ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
Творчыя заняткі “Едзем, лятаем, плывём”
Як адбыцца ў прафесіі?

“Новая” Эліза Ажэшка ў цыкле лекцый Святланы Воцінавай

“Новая” Эліза Ажэшка ў цыкле лекцый Святланы Воцінавай
Іншыя навіны

Журналістка, галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Святлана Воцінава праводзіць цыкл лекцый, прысвечаны польскамоўнай прадстаўніцы беларускай літаратуры Элізе Ажэшка. У інтэрв'ю для Нацыянальнай бібліятэкі яна распавяла, чаму толькі зараз мы адкрываем для сябе “сапраўдны” вобраз пісьменніцы.

Мая цікавасць да жыцця і творчасці Элізы Ажэшкі зарадзілася не так даўно. Нічога не прадвяшчала таго, што я захаплюся ёю больш, чым іншымі персонамі, пра якіх мне таксама даводзілася пісаць для часопісаў. Магчыма, мяне зачапіў яе лёс, нешчаслівая жаночая доля. Я гляджу на Элізу Ажэшку не як на пісьменніцу, а як на асобу, жанчыну XIX стагоддзя, пры гэтым, вядома, не ігнарую яе творчасць: тут адлюстроўваецца шмат перажыванняў і падзей жыцця пісьменніцы.

Не пра кожнага творцу можна так многа даведацца: перапіска Элізы з яе сучаснікамі складае больш за дзесяць тамоў. Гэта важкія кнігі, якія чытаць – не перачытаць. Напэўна, цалкам іх прачытаў толькі Эдмунд Янкоўскі, польскі даследчык, які гэтыя лісты сабраў, склаў і пракамэнтаваў. Вялікі ўклад у даследаванне жыцця і творчасці Ажэшкі ўнёс і Людвік Брунон Свідэрскі, ураджэнец Гродна. “Куды ні глянь – усюды Ажэшка”, – кпілі над гэтым маладым чалавекам тыя, хто ўваходзіў у яго кабінет у Варшаве. У свае 23 гады ён ужо па лістах Элізы да рэдактара “Газеты польскай” Юзафа Сікорскага выясніў, кім быў той, дзеля каго яна разводзілася з Пятром Ажэшкам. Мінскі доктар Жыгімонт Свянціцкі, мабыць, адзіная сапраўдная любоў пісьменніцы. І менавіта Свідэрскі прымеціў той дзіўны факт, што яны памерлі з розніцай у тры дні і былі пахаваныя ў адзін дзень і ў адзін час, хоць і ў розных гарадах.

У даследчыкаў склаўся пэўны вобраз пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Калі я пачынала цікавіцца яе жыццём, то паўтарала чужыя памылкі – услед за мэтрамі, філолагамі, якія пісалі пра яе, яе асяроддзе, яе час. Але чым больш я паглыблялася ў крыніцы, тым больш узнікала прэтэнзій да аўтараў навуковых артыкулаў і іх безапеляцыйных сцвярджэнняў.

У прыватнасці, скрыўленым аказаўся вобраз маці Элізы, пані Францішкі. Яе прадстаўляюць дэспатычнай асобай, якая не любіла Элізу, не цікавілася жыццём дачкі: ледзь бацька Элізы памёр, як яна зноў выйшла замуж, мела імідж свецкай ільвіцы, даручыла дачку бабулі, у дзесяць гадоў аддала яе ў Варшаўскі пансіён пры кляштары і ні разу да яе туды не прыехала, а потым ледзь не прымусова выдала замуж за Пятра Ажэшку. Усё гэта стала гучаць вельмі дзіўна, калі я супаставіла факты.

Аказалася, што пані Францішка выйшла замуж другі раз праз шэсць гадоў пасля смерці бацькі Элізы, прычым, яе шлюб з ім доўжыўся таксама шэсць гадоў. Развянчаным апынуўся і вобраз свецкай ільвіцы: Эліза ў апісанні вяселля маці згадвае пра прысутнасць на ім дваццаці гасцей. Заўважым: на адкрыцці кнігарні Элізы Ажэшкі ў Вільні было 300 гасцей. На вяселлі пані Францішкі прысутнічалі толькі самыя блізкія, не было ні музыкі, ні танцаў. Эліза з сястрой адчувалі сябе выдатна: ім пастаянна рабілі кампліменты, яны аб'ядаліся ласункамі. Яшчэ адзін паказальны факт: мы не маем ні адной фатаграфіі пані Францішкі, толькі партрэт з маленькай Элізай на руках, напісаны дзядзькам Элізы, у той час як фатаграфія яе другога мужа, Канстанціна Відацкага існуе. Калі гэтая жанчына была свецкай ільвіцай, няўжо яна не любіла фатаграфавацца?

