ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
Права ў сферы медыцыны: асаблівасці, праблемы, перспектывы
“Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей” – выстава ў музеі кнігі (+відэа)

Садовае чараўніцтва: як Сесіль Мэры Баркер і кветкавыя феі змянілі кніжную ілюстрацыю

Садовае чараўніцтва: як Сесіль Мэры Баркер і кветкавыя феі змянілі кніжную ілюстрацыю
Іншыя навіны

Паліна Доля

Вы калі-небудзь звярталі ўвагу, якія добрыя ілюстрацыі ў дзіцячых кнігах? Яны лёгкія, пяшчотныя, прыемныя воку і сэрцу – адно задавальненне... Праўда, мы зусім не ўспрымаем іх усур'ёз. У рэшце рэшт, гэта ж для дзяцей, а значыць, там шмат спрашчэнняў, умоўнасцей і зусім ніякай сур'ёзнасці, так? А вось і не. Кніжная ілюстрацыя можа быць сур'ёзнай, дакладнай і нават цалкам навуковай – не губляючы пры гэтым свайго чараўніцтва. Сёння мы пагаворым пра Сесіль Мэры Баркер, сапраўдную каралеву кветкавых фей, і пра батанічную ілюстрацыю.

Пагулялі па літаратурных садах? Працягнем паглыбляцца ў лета з батанічнымі ноткамі. Гэта чароўная гісторыя пачалася 28 чэрвеня 1895 года ў прыгарадзе брытанскага Кройдана, дзе і нарадзілася Сесіль Мэры Баркер. Яе бацька быў вельмі паспяховым гандляром насеннем (запомніце гэта на будучае). У дзяцінстве дзяўчынка доўга хварэла, з-за чаго куды часцей заставалася ў ложку, а ў школу зусім не хадзіла. Хатняе навучанне, гувернантка і нянечка паляпшалі яе сумнаватыя будні. А яшчэ – мастацтва. Сесіль любіла кніжкі з малюнкамі, а як да іх далучыцца, калі не маляваць самой?

2021.07.23_цветочные_феи_2.png

Увогуле, дзяўчынка аказалася таленавітай. У адрозненне ад гісторыі Беатрыс Потэр, у Сесіль не было такой колькасці чароўных дамашніх гадаванцаў, затое быў вялікі сад і частыя паездкі на прыроду. Яна малявала палявыя кветкі – атрымлівалася добра. Бацька нават арганізаваў ёй заняткі па маляванні: адчуваў, што такі талент абавязкова трэба развіваць. Вельмі любіў сваю дачку.

Аднак у 1912 годзе здарыўся трагічны паварот у жыцці сям'і Баркер: бацька Сесіль раптоўна памёр. Са стратай карміцеля дому Баркера пагражаў заняпад, і тады выратаванне сям’і ўзяла ў свае рукі старэйшая сястра Сесіль, Дораці. І адкрыла ў старой сядзібе дзіцячы садок. Мноства ў рознай ступені гарэзлівых дзяцей апынулася ў полі зроку Сесіль, і яна, зразумела, пачала іх маляваць.

Дзіцячы садок, вядома, нядрэнная крыніца даходу, але Сесіль хацелася прасоўваць свае ілюстрацыі ў масы, і ў 1918 годзе яна адправіла ў выдавецтва некалькі замалёвак, у якіх спляла разам тое, што выдатна ведае з усіх бакоў – кветкі і дзяцей. Атрымаліся чароўныя феі ў цудоўных кветкавых шапачках, лісточках-камізэльках і туфліках з букавай шалупіны. Прыгажосць.

2021.07.23_цветочные_феи_7.png

Тут зробім лірычнае адступленне і ўспомнім цікавы штрых пачатку ХХ стагоддзя – павальную моду на чараўніцтва. Феі і эльфы, прывіды і ведзьмы, спірытычныя сеансы, столакручэнне і гісторыі пра тое, як у кагосьці дзіця ў чарговы раз падмянілі паленам жыхары чароўных пагоркаў, – чым больш вядзьмарства, тым больш цікава. Тады навука развівалася сямімільнымі крокамі, але ў ёй заставалася досыць месца для таямніц, і людзям хацелася ў іх верыць. Да таго ж некаторыя фатаграфіі падагравалі гэты інтарэс: тады па свеце хадзілі дзіўныя здымкі з выявамі, абсалютна дакладна, сапраўдных фей, якія гуляюць у лістоце!

