ГалоўнаяНавіныАўтарскі погляд
Новы выпуск зборніка “Здабыткі”
Сімвал беларускай нацыянальнай культуры

Культ чытання і чытальная дыктатура: раман Міхаіла Елізарава “Библиотекарь”

Культ чытання і чытальная дыктатура: раман Міхаіла Елізарава “Библиотекарь”
Іншыя навіны

Маргарыта Латышкевiч

Ёсць кнігі, якія чытаеш са змешанымі пачуццямі. У якія апускаешся павольна, як у цяжкія салёныя воды. Глава за главою – і з галавою. І быццам бы стыль цяжкаваты, і з аўтарскай пазіцыяй, выразна акрэсленай, не заўсёды (і не асабліва) згодны, і быццам бы градус абсурду нарастае, а вырвацца ніяк: зацягвае глыбінная сюжэтная плынь.

“Библиотекарь” Елізарава якраз такі.

Я натыкнулася на раман, шукаючы сярод шматколернай сучаснай прозы што-небудзь асабліва цікавае. Назва спадабалася, бо звонкае найменне прафесіі, вынесенае ў загаловак, міжволі набірае важкасці, абрастае эпічнасцю, ці што. Акрамя таго, раман трапіў у лонг-ліст прэміі “Русский Букер” за 2008 год, а гэта значыць, што тэкст даволі высока ацанілі эксперты. За меркаваннем экспертаў парой так зручна хавацца, маўляў, а я-та што? Вось аўтарытэтныя людзі лепш ведаюць. Тым не менш, нават самыя аўтарытэтныя крытыкі часам памыляюцца, таму тым цікавей знаёміцца з “прэміяльнымі” творамі. Намінацыя на любую прэмію, такім чынам, не столькі азначае высокую якасць якога-небудзь твора, колькі магчымую нагоду для роздуму. А таму кардынальна адрозныя меркаванні крытыкаў, “цягне на Букера ці не”, мяне асабіста не дужа цікавяць.

Бо ключавое пытанне, што варта задаваць адносна любой кнігі на свеце: варта чытаць або не?

“Быць або не быць?”. Толькі адносна чытацкага быцця.

Сюжэт рамана даволі просты. Існуюць кнігі цяпер забытага савецкага пісьменніка-франтавіка, якія валодаюць магічнымі ўласцівасцямі. Напрыклад, даюць на пэўны тэрмін радасць, неўспрымальнасць да болю, сілу пераканання і гэтак далей. Для атрымання гэтых магічных уласцівасцей чытач павінен выканаць некалькі ўмоў падчас чытання (у прыватнасці, прачытаць кнігу ўважліва і без перапынкаў). Галоўны герой (Аляксей Вязінцаў) аказваецца уцягнуты ў сутыкненне кланаў збіральнікаў такіх кніг, што дзейнічаюць употай, каб не прыцягнуць увагу грамадства да надзеленых сілай артэфактаў. Праз збег падзей герой узначальвае адзін з такіх кланаў, удзельнічае ў бітвах за вяршэнства, палітычных інтрыгах. У выніку ж герой, сабраўшы ўсе магічныя кнігі, атрымлівае неўміручасць. Становіцца адначасова жрацом і ахвярай, дзякуючы самаадрачэнню якой над усёй краінай ствараецца адмысловае ахоўнае “покрыва”, сатканае магіяй чытання.

Уласна, сам тэкст рамана з’яўляецца нататкамі галоўнага героя, дзе той метадычна ўпарадкуе вядомую яму інфармацыю пра магічныя кнігі, адначасова знаёмячы нас з мастацкім светам, яго міфалогіяй і тэрміналогіяй чытача. Першыя раздзелы даволі суха і энцыклапедычна выкладаюць гісторыю “чароўных” кніг і ўзнікнення варожых кланаў-“бібліятэк”. Надалей падаюцца своеасаблівыя дзённікавыя запісы галоўнага героя, дзе згаданы “энцыклапедызм” актуалізуецца і ажывае.