Bene_Nati-portret_Elizy_Orzeszkowej.png

Міф пра выхаванне дзяцей бабуляй. Бабуля пасялілася з сям'ёй дачкі і ўнучак толькі пасля другога вяселля Францішкі. І гэта не значыць, што яна замяніла дзяўчынкам маму. Ва ўспамінах Элізы напісана: “Мы ўзрадаваліся, што бабуля цяпер будзе жыць з намі”. І далей – пра тое, што, як і раней, зіму яны ўсёй сям'ёй праводзілі ў Гродна, а на лета з'язджалі ў Мількаўшчыну. Эліза пералічвае тых, хто пераязджае: бабуля, айчым, мама і гувернёры. Гэта значыць, мама як да, так і пасля вяселля жыла ў сям'і, а не пакідала дзяцей з бабуляй у Мількаўшчыне, каб весці нейкае свецкае жыццё ў Гродна.

Старэйшая сястра Элізы, Клемянціна, ад нараджэння шмат хварэла і памерла ў 13 гадоў. Пані Францішка шукала спосабы выратаваць дачку, запрашала лекараў з Вільні, вазіла яе ў Варшаву. Эліза вельмі кранальна апісала гэта ва ўспамінах. Паводле яе слоў, мама акружыла хворую сястру клопатам і ўвагай, а яе пакой напоўніла цацкамі, кветкамі, кнігамі і ласункамі.

Ёсць меркаванне, што ў дачкі з мамай былі дрэнныя ўзаемаадносіны. Калі гаварылі, што ў Элізы праяўляецца літаратурны талент, пані Францішка адказвала: “Не ўводзьце ёй гэта ў вушы”. Трактуецца гэта дзіўным чынам: нібыта мама не хацела, каб яе дачка, прадстаўніца роду Паўлоўскіх герба Корвін апусціцца да “бумагомарания”. Эліза тлумачыць пазіцыю мамы інакш: пані Францішка хацела, каб яе дачка была шчаслівая, а жаночае шчасце, кажучы словамі Элізы, пасяляецца ў душах звычайных жанчын, а не тых, якія становяцца знакамітымі. Многае пачынае гучаць дзіўна, калі бачыш палітру фактаў.

Таксама дзіўна гучыць тое, што Эліза Ажэшка змяніла на год дату нараджэння, каб выглядаць маладзейшай. Яна заўсёды заяўляла, што нарадзілася ў 1842 годзе. На самой справе, у 1841-м, дакументы аб хрышчэнні знойдзены. Што гаварылася аб тым, што Эліза настойвала на 1842-м? Што гэта чыста жаночы капрыз, што пісьменніца хацела быць маладзейшай. Але якая карысць ад таго, што ты маладзей на адзін толькі год?

Я заўважыла нестыкоўку ў датах яе вучобы ў Варшаўскім пансіёне і датах на магілах яе сястры і брата. Даты вучобы ўсюды падаюцца паводле ўспамінаў пісьменніцы: з 1852 па 1857 год. Я ўпэўнена, што на год раней: з 1851-га да 1856-га.

Эліза піша, што сястра Клемянціна памерла ў лютым 1852-га і ў пачатку лета бабуля адвезла Элізу ў Варшаву. Але на магільным помніку Клемянціны выбіты 1851-шы. А ў пансіён за ёй мама прыехала з яе брацікам Ясем Відацкім, які нарадзіўся, як піша Эліза, “за год да майго ад'езду ў пансіён”. І далей яна піша пра тое, што яе вяртанне дадому азмрочылася смерцю Ясіка. Але гады жыцця Яся Відацкага, калі верыць надпісу на помніку, 1950–1956. Дарэчы, вось чаму Элізу ў Варшаву павезла бабуля, а не мама, і вось чаму Францішка ні разу за пяць гадоў вучобы не наведала дачку: малодшае дзіця нарадзілася такім жа хваравітым, як і старэйшая дачка, і маці баялася пакінуць яго. Трэба яшчэ ведаць, што чыгунка ад Гродна да Варшавы з'явіцца толькі праз пяць з паловай гадоў пасля заканчэння вучобы Элізы, а карэтай трэба было ехаць трое сутак туды і трое назад.

Элізу аддалі ў пансіён, каб “сплавіць яе далей ад мамы, якая хацела працягваць маладзіцца”. Ніхто не бярэ ў разлік, што ў Францішкі было маленькае дзіця, а Эліза вельмі хваравіта перажывала смерць сваёй старэйшай сястры. Нервовая сістэма дзяўчынкі была да такой ступені разладжана, што яна, быццам бы пабачыўшы Клемянціну ў люстэрку і спалохаўшыся, увесь дзень не магла гаварыць. Яна лічыла, што кветкі на магіле сястры – гэта частка Клемянціны, і сарвала іх, размаўляла з імі, павесіўшы над ложкам, а потым, калі засохлі, зладзіла іх пахаванне. Дарослыя вырашылі, што дзяўчынцы трэба неадкладна змяніць абстаноўку, а заадно адправіць яе на вучобу – хатнюю адукацыю пані Францішка не лічыла дастатковай. Што гэта можа быць за абстаноўка, дзе можна было вучыцца дзяўчынцы ў яе час? Пансіён пры кляштары, дзе шмат дзяўчынак-аднагодак, – ідэальнае месца. Гэта была ідэя апекуна Элізы, Канстанціна Незабытоўскага, які незадоўга да таго ажаніўся як раз з выпускніцай Віленскага пансіёну пры кляштары сясцёр візітак і лічыў, што адукацыі і выхавання лепш, чым манастырскае, для жанчыны не знайсці.