Вядома, здымкі былі падробкай, але вельмі пераканаўчай для тых часоў. Нават сэр Артур Конан Дойль, стваральнік самага рацыянальнага дэтэктыва ў гісторыі, шчыра паверыў у яе – а яшчэ ў духаў, здані і ўласна маленькіх фей, якія жывуць у яго садзе. А калі нават ён паддаўся жаданню верыць у містычнае, то як іншым выстаяць? Пікам моды на фей і эльфаў стала з'яўленне гісторыі пра Пітэра Пэна. Так, у дзень, калі Джэймс Мэцью Бары пакінуў спробы займацца “сур'ёзнай літаратурай” і выдаў кнігу “Пітэр Пэн”, любоў да фейскай тэматыкі ўспыхнула нястрымным полымем.

2021.07.23_цветочные_феи_6.png

Свет ужо ў захапленні ад маленькіх крылатых стварэнняў, якія мыюцца расой і дзеля жарту звязваюць паміж сабой шнуркі вашых чаравікаў. І тут з'яўляецца Сесіль Мэры Баркер з яе цудоўнымі ілюстрацыямі. Поспех быў забяспечаны, і ў тым жа 1918 годзе выходзіць у свет набор яе паштовак – “Эльфы і феі”. А потым яшчэ адзін, і яшчэ... Феі з'яўляліся на чароўных картках, а Сесіль цярпліва прыдумвала ім гісторыі: у рэшце рэшт, не проста ж так гэтая фея носіць на галаве капялюшык з паслёну, а вунь тая апранаецца ў фуксію? У іх ёсць характар, ёсць гісторыя, ёсць будні і клопаты – і Сесіль пачала пісаць пра гэта кнігу.

Яе першая сапраўдная кніга “Кветкавыя феі вясны” выйшла ў 1923 годзе і ўся складалася з вершаў і песенек пра маленькія чароўныя стварэнні і свет вакол іх. Яны змагаюцца з птушкамі за апошнюю вішаньку, праганяюць зіму букетам першых кветак і ядуць печаныя каштаны. Увогуле, выдатны спосаб зрабіць свет дашкалят больш чароўным.

2021.07.23_цветочные_феи_10.png

Але ёсць адна значная адметнасць у работах Сесіль Баркер, нешта большае, чым проста прыгожыя карцінкі і вясёлыя вершыкі. І гэта – неверагодная ўвага да дэталяў.

Нагадаем, бацька Сесіль быў гандляром насеннем і з ранняга дзяцінства дзяўчынка вельмі шчыльна сутыкнулася з усёй гэтай расліннай тэматыкай. Яе атачалі букавыя дрэвы, конскія каштаны, дзьмухаўцы, аксаміткі, клубніцы і ўсё, што толькі магчыма вырасціць ва ўмовах Туманнага Альбіёна. Сесіль ведала пра расліны куды больш, чым шараговы наведвальнік Каралеўскіх батанічных садоў. Яна не проста бачыла кветкі, яна сачыла за тым, як яны растуць, якія ў іх звычкі, прыхільнасці, асаблівасці. І, вядома, увасобіла гэта ўсё ў сваіх кветкавых феях.

Героі ілюстрацый Сесіль заўсёды цесна ўзаемадзейнічаюць з разнастайнымі раслінамі адпаведна іх гісторыям. І гэтыя самыя кветкі і лісце, дрэвы і кусты намаляваны так дэталёва, што могуць даць фору любому навуковаму зборніку батанічнай ілюстрацыі. Ніякіх абагульненняў, толькі ўвага да дэталяў. Паглядзіце на яе “Фею бэзу” – прамаляваныя мякка-ліловыя суквецці і бездакорна дакладная форма лісця. Маленькая фея ўдыхае водар кветак, цягнецца да іх, і на яе галаве – капялюшык у форме лістка бэзу. Увогуле, гатовая ілюстрацыя да падручніка па батаніцы, хіба што феечку прыбраць, а то неяк ненавукова зусім.