“Закадзіраваны падтэкст” кніг (дакладней, Кніг, бо ў рамане Елізарава яны сакралізуюцца) уздзейнічае на псіхіку чытача падобна гіпнозу – і адорвае суперздольнасцямі. Прачытанне ж усяго ўмоўнага “камплекта” адорвае чытача сапраўды богападобнымі якасцямі.

Уласна, што прыцягвае ў рамане, дык гэта менавіта сакралізацыя папяровай кнігі. Чытанне прыраўноўваецца да свяшчэннадзейства (а бібліятэкар, адпаведна, да жраца дадзенага “культа”), ваяўнічыя кланы чытальнікаў носяць святыя кнігі, нібы абразы, у кіётах, быццам знамёны. Сярэднявечны канцэпт недасяжных для неабазнаных ведаў накладваецца на даволі ярка намаляваную рэальнасць, сучасную аўтару. Наогул, аўтару ўласцівая грубаватая рэчыўнасць, нават фізіялагічнасць апісанняў. Гэтая прыземленасць своеасабліва спалучаецца з містычным элементам, мацней прывязвае фантастыку да рэчаіснасці. Зрэшты, ёсць і калянавуковае тлумачэнне, якое М. Елізараў укладвае ў вусны аднаго з персанажаў і якое зводзіцца да нейралінгвістычнага праграмавання.

Увогуле, вобраз галоўнага героя даволі адкрыта адсылае да прыкладаў папулярнага жанру фантастычных твораў – так званых гісторый пра “патрапленцаў”. Зразумела, Аляксей Вязінцаў не перасоўваецца ў чужы яму фэнтэзійны свет. Ягонае падарожжа і горад, у якім ён апынаецца, каб уступіць у правы спадчынніка, цалкам рэалістычныя. Аднак градус абсурднасці (і жорсткасці) паступова нарастае, Вязінцаў нечакана падключаецца да гульні тайнай суполкі, узначальвае яе, удзельнічае ў бітвах і інтрыгах. Як і навічок-“патрапленец”, які перамяшчаецца ў фантастычны свет, герой Елізарава паўстае фокуснай кропкай – персанажам, з якім чытачу прасцей сябе асацыяваць.

Сімвалічна, што ўсе кланы імкнуцца адшукаць страчаную Кнігу Сэнсу. Такая алюзія на пошукі сэнсу ў сучасным свеце. Сам аўтар гэты Сэнс (менавіта з вялікай літары) раскрывае ў эпізодах, звязаных з уздзеяннем Кнігі Памяці, у якіх ствараецца складаны міфалагічны канструкт на аснове нейкай абагульненай памяці аб СССР. Для М. Елізарава, па яго ўласным прызнанні, было важна “поговорить о той стране, где существовали какие-то другие ценности. Где практиковалась почти платоновская метафизика: важна была идея, а не её материальное воплощение”. І фантастычныя элементы аўтар разглядае як “ферменты, што палягчаюць страваванне” – пераварванне ідэі.

У чым жа тут сутнасць? Настальгія па савецкім дзяцінстве, па часе подзвігаў і “чорна-белым” выбары пранізвае памяць галоўнага героя. Настальгія па няздзейсненым расце з асобаснай непаўнавартаснасці, выкліканай недахопам вышэйшага Сэнсу, пошукамі якога занятыя ўсе “абазнаныя” персанажы ў кнізе. Непрыкаянасць Вязінцава да яго станаўлення ў якасці Бібліятэкара рэзка кантрастуе з ягонымі дзеяннямі пасля прыняцця пасады, а заключная Кніга Памяці, якую герой атрымлівае ў сваім зняволенні, прыводзіць яго да подзвігу ў імя чагосьці большага. Чытача ж, адпаведна, усё гэта падводзіць да думкі (незалежна ад чытацкага стаўлення да савецкай спадчыны): сучаснаму чалавеку таксама патрэбна вялікая Ідэя, нейкі грандыёзны Міф, якому хочацца верыць, дзеля якога варта (па-гамлетаўску) быць.