Але пані Францішка аддала Элізу на вучобу не ў блізкую Вільню, а ў Варшаву, і за гэта яе таксама крытыкуюць. І зусім дарэмна. Так, Вільня бліжэй, але не было ў гэтым горадзе ніводнага сваяка ні ў Паўлоўскіх, ні ў Відацкіх, а ў Варшаве яны былі – там жыў брат дзеда па маці з вялікім сямействам, у якім была і аднагодка Элізы, дзяўчынка Яна, і маленькі хлопчык Францішак, які нагадваў Ясіка. Эліза мела магчымасць у святочныя і выходныя дні, калі дзяцей адпускалі з пансіёну, знаходзіцца ў сям'і. Вось чым, на маю думку, кіравалася мама Элізы. І нельга называць яе ні дэспатычнай, ні нячулай. Усе гэтыя абставіны, такія звычайныя, жыццёвыя, але вельмі істотныя, даследчыкі па нейкіх сваіх прычынах узялі і апусцілі.

d183d0b6d0b5-d181d0b5d0b3d0bed0b4d0bdd18f-d0b4d0b5d0bdd18c-d180d0bed0b6d0b4d0b5d0bdd0b8d18f-d18dd0bbd0b8d0b7d18b-d0bed0b6d0b5d188d0ba.png

Чаму Элізе трэба было змяніць даты? Хутчэй за ўсё, у сувязі з разводам з Пятром Ажэшкам. Эліза спрабавала развесціся на працягу двух з паловай гадоў і была ўжо на мяжы адчаю. У асабістай перапісцы яна не выдае дэталяў гэтай сітуацыі. Але адзін радок у лісце да Юзафа Сікорскага прымушае западозрыць, што менавіта тады пісьменніца вырашыла сябе “амаладзіць” на год. Радок гэты: “Метрыка мая не знойдзена”. Мне здаецца, яна “спецыяльна” не была знойдзена – у надзеі, што 1842 год нараджэння апынецца якімсьці аргументам: пры такой даце нараджэння на момант вяселля Элізе павінна быць не 16, а 15 гадоў. Хутчэй за ўсё, яна чаплялася за гэтую магчымасць – прызнанне шлюбу несапраўдным праз малалетні ўзрост. Але яна не думала, што будзе вядомай персонай у гісторыі, і што камусьці будуць цікавыя нават магілы яе родных, і што хтосьці заўважыць, што даты на іх не супадаюць з названымі ва ўспамінах.

Аўтар публікацыі: Яна Паляшчук.

Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.


Каментарыі карыстальнікаў:

Каментаванне даступна толькі зарэгістраваным карыстальнікам

Навіны

Віртуальная экскурсія ў аздараўленчым лагеры “Палітэхнік”

16 Жні 2019

15 і 16 жніўня ў аздараўленчым лагеры “Палітэхнік”, размешчаным у маляўнічым кутку Мінскага раёна, адбылася выязная віртуальная экскурсія з цыкла “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Рэсурсы віртуальнай чытальнай залы НББ для даследчыкаў-стажораў з Рэспублікі Узбекістан

14 Жні 2019

9 жніўня ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце адбылася прэзентацыя рэсурсаў віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (НББ) для даследчыкаў-стажораў з Рэспублікі Узбекістан.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Золак над апошняй магiстраллю

13 Жні 2019

Усе ведаюць гэтую цудоўную песню на музыку Iгара Лучанка. На слыху i iншыя – “А мне ў шчасце верыцца”, “Беларусачка”, “Нарачаначка”, якiя там-сям успрымаюцца як народныя. Але ў гэтых песень ёсць аўтар – паэт Алесь Ставер, якому 10 жніўня споўнiлася б 90 гадоў.

Навіны бібліятэк

Паўлюк Трус: паэт крыштальнай чысціні

14 Жні 2019

“Здароў, Паўлюк!” – так пачынаецца ліст Алеся Дудара да Паўлюка Труса. Гэтае маладое заліхвацкае вітанне і цяпер найлепш пасуе да аднаго з самых выбітных паэтаў-маладнякоўцаў, якому напачатку мая грукнула 115 гадоў.

Навіны бібліятэк

111