінаем экранізацыі гэтага тыпу з праведным гневам на вуснах, бо такія фільмы звычайна захоўваюць толькі некалькі элементаў ад арыгінала, а ў астатнім ідуць сваім шляхам. Для фанатаў першакрыніцы такія фільмы хутчэй балючыя, чым прыемныя. Але адступленне ад арыгінала на самой справе не робіць экранізацыю дрэнным фільмам. Але вось дрэннай адаптацыяй... У якасці прыкладу прывядзём “Пыху і прадузятасць” 1940 года. Некаторыя сцэны з арыгінальнага твора зніклі, наўзамен з’явіліся новыя, касцюмы хутчэй віктарыянскія, а самі характары некаторых персанажаў змяніліся да непазнавальнасці. Але ці дрэнны гэта фільм? Не, усё яшчэ цудоўны.
  • Адаптацыя-“перараджэнне”. У такіх экранізацыях змяняецца не толькі лінія апавядання або некалькі герояў – тут усё пераварочваецца дагары нагамі. Мяняецца асяроддзе, час дзеяння і ўсё, што наогул можна было замяніць. І хоць гэта і не даслоўная перадача першакрыніцы, такія адаптацыі дазваляюць падкрэсліць пазачасавасць вашай улюбёнай гісторыі. Прыклад – балівудскі фільм “Нявеста і прадузятасць” 2004 года. Літаратурная класіка ў індыйскіх дэкарацыях, дзе ад рамана Джэйн Осцін засталася толькі канва, але ў кантэксце новай культуры гісторыя Элізабэт Бенет і містэра Дарсі пачынае іграць новымі фарбамі. А яшчэ тут ёсць песні і танцавальныя нумары.

А што вам здаецца ідэальным тыпам кінаадаптацыі? Разважаючы над гэтым, не забудзьцеся зазірнуць у Нацыянальную бібліятэку – на 3-ці паверх, у залу нотных і аўдыявізуальных дакументаў. Кажуць, тут думаецца лепш.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

24 лістапада спаўняецца 80 гадоў Тамары Канстанцінаўне Радзевіч, ветэрану Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, высокакваліфікаванаму спецыялісту ў галіне бібліятэчнай справы

24 Ліс 2020

Тамара Канстанцінаўна нарадзілася ў горадзе Мінску ў сям'і служачага. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, бацька Тамары пайшоў на фронт, а маці з сям’ёй вымушана была эвакуіравацца на Урал. Як і многія жыхары Беларусі, дзяўчынка перажыла ўсе жахі вайны.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

21 лістапада спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Фёдара Уладзіміравіча Сцепанюка, дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з 1961 па 1968 год

21 Ліс 2020

Нарадзіўся Фёдар Уладзіміравіч у 1905 г. у в. Чэрск Брэсцкага раёна Беларускай ССР. Падчас Першай сусветнай вайны ў 1915 г. ён з бацькамі пераехаў у с. Яфімаўка Бузулукскага павета Самарскай губерні. Там ужо з 11-гадовага ўзросту Фёдар на працягу 5 гадоў працаваў пастухом па найму.

Партрэты: гісторыя бібліятэкі ў асобах

Краязнаўчыя рэсурсы бібліятэк Брэсцкай, Віцебскай і Гомельскай абласцей на віртуальнай пляцоўцы НББ

20 Ліс 2020

16–18 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося 3 вебінары з серыі “Краязнаўчыя інфармацыйныя рэсурсы публічных бібліятэк”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Віртуальная чытальная зала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі працягвае знаёміць з ЭІР для сферы адукацыі

19 Ліс 2020

19 лістапада адбыўся чарговы анлайн-семінар віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Яго галоўная тэма – электронныя інфармацыйныя рэсурсы для устаноў усіх ступеней адукацыі.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

111