Што ж у выніку? Калі атрымаецца паспяхова прарвацца скрозь энцыклапедызм першых раздзелаў, калі не абурыць празмерна рамантызаваны вобраз слаўнага мінулага, калі не стомяць нуднаватыя і зацягнутыя сцэны бітваў – кніга, несумненна, захопіць. Сакралізацыя Кнігі і чытання як такога, несумненна, імпануе, ды і ў самым фінальным вобразе Вечнага Чытальніка, нягледзячы на гратэскнасць такога фіналу, ёсць абаяльнасць быліннай эпічнасці.

Ці варта чытаць “Библиотекаря”? Так. Не гарантую, што спадабаецца, але што прымусіць задумацца – гэта дакладна.

Навіны

Папулярызацыя рэсурсаў віртуальнай чытальнай залы НББ

30 Кас 2020

29 кастрычніка прайшоў анлайн-семінар віртуальнай чытальнай залы НББ для супрацоўнікаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Прафесійная сустрэча была прысвечана аднаму з самых актуальных пытанняў бібліятэчнага абслугоўвання ў сучасных умовах – выкарыстанню ліцэнзійных электронных інфармацыйных рэсурсаў.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

“Бу!”: даведнік па дамах з прывідамі ў літаратуры

30 Кас 2020

Што можа быць больш прывабным і адначасова страшным для чытача, чым дамы з прывідамі? За апошнюю сотню гадоў мы сталі сведкамі мноства сумных гісторый, дзе галоўныя героі заключаюць здзелку стагоддзя і купляюць дом, у якім яны самі – нечаканыя госці. Мара ператвараецца ў кашмар, а родныя сцены больш не здаюцца бяспечнымі. Прадстаўляем вам даведнік па самай містычна небяспечнай нерухомасці ў літаратуры!

Аўтарскі погляд

30 кастрычніка – 115 гадоў з дня нараджэння народнага мастака Беларусі, выдатнага скульптара Андрэя Ануфрыевіча Бембеля (1905–1986)

30 Кас 2020

Імя мастака добра вядома не толькі знаўцам беларускага мастацтва ХХ стагоддзя, але і шматлікім гасцям нашай краіны. Бо сярод найбольш вядомых турыстычных аб’ектаў мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, Курган Славы, манумент Перамогі ў Мінску і многае іншае, аўтарам або суаўтарам стварэння якіх з’яўляўся Андрэй Бембель.

Па старонках беларускага календара

Свабоднае праграмнае забеспячэнне для стварэння краязнаўчых рэсурсаў бібліятэк

29 Кас 2020

22 кастрычніка ў рамках VII Міжнароднага кангрэса “Бібліятэка як феномен культуры” Віктар Пшыбытка правёў анлайн майстар-клас “Выкарыстанне свабоднага праграмнага забеспячэння для стварэння краязнаўчых рэсурсаў бібліятэк”.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Захаванасць дакументаў як залог якаснага задавальнення чытацкіх запытаў

29 Кас 2020

Ва ўмовах дэфіцыту фінансавання, недахопу плошчаў для размяшчэння фондаў, зніжэння экзэмплярнасці закупляемых дакументаў, пагаршэння якасці паперы і спажывецкіх характарыстык выдавецкай прадукцыі ўзрастае пагроза зніжэння колькаснага і якаснага складу бібліятэчных фондаў. Без актыўнай працы па забеспячэнні захаванасці бібліятэчных фондаў значная частка дакументаў можа быць бязвыплатна страчана.

Навіны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

29 Кас 2020

Кожны год у канцы кастрычніка мы ўспамінаем сумную дату. У ноч з 29-га на 30-е ў 1937 годзе былі забіты некалькі дзясяткаў беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў... Сярод тых, хто загінуў у той жудасны час, ёсць адзін пісьменнік, сёлетні юбіляр, які ўвайшоў у гісторыю пад імем Янка Нёманскі. Давайце ўспомнім гэтага чалавека, а тым самым – усіх, хто быў забіты і не паспеў даспяваць свае песні.

Навіны бібліятэк

111