2021.07.23_цветочные_феи_5.png

“Я так старанна прамалёўвала ўсе гэтыя расліны і кветкі з натуры, і ўсё, што я выказала пра іх у малюнку, настолькі праўдзіва, наколькі гэта магчыма сказаць”, – так гаварыла сама Сесіль Мэры Баркер пра свае работы, скрупулёзныя і шчырыя адначасова.

З натуры яна малявала не толькі расліны, але і сваіх казачных герояў. Вы ж памятаеце пра дзіцячы садок у яе доме, так? Столькі маленькіх натуршчыкаў! Сесіль так імкнулася да дакладнасці, што часам шыла дзецям казачныя касцюмы з тонкімі крылцамі. І, вядома, усе касцюмы спалучаліся з адпаведнымі кветкамі і атмасферай малюнка. Крылцы фей Баркер нагадвалі пра насякомых – стракоз, пчол і матылькоў, у залежнасці ад намаляванай расліны. Напрыклад, вярбовыя феі – абавязкова з крыламі стракоз, бо вербы любяць вільготнасць, рэкі і сажалкі, а ў такіх месцах заўсёды хапае стракоз.

2021.07.23_цветочные_феи_8.png

Выхаванцы дзіцячага садка з цеплынёй успаміналі Сесіль: яна ператварала іх жыццё ў сапраўдную казку. Ніколі не прымушала занадта доўга пазіраваць, падыгрывала, калі яны ўяўлялі сябе феямі і эльфамі, і кожнаму прызначала сваю асаблівую ролю. Напрыклад, дачка іх прыбіральшчыцы, маленькая Глэдзіс Тыдзі, стала феяй прымулы і заўсёды пазіравала для малюнкаў з гэтай гераіняй. Яшчэ адна дзяўчынка, Бэці Эйрыс, стала феяй ландыша. У асабняку Баркер свет быў вельмі асаблівым – там панавала сапраўдная магія.

Ілюстрацыі серыі кніг пра фей кветак выкарыстоўваліся ў музеі Каралеўскага батанічнага саду Лондана, іх цанілі дзеці за гэту казачнасць і дарослыя – за дакладнасць. Сесіль Мэры Баркер адкрыла свету кніжную ілюстрацыю з новага боку. Яе феі не проста забаўлялі дзетак, але і знаёмілі іх з царствам раслін у гульнявой форме, ненадакучліва і разам з тым вельмі правільна.

2021.07.23_цветочные_феи_4.png

Кнігі Сесіль Мэры Баркер – выдатны ўзор балансу паміж рэалізмам і рамантызмам, чарадзействам і рэальнасцю, не менш дзіўнай за любую дзіцячую казку.

Дарэчы, у фей яна зусім не верыла.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.

Навіны

Экскурсіі ў Дзень народнага адзінства

17 Вер 2021

17 верасня ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі на экскурсіі цыкла “Славутыя імёны Бацькаўшчыны” завіталі навучэнцы Мінскага гарадскога кадэцкага вучылішча і сярэдняй школы № 225 г. Мінска. Для іх былі праведзены экскурсіі па творчасці Францыска Скарыны і Уладзіміра Караткевіча.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Лепшыя бібліятэкары краіны атрымалі ўзнагароды

15 Вер 2021

15 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі сабраліся бібліятэкары са ўсіх куточкаў краіны, каб адзначыць прафесійнае свята – Дзень бібліятэк, адпачыць душой сярод калег і аднадумцаў, атрымаць заслужаную ўвагу.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

У Нацыянальнай бібліятэцы падвялі вынікі конкурсу на званне “Лепшы па прафесіі”

15 Вер 2021

15 верасня ў галоўнай бібліятэцы краіны адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню бібліятэк, з цырымоніяй узнагароджання пераможцаў конкурсу прафесійнага майстэрства на званне “Лепшы па прафесіі”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Бібліятэкарам